Вы тут

Скрозь смех і слёзы — да мары,


альбо Як праходзіць кастынг на шоу «Я спяваю»

Сцэна любіць таленавітых, настойлівых і працавітых. Аднак і без удачы тут не абысціся. Некаторым фартуна ўсміхнулася на мінулых выхадных на кастынгу праекта «Я спяваю!».

Тэлеканал АНТ вось ужо пяты сезон рыхтуецца да таго, каб вывесці на сцэну новых юных артыстаў.

Каб даведацца, які шлях трэба прайсці, каб пачуць: «Чакайце! Калі вас выберуць, мы вам патэлефануем», — мы вырашылі папрысутнічаць на адборы і ўбачыць усё на свае вочы.

Каля ўваходу ў Нацыянальную школу прыгажосці шмат людзей. Мужчына спыняецца ля мяне і запытвае, з кім я прыйшла на конкурс? Я — сама (ну калі не лічыць фатографа), а ён прывёз унучку з Віцебска. І такіх дарослых «груп падтрымкі» было шмат. З'ехаліся з розных гарадоў і абласцей. Мамы і таты хваляваліся, мабыць, больш за саміх дзяцей. Сыны з дочкамі таксама перажывалі, некаторыя нават выходзілі ў слязах.

Кастынг для любога артыста — справа не з лёгкіх. На шоу «Я спяваю» проста так таксама не трапіць. Перш за ўсё трэба прайсці вакальны адбор. З чарговым прэтэндэнтам пераступаем парог, і нас сустракаюць выкладчыкі па вакале Аксана Баева і Раман Калодка (каардынатар праекта). Менавіта ад іх вердыкту залежыць, пойдзе кандыдат да наступных дзвярэй альбо адправіцца дадому з надзеяй вярнуцца ў наступны раз.

Дзяўчынка пачынае спяваць. Адну песню, другую, нават трэцюю спробу ёй даюць, але ў выніку ўсе разумеюць, што для праекта пакуль яшчэ вопыт не напрацаваны. Адмовілі. Варта зазначыць, што адмаўляюць тут нярэдка. А як інакш, калі нехта прыходзіць зусім не падрыхтаваным? Альбо ісці ідуць, а ці трэба ім той конкурс, самі дзеці не ведаюць. Вось перад выкладчыкамі ўжо іншая дзяўчынка — у сцэнічным касцюме, з вянком на галаве.

—Стань на крыжык і расказвай, што праспяваеш для нас, — звяртаецца Аксана Баева да юнай спявачкі.

Высвятляецца, што завуць удзельніцу Дарына Хайко, ёй 10 гадоў, і прыехала яна з Гомеля. Потым пачынае выконваць народную песню. Спявае дзяўчынка прыгожа, аднак яе спыняюць і просяць пачаць другі куплет спачатку, дэманструючы, дзе варта браць больш дакладна ноту. Удзельніца бярэ патрэбныя ноты ўслед за настаўнікамі — і праз некалькі імгненняў запаветная жоўтая стужка-«пропуск» на яе руцэ.

Кастынг для любога артыста — справа не з лёгкіх. На шоу «Я спяваю» проста так таксама не трапіць. Перш за ўсё трэба прайсці вакальны адбор.

…Удзельнікі адбору змяняюць адзін аднаго, то радуючы, то расчароўваючы выкладчыкаў. Бывае ёсць жаданне спяваць, але адчуваецца адсутнасць падрыхтоўкі. А нехта спявае, здаецца, няблага, аднак хваляванне месцамі перашкаджае. Тады просяць паўтарыць за педагогам нейкую музычную фразу, што дапамагае зразумець, ці ёсць у дзіцяці адчуванне музыкі. Часам гэта і выратоўвае, і пераконвае даць юным выканаўцам шанц.

—Мы глядзім у першую чаргу на вакальныя здольнасці, бо на праекце ў нас мала часу, каб займацца пастаноўкай голасу, — тлумачыць педагог па вакале Аксана Баева. — Стараемся зразумець, ці можна дзіця падрыхтаваць за кароткі час да выступлення на вялікай сцэне. На жаль, не можам усіх адабраць, аддаём перавагу самым яркім. …Зайшла чарговая дзяўчынка і пачала спяваць «Мой родны кут, як ты мне мілы».

—Я нават мелодыю не пазнаю, пачні спачатку яшчэ раз, — просіць педагог.

24-10

Маленькі канкурсант з Мінска спадабаўся журы не толькі выдатным выкананнем песні «Venus», але і танцам,
які ён прыдумаў сам.

Жоўты бранзалет-пропуск «Я спяваю», магчыма, стаў для Дарыны Хайко білетам на вялікую сцэну.

