Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка заклiкаў удзельнiкаў перамоў у Мiнску адкiнуць палiтычныя амбiцыi i падумаць пра лёс людзей
Пра гэта ён заявiў, адкрываючы сустрэчу прэзiдэнтаў краiн мытнай «тройкi», Украiны i высокiх прадстаўнiкоў Еўрасаюза, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адкрываючы сустрэчу, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што хацелася б сустрэцца з больш радаснай нагоды, чым цяперашнi парадак дня, але, на жаль, жыццё не пакiдае iншага выбару i сёння даводзiцца абмяркоўваць пытаннi, якiя, здавалася б, для Еўропы назаўжды засталiся ў мiнулым стагоддзi.
«На ўсходзе Украiны не спыняецца ваенны канфлiкт. Гiнуць нi ў чым не вiнаватыя мiрныя людзi. Знiшчаецца эканамiчная iнфраструктура багатай i квiтнеючай раней краiны. Сотнi тысяч бежанцаў вымушаныя пакiдаць родныя мясцiны. Цэлы рэгiён апынуўся на мяжы гуманiтарнай катастрофы. Гэта не кадры гiсторыi. Гэта наша сённяшняя рэальнасць», — канстатаваў кiраўнiк беларускай дзяржавы. «Цi можам мы абыякава глядзець на тое, што адбываецца? Вядома, не», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў перадгiсторыю мiнскай сустрэчы. Ён паведамiў, што падчас размовы ў дзень iнаўгурацыi Прэзiдэнта Украiны Пётр Парашэнка выказаў просьбу не спяшацца з увядзеннем санкцый з боку Мытнага саюза ў дачыненнi да Украiны ў сувязi з падпiсаннем ёю пагаднення аб асацыяцыi з Еўрасаюзам i папрасiў Прэзiдэнта Беларусi давесцi гэтую пазiцыю да прэзiдэнтаў Расii i Казахстана. Тады ж, па словах беларускага лiдара, Пётр Парашэнка прапанаваў правесцi сустрэчу i абмеркаваць усе iснуючыя пытаннi. «Я выканаў яго просьбу. Я далажыў сваiм калегам-прэзiдэнтам аб гэтай размове, пра яе змест. Меркаванне прэзiдэнтаў было аднадушным: збiраемся ў Мiнску i прапануем усiм зацiкаўленым бакам прыняць удзел у гэтай сустрэчы», — сказаў кiраўнiк беларускай дзяржавы. Ён звярнуў увагу на тое, што пры яе падрыхтоўцы адбыўся не адзiн раўнд кансультацый на ўзроўнi кiраўнiкоў дзяржаў i экспертаў, у тым лiку з высокiмi службовымi асобамi Еўрапейскага саюза. «Перакананы, што нiхто з прысутных у гэтай зале не хоча атрымаць выгаду з цяперашняй сiтуацыi. Ды i было б блюзнерствам паступiць такiм чынам», — адзначыў кiраўнiк беларускай дзяржавы.
«Нашы народы даверылi нам, прэзiдэнтам, свае лёсы. А што мы павiнны зрабiць у адказ на гэты давер? Замест дымлiвых труб фабрык i заводаў пакiнуць дымныя руiны i папялiшчы, як гэта адбываецца цяпер? Кiнуць нашых людзей на слёзы i пакуты? Думаецца мне, напакутавалiся ў мiнулым. Калi мы хочам, каб нас лiчылi адказнымi палiтыкамi, то мы павiнны цалкам усвядомiць груз адказнасцi перад нашымi народамi, адкiнуць палiтычныя амбiцыi, не шукаць якiх-небудзь дывiдэндаў, падумаць пра лёс звычайных, простых людзей, старых, дзяцей, пра тых, хто плача, хто пакутуе, i пра загiнулых», — падкрэслiў Прэзiдэнт Беларусi.
