Некаму з новага стагоддзя гэтае пытанне ад герояў Гайдая можа здацца несучасным, нехта можа прапанаваць іншыя варыянты. А нехта (спадзяюся) задумаецца: а дзе ж бліжэйшая да мяне бібліятэка? А ці даўно я туды завітваў? Міжнародны дзень бібліятэк, які адзначаецца 15 верасня, — цудоўная нагода зрабіць сабе свята, завітаўшы ў бібліятэку па кнігу. Таму што Дзень бібліятэк — не значыць дзень бібліятэчных работнікаў (але ж іх павіншаваць варта), гэта яшчэ і карыстальнікаў, дзеля якіх сістэма бібліятэк стваралася і працуе.
— Агульная колькасць бібліятэк у краіне — трошкі больш за 9000, — гаворыць Алена Далгаполава, першы намеснік дырэктара па ідэалогіі і абслугоўванні карыстальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. — На жаль, у апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да скарачэння сеткі бібліятэк. Калі ў 2007 годзе ў Беларусі было 3985 публічных бібліятэк, то да пачатку 2013 года іх колькасць скарацілася больш чым на 400. Трэба сказаць, што, з аднаго боку, скарачэнне — аб'ектыўны працэс, які адбываецца за кошт закрыцця сельскіх бібліятэк, бо змяншаецца насельніцтва ў вёсках. Утрымліваць паўнавартасную бібліятэку не заўсёды апраўдана. Але на скарачэнне трэба глядзець такім чынам: закрылі бібліятэку — трэба прапанаваць альтэрнатыву — мабільнае абслугоўванне, бібліёбусы. Хочацца спадзявацца, што такі баланс у нас будзе вытрыманы.
Лепш за ўсё жывуць сталічныя бібліятэкі — у іх 100-працэнтная камп'ютарызацыя.
Але яшчэ адна праблема бібліятэк нашай краіны — узровень іх камп'ютарызацыі. На сёння ў Беларусі камп'ютарызавана 58 працэнтаў публічных бібліятэк. Лепш за ўсё жывуць сталічныя бібліятэкі — у іх 100-працэнтная камп'ютарызацыя. Рэгіёны выглядаюць па-іншаму. У Гродзенскай вобласці каля 81 працэнта бібліятэк камп'ютарызавана, а ў Гомельскай — 46 працэнтаў. Але ўявіць бібліятэку, якая працуе па старых тэхналогіях, у наш час складана. Паводле нарматыву, патрэбен адзін камп'ютар на тысячу чалавек. У нас пакуль — 0,5 камп'ютара. Але ж тут варта разумець: у бібліятэцы ёсць шмат унутраных працэсаў, якія таксама выконваюцца ў аўтаматызаваным рэжыме. Наяўнасць аднаго камп'ютара ў бібліятэцы не азначае, што пытанне вырашана: для чытача павінна быць асобнае аўтаматызаванае працоўнае месца, дзе ён мог бы працаваць у інтэрнэце, з базай даных, каб мог набраць тэкст. Наяўнасць аднаго кам'ютара — не дастатковае рашэнне, нават калі гаворка ідзе пра вясковы філіял.
Студэнты і выкладчыкі — асноўная чытацкая аўдыторыя Нацыянальнай бібліятэкі, куды яны звяртаюцца па спецыяльную літаратуру.
Не вельмі добры ў нашых бібліятэк паказчык доступу ў інтэрнэт. Адпаведна, не ўсе маюць магчымасці стварыць свой сайт і даваць інфармацыю пра сваю дзейнасць, пра тыя паслугі, якія ёсць у бібліятэцы. На сёння толькі Гродзенская вобласць забяспечыла стварэнне сайтаў 100 працэнтам сваіх публічных бібліятэк. На другім месцы Мінская вобласць (74 працэнты), на трэцім — Брэсцкая (58 працэнтаў). У Магілёўскай вобласці толькі 35 працэнтаў бібліятэк маюць свой сайт. Наўрад ці гэта спрыяе папулярызацыі іх дзейнасці.
