Вы тут

Каму скараецца трэці ўзрост,


 

або Як стаць выкладчыкам у 12 альбо ў 67?

Рабіць добрыя справы ніколі не рана і не позна. Штодня гэтую вядомую ісціну сцвярджаюць валанцёры Інстытута трэцяга ўзросту. Дапамагчы і падзяліцца ўласным досведам тут гатовы любы добраахвотнік, незалежна ад колькасці гадоў у пашпарце.

Удалы валанцёрскі старт

27-12

Яраслава Пасталенка вучыцца ў сёмым класе каледжа-гімназіі імя Івана Ахрэмчыка. У будучыні яна плануе стаць архітэктарам, пабудаваць вялікі прасторны дом і даць прытулак тым катам і сабакам, якія несправядліва апынуліся на вуліцы. Думаеце, гэта дзіцячая мара-ўтопія? Не згаджуся: у свае 12 гадоў Яраслава пацвярджае, што для добрай справы няма ніякіх перашкод. Сёлета яна зноў будзе выкладаць на камп'ютарных курсах для тых, каму за 60. А пачыналася яе валанцёрства з прыкладу мамы, якая вырашыла прыносіць карысць не толькі роднаму прадпрыемству ў якасці вядучага эканаміста, але і навучэнцам інстытута.

Увогуле, тутэйшыя заняткі разбураюць шаблон таго, як выглядае стандартнае навучанне. Замест сталага выкладчыка — дзяўчынка-гарэза Яраслава, на месцах непаслухмяных вучняў — дзесяць дарослых жанчын і мужчын.

—Стаць валанцёрам мне прапанавала мама. Раз на тыдзень, у пятніцу, я вучыла бабуль і дзядуляў. Узровень іх падрыхтоўкі быў розны. Хтосьці пачынаў з нуля, нехта ўжо меў уяўленне, як карыстацца камп'ютарам. Напачатку мы знаёміліся з элементарным: што такое клавіятура, прынтар, мышка.

Дарэчы, апошняя выклікала асаблівы страх у навучэнцаў Яраславы.

—Мае вучні чамусьці баяліся нават лішні раз дакрануцца да яе. Націснуць два разы запар, каб адкрыць файл, першапачаткова стала самай вялікай цяжкасцю. Я спецыяльна давала хатнія заданні, каб яны патрэніраваліся стварыць дакумент, напісаць ліст.Мае вучні паслухмяна выконвалі кожнае заданне. Калі не разумелі штосьці, клікалі да сябе, і тады я шукала патрэбныя словы, каб растлумачыць і расказаць максімальна зразумела.

Сталыя студэнты знаходзілі агульную мову са сваёй юнай выкладчыцай вельмі хутка. Дзяўчынка сапраўды палюбілася ім. Яраслава расказвае, што, напрыклад, навучэнцы яе мамы часта саромеліся задаваць пытанні сваёй настаўніцы. Клас Яраславы гэтая праблема абмінула.

—Атмасфера ў нас была абсалютна вольная, ніхто мяне не саромеўся. Узнікла пытанне — тут жа яго агучылі і вырашылі.

Яраслава прызнаецца, што ёй па душы справа, якую яна робіць для пажылых людзей.

—Гэта цікава — адчуваць сябе выкладчыцай, калі сама яшчэ школьніца. Многія бабулі ставіліся да мяне як да ўнучкі. Напачатку нават цукеркі прыносілі. Мне было няёмка іх браць, але адмовіцца — таксама.

У наступным семестры, які пачынаецца ўжо ў кастрычніку, Яраслава зноў сустрэне новую групу навучэнцаў. У валанцёрстве яна хутка стане старажылам. Аднак дзяўчынка ўпэўнена, што гэта толькі пачатак, і з ахвотай паспрабуе сябе ў іншай валанцёрскай якасці.

«…Гэты час мы пражылі нездарма»

Пакуль гады не дасягнулі пенсійнай мяжы, Аляксандр Андрэевіч Захаранка працаваў і вядучым інжынерам, і начальнікам участка. Заслужаны адпачынак ён вырашыў праводзіць з карысцю не толькі для сябе, але і для сваіх «калег па ўзросце». Скончыўшы камп'ютарныя курсы пры Фрунзенскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ён адкрыў новую старонку сваёй працоўнай біяграфіі — выкладчыцкую, з пазнакай «валанцёр».

