Вы тут

Званок не на ўрок


Нікому не патрэбныя паперы, пастаяннае чаканне праверак, страх, што нешта зроблена не па цыркуляры, — рэаліі жыцця сучаснага настаўніка?

Сярод жнівеньскай душнай залевы па дарозе ў напрамку ад райцэнтра ішла невялічкая жаночая постаць. На абцасах, у дзелавой спадніцы. Не прытармазіць і не падвезці яе было проста немагчыма. Сагрэўшыся ў салоне аўто, наша выпадковая спадарожніца, пэўна, прачытаўшы на тварах нямое пытанне (маўляў, што ж цябе куды гоніць з горада ў такі дождж?) пачала тлумачыць сама. Яна не з дому ідзе, а дадому. Працуе завучам у вясковай невялікай школе — кіламетраў за дваццаць ад райцэнтра. Учора ў школу (а справа была прыкладна 18 жніўня) нечакана прыехала праверка. Правяралі гатоўнасць школы да заняткаў. Усё было даведзена да ладу: пафарбавана, вымыта, падрамантавана. Але прыдзірлівае вока кантралёраў з рана заўважыла ў кутку нагляднай агітацыі стэнд з мінулага навучальнага года... Завуча, якая яшчэ не выйшла з адпачынку (а палову яго яна, як і іншыя калегі, усё роўна правяла ў школе, дапамагаючы і мыць, і фарбаваць, і рамантаваць), выклікалі ў раён «з пазнакай: тэрмінова», нібы ў школе дах вось-вось абваліцца...

Памчаўшыся ў раён на першым аўтобусе і атрымаўшы ад чыноўнікаў рана добры наганяй за той няшчасны непамяняны стэнд, наша выпадковая знаёмая пачала думаць, як дабрацца дадому: наступны аўтобус ішоў толькі ў пяць гадзін. Вось і выправілася праз дождж пешшу з надзеяй на тое, што нехта падвязе: работы ў вёсцы заўсёды процьма, не траціць жа цэлы дзень. Ды і стэнд трэба тэрмінова мяняць, бо чыноўніца з рана грозна абяцала заўтра прыехаць праверыць...

Ці спраўдзіла яна сваё абяцанне і як усё абышлося для нашай спадарожніцы — гісторыя замоўчвае. Але менавіта гэты нядаўні выпадак мне прыгадаўся, калі прачытала афіцыйнае паведамленне аб тым, што ўрад даў старт грамадскай дыскусіі аб развіцці адукацыі ў нашай краіне. Бо, на мой погляд, вынікам гэтай дыскусіі павінна стаць не толькі ўдасканаленне адукацыйнага працэсу, якое будзе ўлічана на заканадаўчым узроўні. Гэта, безумоўна, важна, але не менш важна вярнуць... не, нават не прэстыж прафесіі настаўніка (пра гэта ўжо таксама гаворана-перагаворана)... але самапавагу і годнасць людзям, якія ўсё ж гэту прафесію выбралі, якія па-ранейшаму спрабуюць навучыць нашых дзяцей разумнаму, добраму, вечнаму... Але ці можа навучыць агульначалавечым каштоўнасцям, годнасці і справядлівасці чалавек, вымушаны займацца непатрэбнай бюракратычнай працай, які з-за гэтага нярэдка сам сябе адчувае прыніжаным і «зацюканым»?

Занадта рэзка і катэгарычна? Выбачайце, калі што не так. Але ж у нас распачата грамадская дыскусія, і лічыце, што да яе далучылася прадстаўніца дынастыі вясковых педагогаў, якая ведае жыццё знутры (і, калі ўжо шчыра, у апошнія гады вельмі нават радуецца, што, выбраўшы іншую прафесію, гэтую дынастыю не працягнула)...

Я найперш сапраўды пра вясковых настаўнікаў, пра тых апантаных сваёй справай дзівакоў, якія гатовыя начаваць у сваёй невялікай школе, дзе з кожным годам усё менш і менш дзяцей. Шматлікія планы — перспектыўныя, квартальныя, яшчэ незразумела якія, не меншая колькасць дэталёвых справаздач аб праведзеных мерапрыемствах (абавязкова з фотаздымкамі!). Размова не пра навучальны працэс: планы ўрокаў, пошук літаратуры, творчы падыход тут несумненна павінны быць, гэта ніхто не адмяняў, і «схалтурыць» у класе, дзе пяць-шэсць чалавек, дзе працуеш хутчэй не настаўнікам — персанальным рэпетытарам для кожнага, пры ўсім жаданні не ўдасца. Але колькі ўсялякіх іншых папер! Тыдні здароўя, шматлікія конкурсы юных садаводаў (вынаходнікаў, сяброў літаратуры, шахматыстаў, музыкантаў і г.д. і да т.п.) — па сутнасці, справа для пазакласнага выхавання патрэбная, але ж пачынаецца яна ў большасці выпадкаў менавіта са шматлікіх папер: не падасі падрабязны план — атрымаеш наганяй, вымову або наогул грашовае спагнанне. Прычым план па маштабах і пунктах не павінен саступаць таму, які піша раённая гімназія, у якой на адной паралелі больш вучняў, чым ва ўсёй вясковай школе...

А пасля гэтыя планы трэба выконваць. Канешне, абавязкова. З фота- або відэасправаздачай. І адзіны выдатнік на чатыры класы, у кожным з якіх па пяць-шэсць чалавек, становіцца і чытальнікам, і шахматыстам, і музыкантам, і ўдзельнікам усіх раённых алімпіяд. Бо на ўсіх мерапрыемствах павінны быць прадстаўленыя ўсе школы. Каб рана магло паставіць чарговую «галачку» і напісаць чарговую справаздачу аб усеагульным ахопе пазакласнай работай...

Нехта скажа: вось, маўляў, яскравае сведчанне, што вясковыя невялікія школы аджываюць сваё, што працэс аптымізацыі, які ідзе, трэба актывізаваць, што ў буйной установе адукацыі здольнасцям кожнага дзіцяці лягчэй знайсці прымяненне, не прыцягваючы нікога за вушы да таго ці іншага пазакласнага мерапрыемства... Я, замест таго, каб спрачацца, такі вось прыклад прывяду (ён ужо ў валмянска-ракаўскім наваколлі як легенда з вуснаў у вусны перадаецца). Вясковая школа апынулася на мяжы закрыцця: дзяцей мала і, галоўнае, пячное ацяпленне. Месцічы школу выратавалі: усе жыхары вёскі без выключэння, незалежна ад таго, ёсць у сям'і школьнікі або не, сабралі грошы і пабудавалі для школы кацельню. Ратавалі не школу — душу вёскі і ўласную надзею, што жыццё будзе працягвацца.

Якім будзе гэтае жыццё ў самой выратаванай школе, як і ў дзясятках іншых вясковых школак? Шчырае, па-сямейнаму цёплае, з цікавымі паходамі, з гульнямі ўвечары на стадыёне, са спектаклямі і «капуснікамі» ў актавай зале — не запланаванымі, не спушчанымі зверху паводле аднолькавага для ўсіх метадычнага плана, не для «галачкі», а для душы, — такое, як было спрадвеку, якім успамінаюць яго некалькі пакаленняў? Або заваленае нікому не патрэбнымі паперамі, з пастаянным чаканнем праверак, са страхам, што нешта зроблена не па цыркуляры?

Прапаную адказаць на гэта пытанне самім настаўнікам — прадстаўнікам самай годнай і высакароднай прафесіі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».