Мясцовыя дзіцячыя святы часта бываюць падобнымі адно да аднаго, але адміністрацыя сталічнага Фрунзенскага раёна пры актыўнай падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў і маладзёжнай каталіцкай місіі «Чыстае сэрца» падрыхтавалі для дзяцей сапраўднае відовішча.
Тут вам і невялічкі канцэрт, і паказальнае выступленне байцоў АМАПа, і дэманстрацыя спецсродкаў і тэхнікі. Паспелі школьнікі прымерыць бронекамізэльку, пастраляць у імправізаваным ціры з пнеўматычнай зброі, а таксама пасядзець за рулём сапраўднага міліцэйскага аўто.
Па-сапраўднаму горача было на спартыўнай пляцоўцы. А як жа інакш, калі за званне лепшага змагаліся ў спаборніцтвах па міні-футболе і ў рухавай эстафеце адначасова зборныя трох лагераў («Гарызонт», «Маяк» і «Купалінка»). Сваіх спартсменаў балельшчыкі падтрымлівалі рознакаляровымі плакатамі, крычалкамі, а нехта, як сапраўдны фанат, нават напісаў на твары назву свайго лагера. У выніку футбольных баталій пераможцамі сталі хлопцы з суседняга лагера «Маяк», якія атрымалі ад арганізатараў пераходны кубак. А напрыканцы свята школьнікаў чакала дыскатэка і феерверк.
—Мы заўжды падтрымліваем падобныя ініцыятывы і далучаемся да прапаганды здаровага ладу жыцця, — апавядае Віталь Янчын, начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў. — У «Купалінцы» свята ладзяць ужо другі год запар. Разам з іншымі тут адпачываюць дзеці з нядобранадзейных сем'яў. І ёсць прыклады, калі пасля вось такіх мерапрыемстваў яны пачынаюць займацца спортам, адкрываюць для сябе новыя захапленні і больш не здзяйсняюць правапарушэнняў.
—Якім будзе маладое пакаленне — такім і будзе наша грамадства, дзяржава, Касцёл, — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які таксама наведаў акцыю. — Святы Ян Павел ІІ казаў, што моладзь — гэта будучыня свету, будучыня Касцёла. Асабліва клапоцімся пра выхаванне цяжкіх падлеткаў. Мы хочам, каб чалавек развіваўся гарманічна. Спадзяюся, што такія спаборніцтвы будуць спрыяць кансалідацыі, гартаваць дзяцей як фізічна, так і духоўна.
Тарас ШЧЫРЫ. Фота аўтара.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.