І гэта — пра звычайныя порхаўкі!
Многія ведаюць пра вырошчванне дрэўнавушак, шыітаке, шампіньёнаў на прысядзібным участку, але мала хто чуў пра развядзенне... порхавак. Аднак чаму б не выйсці прагуляцца ў сад і не набраць кошык белых шарыкаў. Свежых, моцненькіх...
Гэтыя грыбы, дзівосныя на смак і з цудоўным водарам, дадуць фору нават баравікам! Да таго ж яны валодаюць лекавымі ўласцівасцямі лёгка засвойваюцца арганізмам. І не так ужо складана іх вырасціць, бо порхаўкі часам самі прыходзяць да нас у госці — у скверы-паркі, на спортпляцоўкі і газоны...
Аматары ценю і вады
Як і сваякі з сямейства шампіньёнавых, порхаўкі адносяцца да кампостных грыбоў: яны сілкуюцца гнілой арганікай. А яшчэ ім патрэбны паўцень і вада. Промні сонца не толькі сушаць грунт, але і абпальваюць іх далікатную скурку. Пад дрэвамі-кустамі, у траве ці малінніку ў маі-чэрвені траншэю да 30 см глыбінёй засыпаюць сухім лісцем, галінкамі (не таўсцейшымі як 2 см) бярозы, асіны, вярбы, таполі. Утрамбоўваюць, пасыпаюць зямлёй (лепш з месца, дзе раслі порхаўкі). Паліваюць. У якасці «насення» выкарыстоўваюць спелыя грыбы, пасыпаўшы на градку (або сярод негустой травы) іх буры пыл-споры ці паліўшы сутачным настоем са здробненых «дымушак». Накрываюць галінкамі. Праз месяц у глебе з'явяцца белыя нітачкі (грыбніца). Градку накрываюць леташнім лісцем, дробна нарэзанай травой, падсцілкай. Рэгулярна паліваюць (лепш дажджавой, рачной або калодзежнай вадой).
Усе хваляванні ў мінулым. Надыходзіць самы адказны момант — збор ураджаю.
Тыдні праз чатыры вырастуць порхаўкі. І яшчэ якія! Пругкія, моцненькія, беленькія. Паспявай толькі выкручваць з зямлі. Будуць пладаносіць кожныя 20 дзён. А праз год і ўвогуле чакайце багаты ўраджай. І каб плантацыя цешыла як мага даўжэй, падсявайце кожны сезон споры старых «бомбачак».
Вараць, смажаць, запякаюць...
Порхаўкі прыгодныя для ўсіх відаў харчовай апрацоўкі. Існуе мноства рэцэптаў разнастайных страў з іх. Магчыма, порхаўкі саступаюць класічным высакародным грыбам, але падабенства з шампіньёнамі, прастата прыгатавання (не трэба адмочваць-выварваць) робіць іх прывабнымі для кулінарных эксперыментаў.
Порхаўкі вараць (не больш за 5 хвілін), запякаюць, тушаць у смятане, сушаць (адварыўшы, каб не рассыпаліся) — і нават марынуюць і соляць, але не пад гнёт. Гэтыя грыбы могуць выкарыстоўвацца для рагу з агародніны, салатаў, як начынка для пірагоў. Яны добра спалучаюцца з ялавічынай, курыцай, яйкамі. Булёны з іх (і свежых, і сушаных) — празрыстыя, вельмі духмяныя і наварыстыя. Пры гэтым грыбы не губляюць ні формы, ні ўнутранай чысціні-беласці.
У многіх відаў, напрыклад, у ігольчастай порхаўкі, моцны прыемны грыбны пах не знікае нават пры сушцы. Да таго ж гэтыя грыбы добра захоўваюцца, лёгка расціраюцца ў парашок, які надае асаблівы водар булёнам і соусам.
Порхаўкі не такія сакавітыя, як іншыя грыбы, таму ўварваюцца-ўсмажваюцца не моцна, затое патрабуюць больш алею. Добра змяшаць іх з абсмажанай цыбуляй, смятанай, пасыпаць зяленівам, а можна і так падаць на стол.
Лясны лекар
З самых старажытных часоў ведалі людзі і пра гаючыя ўласцівасці порхавак. Брытанцы лячылі імі воспу, крапіўніцу, ларынгіты. Плямёны чэрокі выкарыстоўвалі іх для гаення ран, язваў. Споры ўдыхаліся пры крывацёках з носа і моцным кашлі. Яшчэ ў ХVІІ стагоддзі ў Бельгіі аслабленым і хворым на сухоты раілі суп з порхавак: ён лічыўся больш карысны, чым нават курыны булён. Рассмоктванне кавалачкаў грыба ўжывалася для лячэння мастапатыі і многіх іншых захворванняў. І даволі паспяхова, бо порхаўкі — своеасаблівы прыродны антыбіётык.
Калі вы параніліся на дачы ці ў лесе аб сучок, а пад рукой няма ёду, сарвіце маладзенькі шарык, разламіце папалам і прыкладзіце да раны: кроў спыніцца, боль сціхне, нагнаення не будзе, ранка зацягнецца хутка і без ускладненняў. У гэтай справе грыб пераўзыходзіць нават усім вядомы з дзяцінства трыпутнік.
Ды і ў сталым узросце як антысептык ён па-ранейшаму добры. Калі ўнутраную абалонку яго прыкласці або пудрай прысыпаць язвы, апёкі, раны, яны загояцца хутчэй.
Але самая выдатная ўласцівасць порхаўкі — яна выводзіць з арганізма ўсе шлакі-таксіны. Аказалася, што і атамы фтор- і хлорзлучэнняў клеткі ўсмоктваюць у сябе, нібы пыласос.
Цуда-грыб не толькі здароўе можа падарыць, але і знешне амаладзіць. Акрамя прыняцця ўнутр, зрабіце маску з 2-3 раздушаных грыбоў. Праз хвілін 10-15 змыйце цёплай вадой. Вы прыемна здзівіцеся! Скура пасля 3-4 працэдур будзе ззяць! Порхаўка надасць ёй эластычнасць, пругкасць, здаровае матавае адценне. Грыбы прыходзяць на дапамогу і раслінам: выкарыстоўваюцца для барацьбы з тлёй. Каб пазбавіцца ад садовых шкоднікаў, неабходна дымам ад гарэлай начынкі «бомбачкі» акурыць дрэвы-кусты двойчы, з інтэрвалам у тыдзень.
***
Вось такія немудрагелістыя грыбы, якія растуць нават тады, калі ў лесе іншых — як вымецена. На першы погляд, порхаўкі несур'ёзныя. Сапраўды, не кожнаму прыйдзе ў галаву ідэя збіраць іх, бачачы больш каштоўныя грыбы.
Але калі вы ўсё ж натрапіце на россыпы маладых беленькіх шарыкаў, не грэбуйце імі. Не праходзьце міма моцных апетытных грыбкоў! Не збівайце іх нагой, а збірайце, рабіце запасы. Ведайце пра гаючую сілу порхавак! Тым больш што ядавітых сярод гэтых добра вядомых грыбоў няма.
Таццяна МАІСЕЕВА,
навуковы супрацоўнік
інстытута лесу НАН Беларусі
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!
Ідэнтычнасць праз спадчыну.
Беларусь — у тройцы лідараў па захваральнасці.