Вы тут

«Дарасці» да праўды


Здаецца, на доўгі час знікае чалавек з твайго жыцця, а праз колькі гадоў навіны пра яго выклікаюць як мінімум здзіўленне. Вось тут тая ж гісторыя. Дзяўчына, што захавалася ва ўспамінах як самая, мякка кажучы, «адвязная» асоба сярод усіх маіх знаёмых, раптам выдала: «Ах, наша вянчанне!». Яна распісвала падрабязнасці падзеі так, нібыта расказвае аб іх першы і апошні раз.

Усё як належыць: вэлюм, сукенка, госці, мамы жаніха і нявесты пусцілі слязу напрыканцы цырымоніі. Я глядзела на здымкі і чамусьці згадвала расповеды крыху іншага характару, якія расказваліся з не меншым запалам. Тады яны прагаворваліся шэптам, было шмат «цікавага»: дарослыя кавалеры і «дарослыя» ўчынкі, серыя прыгод пра тое, як не начавала дома... Трэба сказаць, падрабязнасцяў ніхто ніколі не выпытваў, ініцыятар агучвання чарговай гісторыі заўжды быў адзін і той жа...

— А рашэнне аб вянчанні тваё ці мужа? — намагалася я высветліць прычыну такога сур'ёзнага кроку.

— Ведаеш, у мяне сястра вянчалася. Здаецца, жывуць нядрэнна. Мы падумалі, што лішнім не будзе, — пачула ў адказ. Усё аказалася больш чым проста...

Вядома, чалавек мог кардынальна змяніцца, але паразважаць зараз хочацца зусім не пра нейкую канкрэтную асобу, а пра тое, наколькі шчырымі, значнымі і сапраўднымі бываюць нашы духоўныя памкненні ў выпадку, калі насамрэч да іх трэба яшчэ расці і расці...

Вось хіба не «дарос» да чагосьці значнага чалавек, які займаецца дабрачыннасцю? Безумоўна, у той асобы павінна быць і ахвярнасць, і высакароднасць, і пачуццё адказнасці, якое выходзіць за межы ўласнай сям'і. Толькі вось калі чытаеш інтэрв'ю з якой-небудзь «зоркай» і бачыш там добрых пару абзацаў пра дапамогу хворым дзецям і непасрэдны ўдзел у гэтым, першае пачуццё — зусім не захапленне. Адзін расійскі журналіст у сваім дакументальным фільме пра конкурсы прыгажосці паказаў, як дзяўчаты, удзельніцы мерапрыемства, прыязджаюць у дзіцячы дом. Вядома ж, у дабрачынных мэтах. Раптам высвятляецца, што адна з прыгажунь не па чутках ведае, як жыць без бацькоў. Адной маленькай дзяўчынцы на развітанне яна пакінула шчырыя, на першы погляд, абяцанні.

— Я вырашыла ўдачарыць яе! — зрабіла сенсацыйную заяву на камеру міс.

А вось працяг гісторыі: журналіст праз некалькі месяцаў тэлефануе ў дзіцячы дом і пытаецца пра лёс той самай дзяўчынкі, якой далі абяцанне пра новую сям'ю. Аказваецца, пасля гэтага візіту ніхто нават не тэлефанаваў...

Дык што значыць «дарасці» да той ці іншай праявы шчырасці? Па-мойму, гэта бачыць вынік любога, нават самага лепшага свайго ўчынку. Бо найбольш сумнае ў такіх выпадках — чаканне «прыза», які павінен атрымаць галоўны герой падзей. Чалавек, напрыклад, уяўляе вянчанне своеасаблівым «амулетам», які дапаможа зберагчы адносіны, у дабрачыннасці бачыць магчымасць стаць «супергероем», а атрымлівае ў выніку зусім не тое, што чакаў...

...Па-мойму, першы крок да шчырых учынкаў і ўнутранага шчасця — гэта казаць праўду самому сабе. У тым ліку, якім ты бачыш свет, на што маеш сілы і да чаго гатовы. І нават калі ты пакуль яшчэ не дарос, саромецца гэтага факта не варта.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».