На перамовах у Мiнску няма пасрэднiкаў, усе вельмi зацiкаўлены ў нармалiзацыi сiтуацыi ў цэнтры Еўропы, заявiў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, удзел у мiнскай сустрэчы двух намеснiкаў старшынi Еўрапейскай камiсii Кэтрын Эштан i Гюнтэра Этынгера, а таксама еўракамiсара па пытаннях гандлю Карэла дэ Гюхта сведчыць аб высокай зацiкаўленасцi Еўрасаюза ў рашэннi праблем, якiя абмяркоўваюцца. Прэзiдэнт Беларусi лiчыць, што прысутнасць на сустрэчы Прэзiдэнта Казахстана сведчыць аб тым, што падзея ў цэнтры Еўропы хвалюе ўжо не толькi еўрапейцаў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства Прэзiдэнта Расii Уладзiмiра Пуцiна папрасiлi даць разгорнутую iнфармацыю па пагадненнi аб асацыяцыi Украiны з Еўрапейскiм саюзам i магчымых наступствах яго прымянення для краiн Мытнага саюза. Прэзiдэнт Расii даручыў экспертам падрыхтаваць дадзеную iнфармацыю, якiя старанна прапрацавалi гэтыя пытаннi. «Словам, сёння за круглым сталом няма пасрэднiкаў, тут няма лабiстаў, авантурыстаў. Тут сабралiся людзi, вельмi зацiкаўленыя ў нармалiзацыi сiтуацыi ў цэнтры Еўропы», — канстатаваў кiраўнiк беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што Беларусi, якая страцiла ў гады Другой сусветнай вайны кожнага трэцяга жыхара, вельмi не абыякава, што адбываецца ў цэнтры Еўропы. Як Прэзiдэнт краiны, якая старшынствуе ў СНД, ён перадаў асаблiвую заклапочанасць кiраўнiкоў дзяржаў Садружнасцi адносна падзей, якiя адбываюцца. Першарадная задача сёння — любой цаной спынiць кровапралiцце, заявiў Прэзiдэнт Беларусi. «Сёння самае жудаснае тое, што слова «вайна» зноў увайшло ў паўсядзённы ўжытак звычайнага еўрапейца, палiтыка. Розум адыходзiць на другi план. Усе цi большасць праблем спрабуюць вырашыць праз прыцэл аўтамата. Раней гэта было далёка, дзесьцi на iншых кантынентах, у iншых рэгiёнах. Сёння гэта адбываецца ў нашым агульным доме», — сказаў беларускi лiдар.
«Але ж мы ўсе еўрапейцы. Што нам дзялiць у нашай агульнай сям'i? Мы павiнны зрабiць усё магчымае, каб гэты дом не развалiўся. Першарадная задача — любой цаной спынiць кровапралiцце, дамагчыся мiру. Вайна — гэта шлях у нiкуды, гэта тупiк, выбрацца з якога надзвычай складана», — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка.
«Спiраль узаемных абвiнавачванняў, ультыматумаў, санкцый, якая раскручваецца, пагражае тым, што новыя раздзяляльныя лiнii пройдуць ужо не на паперы, а стануць рэальнымi глыбокiмi ранамi на целе Еўропы. А гэта — далейшая эскалацыя напружанасцi, якая можа прывесцi да незваротных наступстваў для ўсяго кантынента», — лiчыць кiраўнiк беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сустрэча ў фармаце Мытны саюз—Украiна—ЕС праходзiць упершыню. «Сам факт таго, што мы селi за стол перамоў, дарагога каштуе», — адзначыў беларускi лiдар. Прэзiдэнт Беларусi выказаў глыбокае перакананне, што вырашэнне эканамiчных рознагалоссяў таксама будзе спрыяць урэгуляванню сiтуацыi ва Украiне. Ён лiчыць неабходным максiмальна канструктыўна папрацаваць у гэтым кiрунку. «Спадзяюся i веру, што гэтая сустрэча стане iмпульсам да эфектыўнага дыялогу па пошуку кампрамiсу выпрацоўкi рэальных крокаў як па нармалiзацыi сiтуацыi ў нашай Украiне, так i па ўзаемадзеяннi ў маштабах усёй Еўропы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэслiў, што Беларусь гатовая ў любы час прыняць у сябе наступныя раўнды перамоваў, калi гэта будзе неабходна.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сустрэчу ў Мiнску асвятляюць каля 170 журналiстаў, якiя прадстаўляюць 72 сродкi масавай iнфармацыi з двух дзясяткаў краiн. «Народы Еўропы, палiтыкi многiх краiн чакаюць хоць бы пазiтыўных сiгналаў з Мiнска», — сказаў Прэзiдэнт Беларусi.
