Міністэрства эканомікі абвяргае інфармацыю, якая з'явілася ў шэрагу СМІ, пра тое, што ў Беларусі нібыта адменены гранічныя максімальныя гандлёвыя надбаўкі на мяса, яйкі і хлеб.
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавана пастанова Мінэканомікі ад 25 жніўня 2014 года №59. Шэраг СМІ распаўсюдзіў перакладную інтэрпрэтацыю гэтага дакумента: нібыта пастанова адмяняе гранічныя максімальныя гандлёвыя надбаўкі на хлеб, мяса і курыныя яйкі. «Гэтае сцвярджэнне не адпавядае рэчаіснасці. Насамрэч гаворка не ідзе пра адмену гранічных максімальных гандлёвых надбавак да адпускных цэн на гэтыя прадукты», — заяўляюць у Мінэканомікі.
Новая пастанова №59 уносіць змены ў пастанову Мінэканомікі ад 26 красавіка 2012 года №35. У прыватнасці, з трэцяга абзаца часткі другой пункта 1 Інструкцыі аб устанаўленні і прымяненні цэн на асобныя сацыяльна значныя харчовыя тавары (у якім гаворыцца пра ўжыванне гранічных максімальных гандлёвых надбавак) выключаны наступныя пазіцыі: хлеб простай рэцэптуры, мяса і курыныя яйкі. «Але справа ў тым, што гэтая інструкцыя вызначае механізм рэгулявання цэн для тых тавараў, у дачыненні да якіх рэгулюецца і гранічная максімальная адпускная цана, і гранічная максімальная гандлёвая надбаўка. Раней хлеб, мяса і курыныя яйкі былі выключаны з пераліку тавараў, на якія вызначаецца гранічная максімальная адпускная цана. Таму гэтая інструкцыя на пазначаныя віды тавараў не распаўсюджваецца, у сувязі з чым іх назвы і былі выключаныя з яе. Гэтае выключэнне носіць тэхнічны характар», — патлумачылі ў прэс-службе Мінэканомікі.
У той жа час пастанова Міністэрства эканомікі ад 14 снежня 2011 года №200, якая вызначае гранічныя максімальныя гандлёвыя надбаўкі, у тым ліку на мяса, яйкі і хлеб, застаецца ў сіле.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.