Вы тут

Каб касцюмчык сядзеў...


Як выглядала мадам Батэрфляй у 1958 годзе?

Яшчэ Станіслаўскі казаў, што тэатр пачынаецца з вешалкі. А ці задумваліся вы над тым, што будні артыстаў Вялікага тэатра пачынаюцца з касцюмаў? Бясконцыя прымеркі і рэпетыцыі. Некаторыя з салістаў балета прызнаюцца, што ў касцюмах рэпетыцыі праходзяць лягчэй. Яны дапамагаюць вельмі яскрава ўявіць сабе вобраз персанажа, якога трэба сыграць. Але, седзячы ў зале, наогул не задумваешся, як касцюмы ствараюцца.

2material

У невялікіх памяшканнях, схаваных ад вачэй гледачоў, нараджаецца прыгажосць. Размовы амаль не чуваць, толькі максімальная сканцэнтраванасць і гукі швейнай машыны, якія парушаюць цішыню. Вакол раскіданы папяровыя эскізы, якія ўжо праз некалькі дзён стануць прыгожай сукенкай альбо сурдутам.

Касцюмы тэатра оперы і балета Беларусі сталі яго своеасаблівай «разынкай». Усе дзівяцца і захапляюцца імі як на сцэне, так і ў фае, дзе яны выстаўлены — нездарма на іх фоне так любяць фатаграфавацца людзі.

Тым больш што такую прыгажосць апраналі на сябе многія вядомыя артысты. Першай і славутай опернай «зоркай» Беларусі стала народная артыстка Савецкага Саюза, першая беларуская Кармэн — Ларыса Александроўская. Яе касцюмы на працягу доўгага часу знаходзіліся ў касцюмернай тэатра. На жаль, да сённяшніх дзён яны не дажылі. Тым не менш сёння тэатр захоўвае сапраўды ўнікальныя экзэмпляры.

У касцюмерным цэху Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь знаходзіцца больш за 25 тысяч касцюмаў. А калі палічыць усё разам — з абуткам, галаўнымі ўборамі і накідкамі, — то смела можна памнажаць на тры. Гэтая лічба ўключае ў сябе касцюмы да пастановак, якія некалі ішлі ў тэатры і якія ідуць па сёння. Бясконцыя кругавыя калідоры, у якіх толькі па надпісах можна адрозніць касцюмы артыстаў балета ад оперных, захоўваюць у сабе мноства таямніц. Ніводзін швейны цэх не можа паўтарыць сцэнічныя строі, якія пашылі ў тэатры. Тут знаходзяцца строі, якія шылі для балетаў 80-х гадоў. Яны ў выдатным стане. Усе развешаны не ў алфавітным парадку, а ў залежнасці ад іх прызначэння: харавыя, сольныя і г.д. Новым работнікам спатрэбіцца як мінімум два гады, каб перастаць блытацца ў іх.

Касцюмы захоўваюць, не падтрымліваючы спецыяльных тэмператур. Ёсць сярод іх строі, якія нельга мыць з-за асаблівасцяў тканін і колькасці камянёў. Іх аддаюць у хімчыстку. Не так даўно ў оперным тэатры шылі касцюмы, якія ўручную размалёўвалі рознымі фарбамі. Іх таксама нельга было мыць. Іх чысцілі з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў.

Аднаўляюць адзенне па меры зношвання. Але цалкам спектаклі, касцюм у касцюм, немагчыма аднавіць. Калі адзенне моцна знасілася, яго перадаюць у харэаграфічны каледж ці інстытут культуры. У арэнду іх не даюць. А вось абутак заказваюць на адным з камбінатаў Мінска. У тэатры сёння няма свайго цэха па яго пашыве. Іншая гісторыя з пуантамі — у балерын яны амерыканскія.

Людміла Хітрова (балерына Вялікага тэатра Беларусі) расказала:

— У некаторых балерын ёсць па дзесяць пар пуантаў: да кожнага спектакля свая. Калі казаць пра мяне, то я маю толькі адну пару — не люблю разношваць. Магу яе насіць некалькі месяцаў. Але ж у тэатры раз на тры месяцы кожнай балерыне выдаюць новую пару. Для розных спектакляў патрэбны пуанты рознага колеру, таму я іх сама расфарбоўваю, а потым мыю. Захоўваю іх проста: пасля спектакля прасушваю, потым мыю ў пральнай машыне альбо ўручную і складваю ў спецыяльныя асобныя пакеты, якія прапускаюць паветра.

А вось балетныя пачкі захоўваюць інакш, чым астатнія касцюмы. Іх складаюць адна на адну. Развешваць іх нельга — можа зламацца абруч! Менавіта ў балетах выкарыстоўваецца найбольшая колькасць убораў.

Адным з самых складаных касцюмаў, які давялося шыць і на які быў затрачаны 51 метр тканіны — іспанская сукенка да спектакля «Лебядзінае возера». Ларыса Філімонаўна Мельнік успамінае:

— Шылі гэты ўбор мы салістцы балета Раісе Красоўскай, цяпер яна ўжо на пенсіі. Артыстка хацела, каб уся спадніца зверху данізу была ў маленькіх рушах. Прыйшлося шыць. Спадніца атрымалася вялікая, пышная.

У оперы самымі складанымі па касцюмах з'яўляюцца гістарычныя пастаноўкі. Але акрамя складанасці пашыву, гэтыя касцюмы яшчэ і вельмі цяжкія. Напрыклад, у операх «Барыс Гадуноў» і «Хаваншчына».

Барытона Вялікага тэатра Станіслава Трыфанава вельмі часта можна ўбачыць на сцэне ў вобразе гістарычнага персанажа. Артыст прызнаўся:

— Калі такі касцюм апранаеш, усё змяняецца: і голас, і хада. Касцюм павінен добра сядзець, у ім неабходна адчуваць сябе камфортна. Не менш важны момант — якасць тканіны! Бо на сцэне вельмі горача.

Наталля Хараброва — начальнік пашывачнага цэха Вялікага тэатра оперы і балета расказала, што ў іх можна знайсці касцюмы з мінулага стагоддзя:

— Зараз у тэатры захоўваюцца касцюмы 1958 года, з оперы «Мадам Батэрфляй» Пучыні. Але касцюмаў да спектакляў столькі, што трэба мець сапраўдную вытрымку, каб паспяваць пераапранаць артыстаў.

Гледачы ідуць у тэатр оперы і балета, каб паслухаць спевы вядомых артыстаў ці паглядзець, як танцуюць салісты балета. І, безумоўна, ацаніць спектакль ва ўсёй яго прыгажосці, у тым ліку і касцюмы. Гэта на Захадзе нават у тэатрах оперы і балета практыкуюць мінімалізм на сцэне і ў касцюмах. Наш тэатр больш традыцыйны, і касцюмы — адзін з яркіх складнікаў, які дазваляе гледачу адчуць, што прыход у тэатр — гэта свята. Касцюмы да спектакляў — гэта і частка тэатральнай гісторыі, якая, магчыма, неўзабаве праявіцца ў выглядзе своеасаблівага музея пры тэатры.

Іна Корсак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».