З вясковага турыстычнага бізнесу можна жыць, калі гэтым усур'ёз займацца», — лічыць Анатоль Мініч, гаспадар сядзібы «Азёрная жамчужына»
«Азёрная жамчужына» ў Пінскім раёне — сядзіба па ўсіх мерках сярэдняя. Яна не ўражвае шыкоўнымі пабудовамі з натуральнага дрэва, ландшафтамі, зробленымі спецыялістамі-дызайнерамі, ці сучаснымі інтэр'ерамі, стылізаванымі пад даўніну. Тут усё даволі сціпла, але акуратна, прыгожа, зроблена сваімі рукамі, з любоўю. У двары шмат кветак, а замест прывычных ужо туй абапал дарожак растуць кусты ядлоўцу, якім гаспадыня сядзібы па-майстэрску надае акруглую форму.
Агратурызмам Галіна і Анатоль Мінічы займаюцца ўжо добрыя пяць гадоў. Раней яны жылі і працавалі ў Пінску. У Заазер'і купілі домік пад дачу. Ездзілі сюды, як і ўсе, на выхадныя, садзілі агарод ды кветкі. Потым даведаліся, што прыняты адпаведны ўказ, што многія заняліся арганізацыяй адпачынку ў вёсцы, — расказвае Анатоль. Падумалі неяк з жонкай, параіліся і рашылі паспрабаваць. Тым больш, што такую прыгажосць нельга не паказаць людзям.
І праўда, месца, дзе знаходзіцца дом Мінічаў, асаблівае. Іх дом крайні на вуліцы Вясёлай. Стаіць ён на ўзвышшы. А ўнізе — маляўнічае шырокае возера Гарадзішчанскае. Звесткі пра гэта возера ёсць у адным з летапісаў 1464 года, — ганарыцца Анатоль. А вада ў ім — чыстая, бераг пясчаны. У спёку тут да сотні, а то і больш адпачывальнікаў збіраецца. Вокны спальных пакояў выходзяць якраз на возера. Для аматараў прыроды лепшага месца не прыдумаеш — хоць карціны пішы.
Дык вось пяць гадоў таму Мінічы ўзялі крэдыт і пачалі добраўпарадкаваць сядзібу. Паступова з'явіліся лазня, невялікая прыбудова з двума спальнымі пакоямі, кампактная банкетная зала, більярд. Для малых гасцей у двары разгортваецца батут, басейн, ёсць арэлі.
—Пражыванне ў нас каштуе 100 тысяч рублёў на чалавека ў дзень, — расказвае Анатоль Мініч. З дзяцей да 10 гадоў за пражыванне не бяром. Расцэнак на харчаванне быць не можа, бо госці замаўляюць рознае. Адзін просіць, умоўна кажучы, чай з бутэрбродам, другому трэба паўтара кілаграма мяса і міску салаты. Але цэны ставім разумныя. Пражыванне ў нас увогуле недарагое. Калі сюды трапляюць камандзіровачныя, то здзіўляюцца: у гасцініцы такіх расцэнак ужо няма.
За арэнду сваёй банкетнай залы мы бяром 1,5 мільёна за суткі. Многім гэта выгадна. Прыязджаюць як на карпаратывы, так і на сямейныя святы. Напрыклад, на другі дзень вяселля невялікай кампаніяй, — працягвае гаспадар.
Для таго, каб прапанаваць дэмакратычныя расцэнкі, тут стараюцца эканоміць на ўсім. Напрыклад, дызайнер з горада прапанавала ўпрыгожыць банкетную залу за два з паловай мільёны рублёў. Тады дачка Мінічаў купіла ў краме льняной тканіны, сама прыдумала эскізы, пашыла дэкор, змайстравала кветкі. Атрымалася сціпла, але прыгожа і ў разы танней. Гасцям падабаецца.
За год ў «Азёрнай жамчужыне» адпачывае 300–400 чалавек, калі не лічыць карпаратывы. Найбольш бывае наведвальнікаў з Расіі. Адпачывалі тут і з Украіны, Казахстана, Прыбалтыкі, Германіі; былі госці нават з Амерыкі — са штата Каларада. Гэтым летам гасцявалі італьянцы, абяцалі яшчэ прыехаць.
Першыя гады Анатоль з Галінай працавалі на асноўнай рабоце, а сядзібай займаліся толькі ў вольны час. Цяпер абое працу пакінулі і засяродзіліся на сваім турыстычным бізнесе і добраўпарадкаванні сядзібы.
