(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 23 верасня.)
Абавязковым элементам настольнага ўбранства абрус канчаткова зрабіўся ў XVІІІ стагоддзі. Багатая шляхта і мяшчане ўжывалі палатняныя абрусы, бяднейшыя людзі — паркалёвыя. У сялян функцыю абруса выконваў вялікі гафтаваны ручнік. Найбольш цаніліся абрусы са шчыльнага белага галандскага палатна, тканага ў розныя ўзоры: луску карпа, зоркі, кветкі і іншае.
Калі гасцей і сталоў было шмат, а абрусаў бракавала, тады цэнтральныя, найбольш пачэсныя, сталы засцілалі лепшымі абрусамі, а бліжэй да краёў клалі горшыя, канчаючы простым грубым шэрым палатном. Існаваў нават выраз — «сядзець на шэрым канцы». Калі дастатак гаспадара дазваляў, абрусы мянялі пры кожнай перамене страў — гэта значыць, да 4 разоў на адной бяседзе.
Пры тым вялікім сімвалічным значэнні, якое меў абрус для нашых продкаў, не даводзіцца здзіўляцца, што яго ўжывалі ў розных магічных абрадах, папросту — у чарадзействе. Самая вядомая варажба з выкарыстаннем абруса адбывалася напярэдадні Божага Нараджэння, на Куццю, калі пад белым абрусам на стол расцярушвалі сена або салому (напамін пра нараджэнне Збавіцеля паміж валом і аслом, на сене) і члены сям'і па адным цягнулі саломінкі з-пад абруса, па іх даўжыні гадаючы пра тое, якім каму выпадзе наступны год. Дарэчы, гэты вігілійны абрус, апроч іншага, яшчэ і метафара таго палатна — плашчаніцы, у якую было загорнута цела Хрыстоса, пакладзена ў труну, а значыць — і яго Уваскрэсення...
Пры дапамозе абруса на Узвіжанне (27 верасня) было магчыма атрымаць прыкладна такія ж звышнатуральныя здольнасці, як і з дапамогай папараць-кветкі, знойдзенай на Купалле. Трэба было толькі сустрэць Змяінага цара. Увогуле ж, сустрэч са змеямі звычайна пазбягалі. Але ў такі дзень, лічылася, гэта зрабіць не проста: верылі, што менавіта тады ўсе лясныя гады (змеі, жабкі ды яшчаркі) збіраюцца ў зграі, каб дакрануцца да нейкай чароўнай кветкі і разам адпаўзці на зіму ў свае патаемныя сховішчы. І быццам бы наперадзе ўсіх паўзе ў сваё царства Змяіны цар, а за ім ужо яго міністры, стражнікі і ўсялякая іншая драбяза. А на галаве ў цара — вядома ж, карона! З залатых рожак. Вось тут таму кемліваму зуху, які асмельваўся ў гэты дзень ісці ў лес, і трэба знарок трапіцца на яго шляху — разаслаць абрус, раскласці на ім хлеб ды соль, і тады цар у знак удзячнасці скіне адзін залаты ражок. Шчаслівы ўладальнік атрымае надзвычайную мудрасць і абачлівасць, будзе здольным чытаць чужыя думкі і пазбягаць усіх расстаўленых ворагамі і самім жыццём пастак. І, вядома, ніводная змяя ніколі не асмеліцца ўкусіць спрытнага ўладальніка царскага «пропуска» ў іншасвет...
Старадаўняе беларускае пажаданне добрага шляху — «Абрусам дарога!» — нагадвае пра тую самую ідэю: вельмі паважанай асобе, у ідэале, увесь шлях варта было б заслаць бясконца доўгім абрусам, у знак павагі. Але тады можна сказаць, што абрус — метафара самога жыцця. І яшчэ адным доказам гэтага сімвалізму з'яўляецца лацінскае слова мапа, mappa, геаграфічная карта, мадэль зямнога свету, — паходзіць ад яўрэйскага — «абрус»...
Вось яшчэ адна магічная функцыя абруса ў беларускай народнай магіі — павелічэнне ўдойнасці кароў. Каб кароўкі лепш даіліся і не трацілася малако, жывёлу трэба было абліць вадой з трох калодзежаў або, пакрыўшы ваду з калодзежа абрусам, выпіць праз яго чатыры разы, пачаргова перастаўляючы вядро на чатыры бакі свету ад калодзежа.
Абрус (нямыты!), пакінуты з велікоднага стала, быў павінны засцерагаць ад маланкі і пажару ў час навальніцы. (Гэтай жа мэце, дарэчы, служылі грамнічныя свечкі, соль, асвячоная ў Чысты чацвер ці ў каталіцкі прысвятак святой Агаты (5 лютага), костка ад велікоднага мяса і шалупінне велікодных яек.)
Сёння абрус, як бадай амаль кожны прадмет нашага побыту, страціў магічныя функцыі і выйшаў з фокусу грамадскай увагі. У пасляваеннай Еўропе амаль два пакаленні, недзе да сярэдзіны 1970-х гадоў, пражылі фактычна без абрусаў на абедзенных сталах. У абноўленых інтэр'ерах на чыстых строгіх паверхнях светлага дрэва не прадугледжвалася ніякіх абрусаў і сурвэтак. Керамічная ваза з калючай галінкай на паліраванай паверхні стала — найвышэйшы шык пачатку 1960-х гадоў. Ці не тоіцца тут і сувязь з сексуальнай рэвалюцыяй? Памятаеце, што мы казалі пра «голы» стол, якога чалавек Сярэднявечча і Новага часу яшчэ саромеўся? Але, на шчасце, не ўсе паддаліся радыкальным трэндам. І ўсё ж для большасці і сёння стол, засланы абрусам, падаецца больш натуральным, чым «голы», хаця магія гэтага старажытнага прадмета для нас ужо няўцямная....
Кухмістр Верашчака
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.