Вы тут

Пасля 60 жыццё толькі пачынаецца?


Амаль 700 пар за год пабраліся шлюбам у пенсійным узросце

Сёння ў свеце традыцыйна адзначаецца Міжнародны дзень пажылых людзей. «Звязда» пацікавілася, колькі ў Беларусі людзей, якія належаць да старэйшага пакалення, і якія новыя падыходы ў арганізацыі іх жыцця ўкараняюцца ў краіне.

Амаль кожны пяты беларус старэйшы за 60 гадоў

Да ліку пажылых людзей адносяцца людзі ва ўзросце 60 гадоў і старэй. Як паведамілі «Звяздзе» ў Нацыянальным статыстычным камітэце, на пачатак 2014 года ў краіне пражывала 1 879,9 тыс. чалавек гэтай узроставай катэгорыі, або 19,9% ад агульнай колькасці насельніцтва краіны. Усяго за апошнія дзесяць гадоў колькасць пажылых людзей у нас павялічылася на 74,8 тыс. чалавек, або на 4,2%. Па даных на 1 ліпеня гэтага года, 557 беларусаў дасягнулі ўзросту ста і больш гадоў.

У агульнай колькасці пажылых людзей жанчын на пачатак гэтага года было 1 224,6 тыс. чалавек. Мужчын практычна ўдвая менш — усяго 655,3 тыс. чалавек.

Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў жніўні гэтага года на ўліку стаяла 2 549,6 тыс. пенсіянераў, з якіх 2 084,2 тыс. чалавек (81,7%) — атрымальнікі пенсій па ўзросце.

Многія пажылыя людзі і на пенсіі хочуць жыць паўнакроўным жыццём. Так, узрост не з'яўляецца перашкодай для стварэння сям'і. Летась у нашай краіне былі заключаны 684 шлюбы, у якіх муж і жонка ва ўзросце 60 гадоў і старэй. Усяго ў 2013 годзе 896 жанчын пажылога ўзросту ўступілі ў шлюб, жаніхамі сталі 1433 мужчыны.

нараджэнне рынку сацыяльных паслуг

1-31

Насельніцтва нашай краіны імкліва старэе. Па прагнозах спецыялістаў, у 2015 годзе доля пажылых людзей у структуры насельніцтва Беларусі павінна дасягнуць 25%. І трэба будзе ўлічваць гэта і шукаць новыя падыходы ў арганізацыі жыцця старэйшага пакалення.

Калі паглядзець, як арганізавана жыццё пажылых людзей у эканамічна развітых краінах, то акажацца, што іх сацыяльнае абслугоўванне ажыццяўляецца як праз сістэму дзяржустаноў, так і недзяржаўнымі арганізацыямі.Так, у Германіі сёння больш за 60% інтэрнатаў для інвалідаў з'яўляюцца недзяржаўнымі, прыблізна 50% дамоў састарэлых і 40% бальніц — таксама. Важную ролю ў сацыяльным абслугоўванні грамадзян адыгрываюць добраахвотныя аб'яднанні. А, напрыклад, у Фінляндыі каля 75% паслуг па сацыяльным абслугоўванні пажылых людзей прадастаўляюць муніцыпалітэты, 25% — прыватныя арганізацыі і ўстановы. У Швецыі грамадскія арганізацыі займаюцца такімі сацыяльнымі паслугамі, як дапамога на даму пажылым і інвалідам, догляд дзяцей. У Вялікабрытаніі грамадскія арганізацыі ўдзельнічаюць у стварэнні дамоў-інтэрнатаў для пажылых грамадзян і інвалідаў.

У нашай краіне таксама пачаў зараджацца рынак сацыяльных паслуг. Пра гэта сведчыць укараненне дзяржаўнага сацыяльнага заказу ў сацыяльным абслугоўванні. Гэта дазваляе прыцягнуць у сістэму сацыяльнага абслугоўвання некамерцыйныя арганізацыі.

Сёння ў нас функцыянуюць каля 2,2 тыс. грамадскіх аб'яднанняў рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўняў. Чаму б не прыцягнуць іх патэнцыял? Гэта дасць магчымасць павысіць даступнасць і якасць сацыяльных паслуг, разнастаіць формы сацыяльнай работы з насельніцтвам. 260 грамадскіх арганізацый, па інфармацыі Мінпрацы і сац-
абароны, ужо займаюцца аказаннем дапамогі пажылым людзям, але асноўная колькасць дагавораў пакуль заключана з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа.