—Для таго каб развіваць сельскі турызм, у нас усё ёсць, — лічыць Анатоль, спасылаючыся на ўказ № 372. Пры цяперашняй сітуацыі з гэтага можна жыць, калі не ленавацца. Праўда, апошнім часам з размоў з калегамі Мініч даведаўся, што крэдыт узяць стала вельмі складана. Паводле яго меркавання, трэба дазволіць розным банкам (напрыклад, камерцыйным) крэдытаваць развіццё сельскага турызму. Калі ён сам афармляў крэдыт, зрабіць гэта было нашмат прасцей.
Гаспадар «Азёрнай жамчужыны» лічыць, што не ўсе могуць займацца такой справай, бо для гэтага трэба мець асаблівы характар. Паводле слоў Анатоля Іванавіча, важна любіць людзей і ўмець знаходзіць агульную мову з усімі. На адпачынак прыязджаюць вельмі розныя кліенты. І кожнаму трэба дагадзіць, улічыць яго інтарэсы, густ, перавагі.
Бываюць сітуацыі, тлумачыць ён, калі адначасова аднаму трэба падаваць шашлык, у другога шар тэнісны згубіўся, а трэцяму закарцела пакатацца на лодцы… І ўсё неабходна «разруліць» — весела, нібы незнарок, каб ніхто не пакрыўдзіўся. І самае няпростае бывае спыніць імпэт аматараў позніх шумных застолляў, музыкі на ўсю моц. Трэба ўлічваць інтарэсы суседзяў: аграсядзіба ж знаходзіцца ў вёсцы. Бывалі і скаргі, нараканні ад суседзяў, калі каму з гасцей хацелася апоўначы адсалютаваць петардай.
Таму ў будучым Анатоль плануе набыць нейкае гукаізаляцыйнае прыстасаванне, накшталт таго, якія ставяць уздоўж дарог. Паводле яго слоў, гэта адзіная праблема, якую можа ствараць аграсядзіба суседзям-вяскоўцам. У астатнім жа ад іх дзейнасці толькі карысць. Летам яны з жонкай амаль штодня прыбіраюць бераг возера. Адпачывальнікі звычайна пакідаюць пасля сябе смецце, пластыкавыя бутэлькі. А гаспадары «Азёрнай жамчужыны» не могуць дазволіць сабе, каб іх госці бачылі такі беспарадак на беразе.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага райвыканкама Юрый Кісель заў-
важыў, што ў раёне зараз крыху больш за дваццаць аб'ектаў агратурызму. Сядзіба Мініча працуе даўно і мае станоўчы імідж у турыстаў, у тым ліку замежных. А дырэктар фізкультурна-спартыўнай установы «Элада-Спорт» Алег Кандрашкін дадаў, што гасцям падабаецца кухня сядзібы Мінічаў. Неяк яму давялося працаваць з групай немцаў, якія напярэдадні начавалі ў «Азёрнай жамчужыне». Гасцям настолькі спадабаліся блінцы, якія прыгатавала Галіна, што былі гатовыя есці іх тры разы на дзень. Бліны з рознымі начынкамі — гэта «фішка» гаспадыні сядзібы з Заазер'я. Гаспадар жа ўмее абыходзіцца з мясам.
Анатоль Іванавіч гаворыць, што за іх справу трэба брацца, калі табе падабаюцца стасункі з людзьмі, калі не лічыш за цяжкасць пастаянна прыбіраць, мыць посуд. Быў аднойчы ў Мініча кліент. Прыехаў з сябрамі адзначыць дзень народзінаў. Замовіў лазню, стол папрасіў накрыць на вуліцы. А потым паказвае на тэлефоне здымак сваёй уласнай лазні. Там інтэр'еры больш шыкоўныя, чым на аграсядзібе. «Чаму ж вы дома не спраўляеце свята?» — шчыра здзівіўся Анатоль. «Дык там жа прыгатаваць трэба, потым усё прыбраць… Дык я лепш заплачу і клопату мець не буду», — адказаў госць.
Аднойчы багатыя расіяне давалі вялікія грошы за сядзібу Мінічаў, але Анатоль не згадзіўся яе прадаваць. Ён даўно зразумеў, што гэта яго справа.
Пінскі раён.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.