Прэзiдэнт Расii Уладзiмiр Пуцiн, выступаючы на сустрэчы прэзiдэнтаў Беларусi, Казахстана, Расii, Украiны i высокiх прадстаўнiкоў ЕС, заявiў, што сукупная шкода эканомiцы Расii ад рэалiзацыi пагаднення аб асацыяцыi Украiны з ЕС можа скласцi больш за 100 млрд расiйскiх рублёў. Ён лiчыць, што з-за абнулення Украiнай пошлiн на iмпарт з ЕС адбудзецца значны рост паставак еўрапейскiх тавараў на ўкраiнскi рынак, гаворка iдзе пра 98% таварнай наменклатуры. «Пад ударам апынуцца цэлыя сектары нашай прамысловасцi i АПК», — падкрэслiў Прэзiдэнт Расii. На яго думку, страты будуць таксама ў Беларусi i Казахстана.
Уладзiмiр Пуцiн таксама лiчыць, што «менш канкурэнтаздольная ўкраiнская прадукцыя будзе выцясняцца на рынак Мытнага саюза, у большай ступенi на расiйскi рынак». «Нельга скiдаць з рахункаў таксама рызыку супрацьзаконнага рээкспарту на агульны рынак Мытнага саюза прадукцыi краiн ЕС пад выглядам украiнскiх тавараў», — сказаў ён. Паводле слоў Уладзiмiра Пуцiна, Расiя ў гэтай сiтуацыi не можа бяздзейнiчаць.
Аднак, заявiў Прэзiдэнт Пуцiн, Расiя выступае за нарошчванне эканамiчнага ўзаемадзеяння з Украiнай. «На наш погляд, было б мэтазгодна не толькi захаваць, але i iстотна нарасцiць узаемадзеянне», — падкрэслiў расiйскi кiраўнiк. Разам з тым ён усумнiўся ў магчымасцi дабiцца гэтага, калi запрацуе пагадненне аб асацыяцыi Украiны з ЕС. Расiя неаднаразова адзначала, што прыняцце Кiевам усiх патрабаванняў, якiя змяшчаюцца ў пагадненнi, непазбежна адмоўна адаб'ецца на аб'ёмах дынамiкi гандлёва-iнвестыцыйнага супрацоўнiцтва ў Еўразiйскiм рэгiёне, падкрэслiў Уладзiмiр Пуцiн. Таму, паводле яго слоў, фармат перамоў Мытны саюз — Украiна з удзелам прадстаўнiкоў Еўрапейскага саюза з'яўляецца добрай магчымасцю для абмеркавання наступстваў асацыяцыi Украiны з ЕС i наступнага супрацоўнiцтва з еўразiйскай «тройкай». «Расiя паважае i будзе паважаць суверэнны выбар любога народа, любой краiны ў арганiзацыi ўласнага палiтычнага жыцця, у арганiзацыi саюзаў — ваенных, эканамiчных, — адзначыў расiйскi лiдар. — Спадзяёмся, гэта будзе адбывацца не ў шкоду iншым удзельнiкам мiжнародных зносiн i не за наш кошт».
Уладзiмiр Пуцiн таксама падкрэслiў, што Украiна цесна iнтэграваная ў эканамiчную прастору СНД. Па сутнасцi, разам з Расіяй, Беларуссю, Казахстанам яна з'яўляецца неад'емнай часткай найбуйнейшага ў свеце адзiнага гаспадарчага комплексу. «Кампанii нашых краiн напрацавалi цесныя кааперацыйныя сувязi ва ўсiх базавых галiнах. I гэта не павiнна быць страчана», — дадаў ён.
Па словах Нурсултана Назарбаева, Казахстан гатовы аказаць гуманiтарную дапамогу паўднёваму ўсходу Украiны. «Я лiчу, што неабходна дапамагаць усёй Украiне. Калi будзе гуманiтарны канвой, мы гатовы казахстанскi Чырвоны Крыж падключыць», — сказаў Назарбаеў.