Акрамя таго, Мінпрацы і сацабароны, дзяржава ў цэлым зацікаўлена ў пашырэнні сеткі прыватных інтэрнатаў з беларускім ці замежным капіталам. Пра гэта ўжо неаднаразова заяўляла, у прыватнасці, міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Сёння ва ўсіх рэгіёнах краіны, а таксама ў Рэспубліканскім інтэрнаце ветэранаў вайны і працы ажыццяўляецца сацыяльнае абслугоўванне пажылых людзей у аддзяленнях павышанай камфортнасці. Зараз у такіх аддзяленнях пражываюць больш за 100 чалавек. Сярэдні кошт аплаты такой паслугі — каля 6 млн рублёў у месяц. Пачынаючы з 2012 года, па ўсёй краіне прадастаўляецца таксама паслуга кароткатэрміновага — да 1 месяца — пражывання для тых, хто мае патрэбу ў доглядзе, у дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў.

Чаму вы навучыліся пасля 60 гадоў?

З выхадам на пенсію жыццё не заканчваецца. Яно працягвае здзіўляць, захапляць і натхняць, калі вы здольны здзіўляцца, захапляцца і натхняцца. Усё залежыць ад таго, што ў вашай душы. Мы спыталі ў мінчан: «Чаму вы навучыліся пасля 60 гадоў?» Вось іх адказы.

1-32

Леанід Шчамялёў, 91 год, мастак:

Я і зараз раблю тое самае, што рабіў і ў 30, і ў 40, і ў 50 гадоў, але з большым разуменнем таго, чым займаюся, для чаго і для каго. Я заўсёды, усё жыццё бачыў тое, што мне здавалася прыгожым, і адлюстроўваў гэта. Але ў працэсе работы кожнае палатно, кожная карціна праяўляе нешта новае — гэта трымаецца на тым, як ты разумееш сутнасць прыгожага. Вялікае мастацтва раней стваралася гадамі, каласальных вынікаў мастак мог дасягнуць і ў 95 гадоў. Мастацтва патрабуе працяглай працы, паступовага развіцця.

Людміла Вялічка, 63 гады:

Я ўсё жыццё працавала праграмістам, таму мой мозг і цяпер на ўзроўні сучасных патрабаванняў. Прыехала ў Мінск па размеркаванні пасля Ленінградскага інстытута 40 гадоў таму і ўсё жыццё прапрацавала ў Гідраметэацэнтры — займалася разлікам прагнозу надвор'я з дапамогай вылічальнай тэхнікі.

Я лічу, што чалавеку трэба пастаянна самаўдасканальвацца, а не чакаць, калі яго возьмуць за руку і адправяць на курсы. Самому трэба вучыцца — у тых, хто гэтага не любіць, жыццё складаецца сумна.

Пайшла на пенсію я ў 61 год. І, паколькі мой мозг пластычны і прывык увесь час працаваць, я стала вывучаць гісторыю нашай цывілізацыі, пачынаючы са Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма, праблемы Усходу і Захаду... Раней ніколі не было часу на гэта. А яшчэ пасля 60 я захапілася фатаграфіяй. Да гэтага таксама раней рукі не даходзілі, а цяпер у мяне пасля кожнай паездкі — сотні здымкаў.

1-26

Валянціна Макоўская, 81 год:

Пасля шасцідзесяці я стала добрай гаспадыняй: пачала гатаваць больш складаныя стравы, навучылася добра шыць, вязаць. Раней на гэта проста не было часу. Вядома, у мяне была сям'я (муж і двое дзяцей), і я, як любая гаспадыня, гатавала, але калі выйшла на пенсію, стала вывучаць рэцэпты і навучылася гатаваць шмат новых страў. Потым муж пабудаваў дачу, і я стала займацца ёю: вырошчваць там кветкі, зеляніну, варыць варэнне. У гэтым годзе нават бульбу пасадзіла!

А яшчэ я пасля выхаду на пенсію пачала займацца грамадскай працай. І ўжо 15 гадоў з'яўляюся старшынёй клуба пажылых людзей «У гасцях у бабуль» у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтральнага раёна г. Мінска. Мы сустракаемся ў клубе, дзелімся вопытам, прыносім часопісы, разам абмяркоўваем розныя пытанні, займаемся рукадзеллем, п'ём гарбату... Абавязкова разам адзначаем святы. Мне сумаваць няма калі! Некаторыя мае сяброўкі сталі вучыцца працаваць на камп'ютары. І я, магчыма, таксама займуся гэтым.

Святлана Бусько.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.