24-7

Святлана Стацэнка, музычны кіраўнік праекта «Я спяваю!»:

—Пяты сезон — ужо амаль юбілейны. І цяпер мы адназначна можам казаць, што ў нас шмат таленавітых дзяцей. Вельмі прыемна бачыць разуменне з боку бацькоў і выкладчыкаў: яны прыводзяць на праект разняволеных, жывых дзяцей, якія без праблем працуюць акапэльна. Гэта неперадавальнае адчуванне — калі дзеці, якія фактычна прыходзяць «з вуліцы», у нас раскрываюцца, праяўляюць сябе. Бывае, я лаўлю сябе на думцы, што вучуся ў іх быць пазітыўнай у пэўных складаных сітуацыях. Мы дапаўняем адно аднаго. Таму, думаю, новы сезон адбудзецца, і будзе цікава.

Анжаліна Мікульская, аўтар і рэжысёр праекта «Я спяваю!», дырэктар дырэкцыі спецыяльных праектаў тэлеканала АНТ:

—Паколькі гэта пяты сезон праекта, то наша рэжысёрска-творчая група ўжо распрацоўвае план таго, у чым будзе адметнасць шоу на гэты раз. Хочацца звярнуць увагу на ўсе дасягненні тых канкурсантаў, якіх мы выпусцілі. Вядзецца праца і з артыстамі, якія будуць выступаць з новымі ўдзельнікамі «Я спяваю!». Госці будуць яркія. Думаю, і гісторыі, якія мы раскажам на гэты раз, таксама закрануць душы тых, хто захоча дапамагчы нашым дзецям, і дарослым дадуць магчымасць паглядзець на сваіх дзяцей іншымі вачамі.

24-8

Радасць і слёзы з маленькімі артыстамі дзялілі іх бацькі.

24-9

Самы просты спосаб даведацца, што адбываецца за дзвярыма.

Выкананне больш нагадвае прачытанне верша са спробай яго праспяваць. На просьбу выканаць нейкую іншую песню дзяўчына кажа, што не падрыхтавала больш нічога. «Дзякуй, але будзем чакаць цябе ў наступны раз».

Відавочна адно: калі ёсць талент і вакальная падрыхтоўка, то і шанц вам абавязкова дадуць. Так, хочацца спадзявацца, што запомняцца журы Ксенія Рэпіна (дзяўчынка спявала, як важна верыць у мару і не адпускаць яе), Аляксандра Прыходзька (выконвала народную песню і кампазіцыю ваеннай тэматыкі), Артур Пачтовы (хлопец выконваў песні на італьянскай і англійскай мовах, да таго ж артыстычна рухаўся, усміхаўся).

—Поспехаў табе, толькі не пераігрывай перад журы! — сказалі яму на развітанне.

Мы таксама вырашылі пайсці далей за маленькімі артыстамі, якія здабылі свой шчаслівы квіток на першым праслухоўванні. Візіт да псіхолага-рэдактара, варта сказаць, справа не менш адказная. З дзецьмі і бацькамі абмяркоўваюць пытанні, што датычацца і творчага патэнцыялу дзіцяці, і гісторыі яго сям'і. І вельмі важны аспект, ці гатовы яны расказаць яе на ўсю краіну.

—Мы даём шанц тым, у каго няма іншай магчымасці трапіць на вялікую сцэну. Ёсць розныя катэгорыі сем'яў, якія прыходзяць да нас, але аддаём перавагу праблемным і складаным сітуацыям, — тлумачыць псіхолаг-рэдактар Дар'я Ксянзова. — Сюды прыходзяць дзеці, якія добра спяваюць, а далей імкнёмся высветліць наколькі яны падыходзяць для праекта: па-першае, ці дастаткова камунікабельнае дзіця, па-другое, ці гатовыя родныя суправаджаць і падтрымліваць сына альбо дачку на нашым шоу. Разбіраемся таксама з гісторыяй і праблемамі сям'і, хаця па анкеце, што запаўняе кожны ўдзельнік, усё больш-менш зразумела.

Бываюць выпадкі, калі прэтэндэнты не зусім шчырыя, утойваюць нейкія факты пра сябе альбо дамалёўваюць тое, чаго няма ў сапраўднасці. Паколькі праект сацыяльнай накіраванасці, то тут імкнуцца дапамагчы тым, каму гэта насамрэч неабходна.

Накіроўваемся да, так бы мовіць, апошняй інстанцыі — журы кастынгу. Перад дзвярыма чакаюць канкурсанты. А ў пакоі прагляд і праслухоўванне праводзяць музычны кіраўнік праекта Святлана Стацэнка, аўтар і рэжысёр шоу Анжаліна Мікульская і харэограф «Я спяваю!» Вольга Шамрова. Тут юныя артысты спяваюць з мікрафонам, іх здымаюць на камеру. Словам, праверка гатоўнасці да сцэны па поўнай. Пры гэтым журы дае парады і, мабыць, адзначае пільным вокам, хто ж варты быць сярод запаветнай дзясяткі ўдзельнікаў шоу «Я спяваю» новага сезона.

Па выніках кастынгу адабралі больш за сто чалавек. Далей іх анкеты і запісы выступленняў перагледзіць яшчэ раз вялікае прафесійнае журы. Некага запросяць прыехаць на прагляд паўторна. І толькі потым пачнецца адбор удзельнікаў шоу «Я спяваю!».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.