— На шчасце, у нас захоўваецца нарматыў па фінансаванні на камплектаванне фонду, — працягвае Алена Далгаполава. — У сярэднім па краіне гэта 16 працэнтаў. Але на жаль, у апошнія гады назіраецца тэндэнцыя (яна не толькі наша, а сусветная), па падаражанні як друкаваных выданняў, так і электронных рэсурсаў. На гэтым фоне мы не зусім адпавядаем нарматывам ЮНЕСКА па развіцці публічных бібліятэк. Напрыклад, паводле ЮНЕСКА, колькасць кніг, выдадзеных за апошнія 2 гады, у бібліятэчным фондзе павінна складаць не менш за 10 працэнтаў. У нашай рэспубліцы гэта ўсяго 4 працэнты. Кнігі, выдадзеныя за апошнія 5 гадоў, павінны складаць 30-40 працэнтаў у фондзе бібліятэкі. У нас гэта 11 працэнтаў. Не выконваем мы нарматыў ЮНЕСКА і па колькасці паступленняў кніг на працягу года на 1000 насельніцтва (згодна з нарматывам, гэта 250 выданняў на 1000 насельніцтва), у нас амаль удвая менш. Калі ёсць праблемныя сітуацыі ў працы, я думаю, іх утойваць не варта. Паколькі яны ў многім тлумачаць, чаму ў бібліятэках не заўсёды ёсць магчымасць выканаць пажаданні чытачоў. Але гэта не азначае, што супрацоўнікі бібліятэк не шукаюць новых сучасны формаў працы з людзьмі.
Кожнай бібліятэкай распрацаваны свае праграмы чытання. Кожная — адпаведна статусу і задачам — імкнецца свайго чытача прывабіць і ўтрымаць. Таму што ў нас ёсць бібліятэкі (напрыклад, вышэйшых навучальных устаноў), накіраваныя на тое, каб студэнты найперш атрымлівалі кнігі, якія дапамагаюць ім стаць прафесіяналамі. Студэнты і выкладчыкі, дарэчы, — асноўная чытацкая аўдыторыя і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, куды яны звяртаюцца таксама па спецыяльную літаратуру, больш навуковага кірунку. Калі спецыялісты чытаюць, то гэта людзі, якія ведаюць, што яны хочуць, іх цікавяць сур'ёзныя пытанні, якія знаходзяцца на сумежжы розных навук. У нацыянальнай бібліятэцы Беларусі заўважылі, што больш за 50 працэнтаў актыўных чытачоў — жанчыны, мужчыны чытаюць менш актыўна.
Забяспечваць кнігамі для чытання (і, як кажуць, для душы) — задача публічных бібліятэк. Але і першыя, і другія залежаць ад таго, ці будуць людзі прызвычаены да наведвання бібліятэк наогул. І тут узнікае цудоўны і кранальны вобраз дзіцячай бібліятэкі як асноўнага апірышча чытання.
— Нашы фонды добра камплектуюцца літаратурай, як расійскай, так і беларускай, — адзначае Таццяна Швед, дырэктар дзяржаўнай установы «Цэнтральная сістэма дзіцячых бібліятэк Мінска». — У апошні час абнавіўся фонд для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Таму што кнігі дарагія, і бацькі разумеюць, што прасцей узяць пачытаць. Больш стала хадзіць татаў з маленькімі дзеткамі. Для таго, каб чытачы прыходзілі, трэба крэатыўна падыходзіць да абслугоўвання дзяцей, каб заахвочваць карыстацца бібліятэкай. Напрыклад, ствараюцца гурткі для бацькоў, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. І асобныя праграмы для дзетак, па папулярызацыі чытання. Напрыклад, праводзяцца сустрэчы з пісьменнікамі, дзе адначасова можна і набыць кнігу, і падпісаць яе ў аўтара — гэта заўсёды цікава і спрыяе прывіванню любові да роднага краю і роднай беларускай мовы.
Цікавая сістэма: адны бібліятэкі гадуюць чытачоў для другіх, трэціх. Але калі разабрацца, то яны гадуюць не толькі чытачоў. Яны выхоўваюць грамадзян. Асоб. Людзей. Чыё ж гэта свята?
Ларыса ЦІМОШЫК
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.