У Мінскай вобласці ахвотным прадастаўляюць участкі для будаўніцтва ў сельскай мясцовасці
Прайшоў час, калі людзі ставіліся да зямлі абыякава, лічылі яе нічыйнай. Сёння наша псіхалогія змянілася: кожны гараджанін хоча займець домік на прыродзе, асабліва ў прыгараднай зоне, каля сталіцы. Надышоў час удасканаліць механізм выдзялення зямельных участкаў, зрабіць яго празрыстым і зразумелым, выключыць магчымасць махінацый пры размеркаванні зямлі, урэгуляваць пытанні асвойвання ўчасткаў. Не сакрэт, што многія ўладальнікі гадамі не могуць завяршыць будаўніцтва. Ёсць і такія, хто, на хуткую руку ўладкаваўшы на выдзеленым надзеле «птушнік», прадае «маёмасць» за вялікія грошы. На Міншчыне ўзмацнілі кантроль за выдзяленнем зямельных участкаў
як на абласным, так і на раённых узроўнях.
На тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў Міншчыны падабрана 2600 гектараў зямлі для прыкладна 13600 участкаў. Сярод іх ёсць, так бы мовіць, нічыйная зямля: пустыркі, свабодныя плошчы, якія гадамі зарасталі бур'яном ды пустазеллем. Для іх забудовы неабходна аформіць адпаведную дакументацыю. Работа ў гэтым кірунку працягваецца, расказаў старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі.
—Мала выявіць такія ўчасткі. Сёння старшыні сельскіх Саветаў разам з землеўпарадкавальнымі службамі раёнаў робяць іх замер, вызначаюць, ці можна на гэтым месцы паставіць дом, — патлумачыў ён.
У Мінскай вобласці ў спісах на атрыманне жыллёвых участкаў значыцца 32750 чалавек, з якіх 31671 мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Але ж 21358 грамадзян з іх стаяць на чарзе на выдзяленне ўчасткаў менавіта ў Мінскім раёне. Вядома, у прысталічным рэгіёне няма столькі свабодных надзелаў, каб усіх задаволіць. Таму чаргавікам прапануюць зямлю ў раёнах, якія мяжуюць з Мінскім: Дзяржынскім, Пухавіцкім, Лагойскім, Уздзенскім, Валожынскім. Калі чалавек адмаўляецца, то яго здымаюць з чаргі.
—Мінскі раён — суцэльная «будаўнічая рана», — канстатуе мой суразмоўца. — Куды ні кінь вокам, абавязкова ўбачыш падмуркі ці часткова забудаваныя «пятачкі». На астатняй тэрыторыі — пустазелле, беспарадак, безгаспадарчасць. І гэтае будаўніцтва цягнецца гадамі. Таму прынята рашэнне больш не выстаўляць тут пляцоўкі на аўкцыён, а даць людзям магчымасць закончыць будаўніцтва на працягу трох гадоў.
Калі гэта не будзе зроблена, сельскія Саветы маюць права зямлю пераразмеркаваць: забраць праз суд і аддаць іншаму гаспадару. Калі ж уладальнік участка ўзвёў фундамент, але не паспеў пабудавацца з‑за недахопу фінансавых сродкаў, то павінен яго закансерваваць на тэрмін да 7 гадоў. Прычым з дазволу органаў выканаўчай улады. Але гэта дазваляецца ў выключных выпадках.
— А раптам чалавек не хоча ўзводзіць капітальны дом? Паставіў невялічкую хаціну, збітую з дошак — і добра, — удакладняю ў Івана Ліпніцкага.
— На дачным участку гэта дапушчальна — тым не менш збудаванне, хоць і невялікае па памерах, павінна мець належны эстэтычны выгляд. У межах жа сельскага населенага пункта гэта павінен быць дыхтоўны будынак. Сёння мы правяраем аграгарадкі і бачым шмат архітэктурных кантрастаў: прыгожыя дагледжаныя домікі, пабудаваныя па праграме развіцця вёскі, і непрывабныя хаты. Зразумела, што нашы вёскі будаваліся даўно, у тым ліку і ў пасляваенныя часы. Але справа не ў памеры сялянскіх хат, а ў іх выглядзе. Жывуць тут людзі працаздольнага ўзросту, моладзь, але не ўтрымліваюць у належным парадку ні свой двор, ні пабудовы: непафарбаваныя, крывыя агароджы, неадрамантаваныя дахі. Архітэктар мае права такіх нядбайных гаспадароў прыцягнуць да адказнасці. Мы ж, у сваю чаргу, абавязалі старшынь сельскіх Саветаў абмеркаваць усе гэтыя пытанні на сесіях і разам з дэпутатамі правесці работу з насельніцтвам па навядзенні парадку не толькі на сваіх падворках, але і на прылеглых тэрыторыях, на вуліцы, — адзначыў Іван Ліпніцкі.
Сёлета ў раёнах Мінскай вобласці праведзена 165 аўкцыёнаў па продажы зямельных участкаў у прыватную ўласнасць. У выніку грамадзяне купілі 648 участкаў. На бліжэйшы час будзе выстаўлена на продаж яшчэ 111 участкаў. Некаторыя з іх ужо праходзілі праз аўкцыён не адзін раз, але не знайшлі свайго пакупніка. Гэтыя ўчасткі знаходзяцца ў асноўным у раёнах, дзе колькасць незанятых свабодных надзелаў перавышае колькасць ахвотных набыць іх для будаўніцтва.
— Разам з тым, на правядзенне аўкцыёнаў і размяшчэнне аб'яў у сродках масавай інфармацыі затрачаны бюджэтныя сродкі, — кажа старшыня Мінаблсавета. — У далейшым плануецца актыўна фарміраваць зямельныя ўчасткі для правядзення таргоў у раёнах, дзе яны больш запатрабаваны. Мяркуецца таксама выяўляць патэнцыяльна перспектыўныя населеныя пункты, дзе ёсць азёры, рэкі, лясы і куды ахвотна ідуць людзі.
Гэта, напрыклад, Уздзенскі раён, дзе можна набыць 10–15 сотак зямлі за 120 млн рублёў, Лагойскі раён — 57 млн рублёў, Чэрвеньскі раён — 78 млн рублёў. Тут прыгожая прырода, лясныя масівы, вадаёмы. Словам, усе ўмовы для палявання, рыбалкі ды і проста адпачынку. Пры гэтым землекарыстальнікі павінны будуць прыступіць да будаўніцтва ў вызначаны заканадаўствам тэрмін.
На старшынь сельскіх Саветаў ускладзена адказнасць працаваць у гэтым плане з насельніцтвам. Разам з тым, аблвыканкам і абласны Савет дэпутатаў прапанавалі раз у месяц у кожным сельсавеце прыводзіць у парадак адзін населены пункт.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.
Паводле ўказа Прэзідэнта Беларусі № 387, з 2015 года ўводзіцца забарона на стварэнне ў прыгараднай зоне Мінска новых садовых таварыстваў і дачных кааператываў. Свабодныя зямельныя ўчасткі ў таварыствах будуць прадастаўляцца выключна на аўкцыёнах.
З 1 студзеня 2015 года таксама забараняецца здзяйсняць здзелкі з участкамі, якія выдзелены ў прыгараднай зоне Мінска і абласных цэнтраў для вядзення калектыўнага садаводства, і размешчанымі на іх аб'ектамі нерухомасці да заканчэння 5 гадоў з дня дзяржаўнай рэгістрацыі ўзнікнення правоў на такія ўчасткі.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.