—У прынцыпе, усё жыццё мне даводзілася вучыць інжынераў. Лічу, што валодаць ведамі і трымаць іх пры сабе вельмі непрыгожа, — распавядае Аляксандр Андрэевіч. — Калі ў мяне ёсць вольны час і пэўныя веды, а людзі маюць патрэбу ў іх, чаму не дапамагчы?!

Так у 67 гадоў Аляксандр Андрэевіч стаў валанцёрам Інстытута трэцяга ўзросту. Ці цяжка было пераўвасобіцца ў выкладчыка?

— Абсалютна не, — з упэўненасцю адказвае суразмоўца. — Я заўжды ўмеў працаваць з людзьмі, знаходзіць да кожнага свой падыход. Гэты досвед і дапамагае мне выкладаць зараз. Вядома, хтосьці больш дысцыплінаваны, нехта — разгільдзяй, аднак наогул атрымліваецца.

Летась плёнам Аляксандра Андрэевіча сталі чатыры камп'ютарна адукаваныя групы. Дзякуючы яму 24 пенсіянеры цяпер могуць выклікаць урача на дом анлайн, заказаць тавары па інтэрнэце, купіць анлайн-квіткі ў тэатр альбо на цягнік, даслаць паведамленне ў сацыяльных сетках, апрацаваць фотаздымкі і шмат што іншае.

—Вучымся мы па спецыяльна распрацаванай кніжцы, дзе апісана ўсё — ад уключэння камп'ютара да арыентавання ў сеціве. Аднак я не абмяжоўваюся толькі ёй, пастаянна шукаю новую інфармацыю ў інтэрнэце, каб быць на некалькі крокаў наперадзе.

Увогуле, Аляксандр Андрэевіч слушна заўважае, што навучыць працаваць на камп'ютары немагчыма. Але можна навучыцца метадам спроб і памылак. Галоўнае — зарыентаваць чалавека, надаць яму імпульс. Камп'ютарныя курсы для пенсіянераў — толькі стартавы пункт, і да яго трэба дадаць час і жаданне. Напрыклад, свой першапачатковы інтарэс выкладчык Захаранка пераўвасобіў у сімпатыю да тэхнічна-рамонтнага складніку камп'ютараў.

—Цяпер я галоўны сямейны спецыяліст у гэтай справе. Рамантую, стаўлю новае праграмнае забеспячэнне. Часта знаёмыя звяртаюцца па параду, які камп'ютар набыць. І тады я ўжо тлумачу, што ў гэтай мадэлі добра, а што не. Мне сапраўды цікава ва ўсім разбірацца самому!

Акрамя няспыннага самаразвіцця, валанцёрства дапамагло набыць нашаму герою шмат знаёмстваў і кантактаў, якія, бясспрэчна, робяць больш разнастайным яго сённяшняе жыццё.

—Зносіны заўжды даюць эмоцыі, розныя цікавінкі, узбагачаюць досведам. І неабавязкова ў камп'ютарным аспекце. На перапынку хтосьці абмяркоўвае новы рэцэпт аладак ці зімовых нарыхтовак.

Заняткі разбураюць шаблон стандартнага навучання: замест сталага выкладчыка — дзяўчынка-гарэза, на месцах непаслухмяных вучняў — дзесяць дарослых жанчын і мужчын.

І напрыканцы Аляксандр Андрэевіч дадае:

—Калі чалавек атрымаў карысць, я адчуваю задавальненне. Я бачу плён сваёй новай працы і разумею, што гэтую гадзіну мы пражылі нездарма.

• • •

Яраслава і Аляксандр Андрэевіч — два ўнікальныя прыклады неабыякавасці, з якой яны ставяцца да паважанага трэцяга ўзросту. Такіх у Інстытуце — больш за сотню. Летась з дапамогай валанцёраў 1200 чалавек атрымалі адукацыю, якая ім патрэбна не для працадаўцы ці «скарынкі», а для душы. Некаторыя студэнты пачынаюць жыць абсалютна па-новаму. Як, напрыклад, 76‑гадовая выпускніца інстытута. Скончыўшы курсы па журналістыцы, яна паступіла на трэці курс юрыдычнага факультэта і пачала друкаваць свае артыкулы ў расійскіх часопісах. Але пра гэта — ужо іншым разам.

Любоў КАСПЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.