Ён таксама выказаў надзею на мiрнае вырашэнне канфлiкту. Паводле яго слоў, калi далей сiтуацыя будзе накаляцца, гэта можа прывесцi да глабальнага сутыкнення. «Сiтуацыя ва Украiне дасягнула крытычнай кропкi i можа прывесцi да непапраўных вынiкаў. Дасягненне мiрнага ўрэгулявання па ўкраiнскiм пытаннi немагчыма без узаемных кампрамiсаў», — лiчыць кiраўнiк Казахстана. Нурсултан Назарбаеў падкрэслiў, што мiжнародная супольнасць павiнна садзейнiчаць таму, каб ва Украiне ўсталяваўся мiр. Казахстанскi лiдар падкрэслiў, што неабходнасць сустрэчы ў Мiнску наспела, ёй папярэднiчала серыя кантактаў i перамоў на вышэйшым узроўнi. Ён высока ацанiў мерапрыемства, якое адбылося ў Мiнску: «Гэта можа стаць добрай асновай для хутчэйшага ўсталявання мiру ва Украiне. Важна замацаваць добрыя тэндэнцыi».
Прэзiдэнт Украiны Пётр Парашэнка лiчыць, што сёння ў Мiнску вырашаецца лёс свету i Еўропы. «Мэта майго прыезду ў Мiнск — спынiць кровапралiцце i пачаць працэс пошуку палiтычнага кампрамiсу», сказаў ён. Парашэнка перакананы, што яго мiрны план урэгулявання сiтуацыi на Украiне застаецца актуальным. Ён звярнуўся да лiдараў яшчэ раз «паглядзець гэты план i прыняць яго». Пётр Парашэнка таксама прапанаваў дамовiцца аб стварэннi манiторынгавай групы, якая будзе манiторыць рэальны ўрон для МС ад асацыяцыi Украiны з ЕС. «Сёння мы можам дамовiцца аб стварэннi манiторынгавай групы, якая будзе манiторыць рэальны, а не гiпатэтычны магчымы ўрон, — сказаў Парашэнка. — I пасля таго, як гэты ўрон будзе зафiксаваны, пагаварыць пра механiзмы кампенсацыi або абароны».
Па ацэнцы Парашэнкi, гандлёвы абарот з Мытным саюзам упаў на 30%. «Гэта з'яўляецца нявыгадным як для Украiны, так i для нашых партнёраў з МС», — адзначыў ён. «Нi ў якiм разе нельга дапусцiць далейшых пагаршэнняў умоў гандлю», — падкрэслiў прэзiдэнт Украiны.
Прэзiдэнт Украiны таксама запрасiў ЕС i Мытны саюз да ўдзелу ў канферэнцыi донараў Украiны восенню 2014 года. «Ужо сёння мы разглядаем варыянты постканфлiктнага развiцця рэгiёна (Данбаса), i мiжнародная супольнасць заяўляе пра гатоўнасць дапамагчы Украiне ў адпаведных намаганнях, — адзначыў Парашэнка. — Нашы замежныя партнёры гатовы зрабiць канкрэтныя прапановы ў ходзе мiжнароднай донарскай канферэнцыi, якая запланавана на восень гэтага года».
Вярхоўны прадстаўнiк ЕС па замежных справах i палiтыцы бяспекi, намеснiк старшынi Еўрапейскай камiсii Кэтрын Эштан адзначыла важную ролю Беларусi ў правядзеннi сустрэчы ў Мiнску па пытаннях урэгулявання сiтуацыi ва Украiне. «Перш за ўсё, дзякуй за праяўленую iнiцыятыву па правядзеннi гэтай сустрэчы, — падкрэслiла Кэтрын Эштан. — Гэта важнае мерапрыемства, каб сканцэнтраваць увагу на падзеях, якiя адбываюцца ва Украiне. I вельмi важна, каб кiраўнiкi краiн рэгiёна маглi быць уцягнутымi ў гэты дыялог».
«Наша пазiцыя выразная: мы падтрымлiваем выбар Украiны, шлях, па якiм iдзе ўкраiнскi народ», — падкрэслiла яна, дадаўшы, што для Украiны важна мець добрыя адносiны са сваiмi суседзямi i краiнамi ЕС.
Перамовы прэзiдэнтаў краiн-членаў Мытнага саюза, Украiны i прадстаўнiкоў Еўрапейскага саюза працягвалiся ўчора ў Палацы Незалежнасцi ў Мiнску каля 4 гадзiн. Сустрэча была працягнута ў фармаце рабочага абеду. Акрамя таго, адбыўся шэраг двухбаковых сустрэч.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.