Вы тут

Цуд глыбоцкай падковы


Карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з кавалём, пра якога нават фільмы здымаюць

Каваль з Глыбокага Дзяніс Дубіна — адзіны класічны майстар сваёй справы на ўсю акругу. Яго кузня сёння, у прынцыпе, нічым не адрозніваецца ад тых, якія былі ў старадаўнія часы на Беларусі. Сакрэты майстэрства Дзяніс пераняў ад свайго бацькі — славутага майстра Аляксандра Сяргеевіча Дубіны, які быў віцэ-прэзідэнтам Саюза кавалёў СССР, узнагароджаны знакам ВЦСПС «За дасягненні ў самадзейным мастацтве», лаўрэатам другога Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці...

Памяць у метале

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Журналісцкая ўдача звяла мяне з Дзянісам Дубінам у цэнтры Глыбокага, дзе на гарадскім свяце працаваў «Горад майстроў». Многім хацелася купіць на памяць падкову з надпісам, які рабілі на іх вачах, а таксама манету. Самыя рашучыя прасілі даць ім невялічкі майстар-клас і працавалі разам з кавалём.

— Я — каваль, як і мой бацька. Мы — тутэйшыя: бацька родам з вёскі Запруддзе Глыбоцкага раёна, я ў райцэнтры жыву. Канешне, яшчэ ў дзяцінстве мне было цікава назіраць за тым, як працаваў бацька. Кузня ж была побач з домам. Калі крыху падвучыўся, сяброў вадзіў туды і настаўнікам у іх быў, — расказвае Дзяніс.

Бацька яго спачатку закончыў Віцебскі політэхнічны тэхнікум, а потым навучаўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце на аддзяленні па мастацкай апрацоўцы металу. Працаваў майстрам на кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Мог, вядома, застацца ў вялікім горадзе. Але ў 1975 годзе вярнуўся на малую радзіму. Гадоў дванаццаць працаваў на Глыбоцкім малочнакансервавым заводзе мастаком-афарміцелем.

— Пры заводзе была кузня. Бацька, каб стаць сапраўдным майстрам, хадзіў па вёсках, знаёміўся з дзядулямі, якія калісьці працавалі кавалямі. На жаль, кавальская справа на той час была амаль што згублена. Кавалёў мала засталося, кузні закінулі. Ды і зараз... Атрымалася так, што бацька пачаў адраджаць гэтае рамяство. Інструменты нікому не патрэбныя збіраў, аднадумцаў шукаў.

У гады перабудовы якраз дазволілі рэгістраваць кааператывы. І бацька ў 1988 годзе зарэгістраваў такі — «Дэкор» — па мастацкай коўцы і разьбе па дрэве. З дрэвам, пагадзіцеся, метал добра спалучаецца. Запрасіў некалькі чалавек з завода: зваршчыкаў, токараў, слесараў. Бацька дом будаваў і каля яго арганізавалі кузню. Працавалі і ў арэндаваным будынку, які потым выкупілі. Займаліся афармленнем дамоў культуры, бібліятэк, касцёлаў, праваслаўных храмаў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У прамяць аб бацьку, якога, на жаль, не стала 11 гадоў таму, Дубіна-малодшы зрабіў помнік. Каваль у метале — добрая памяць пра чалавека з «залатымі рукамі».

Зараблялі па 500 савецкіх рублёў

Кааператыў дзейнічаў паспяхова. Калі ў той час зарплата ў 300 рублёў лічылася вельмі добрай, кавалі і рэзчыкі па дрэве ў кааператыве зараблялі па 500-600 рублёў штомесяц.

— Грымелі на ўсю краіну. Адкуль толькі да нас не прыязджалі! Сярод знакамітых гасцей быў, напрыклад, польскі касманаўт. Па ініцыятыве бацькі ў ліпені 1990 года ў Глыбокім праводзілася Беларускае свята кавальскага майстэрства памяці паэта-каваля Паўлюка Багрыма. Падобнае свята адбылося і налета. А многія ж лічаць, што першы кавальскі фэст адбыўся ў Дудутках і на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Не, у нас! Тады ж і «базару» наогул не было.

У сярэдзіне 1990-х бацька стаў вольным мастаком, індывідуальным прадпрымальнікам. Мне пашчасціла працаваць з ім.

Аднойчы прыехаў да нас малады ксёндз і прызнаўся, што сам хацеў бы стаць кавалём, нават кузню стварыў бы... Папрасіў зрабіць вароты незвычайныя: на першы погляд, быццам бы простыя, але каб вузлы адмысловыя каваныя былі. Мы доўга рабілі — месяцы тры, калі не памыляюся. Акрамя варотаў, яшчэ і брамкі зрабілі, — успамінае каваль. Што тычыцца ўнікальных заказаў, то кожны, калі размова ідзе пра мастацкі выраб, па-свойму непаўторны.

Мне не сорамна за свае працы. Кожную рабіў ад душы. Мне часам кажуць: чаму, маўляў, пальчаткі не надзяваеш і без спецыяльных акуляраў працуеш? Я павінен тое, што раблю, адчуць рукамі і ўбачыць, каб нічога не перашкаджала. Працую па-старому. Фільмы сюды прыязджаюць здымаць пра старадаўнія беларускія гарады і пра маю кузню. Драўляная ў мяне кузня — звычайная, горан і кавадла, усё, як некалькі стагоддзяў таму.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Дарэчы, у сярэдзіне 1990-ых гадоў студыяй «Беларусьфільм» быў зняты дакументальны фільм пра глыбоцкіх майстроў (у тым ліку і пра бацьку Дзяніса) «Меч і ружа».

— Часцей за ўсё да мяне прыходзяць і просяць адрамантаваць сельскагаспадарчы інвентар — напрыклад, плуг. Людзі кажуць, што я, аказваецца, адзін каваль на ўвесь раён. Калі зубіла нейкае паправіць, таксама да мяне. Падкову для каня зрабіць? Калі ласка. А ў вольны час — мне гэта вельмі падабаецца — мячы раблю. Так, вывучаю гісторыю, збіраю халодную зброю: нажы, мячы. Бывае, убачу нешта цікавае і аналагічнае раблю — мне гэта сапраўды даспадобы, — прызнаўся Дзяніс Дубіна.

Аднойчы падчас міжнароднага фестывалю мастацтваў да яго ў «Горадзе майстроў» падышлі хлопец і яго цяжарная спадарожніца.

Хлопец папрасіў прадаць падкову. А каваль падарыў яе жанчыне.

— Прыкладна гадоў праз дзесяць сустрэліся зноў на фестывалі. Той хлопец сказаў: «Я стаў кавалём! Не паверыш, калі ты маёй жонцы падарыў падкову, я задумаўся: можа, і мне паспрабаваць заняцца кавальскай справай? Працаўладкаваўся на фірму, дзе робяць вырабы з металу, і вырашыў стаць кавалём». А калі мы пазнаёміліся, здаецца, яшчэ не былі жанатыя. Ажаніліся! Можна сказаць, з маёй падачы, — здзівіў сваім расказам суразмоўца.

У самога Дзяніса Дубіны два сыны: старэйшаму 10 гадоў, малодшаму хутка споўніцца год. Будзе каму працягнуць кавальскую справу! А ў Глыбоцкім музеі можна ўбачыць насамрэч цудоўныя творы яго бацькі, фотаздымкі...

Аляксандр ПУКШАНСКІ,

Глыбокае — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».