Вы тут

Ужо не забытая вайна...


Падлічыць дакладна колькасць ахвяр і герояў падзей стагадовай даўнасці складана. А вось захаваць пра іх памяць — магчыма

Зноў гаварылі пра вайну. На гэты раз — Першую сусветную. І яшчэ будуць гаварыць. Чатыры гады дакладна — да таго часу, калі амаль увесь свет адзначыць стагоддзе заканчэння аднаго з найбуйнейшых узброеных канфліктаў чалавецтва. А потым, як паказвае жыццё, зноў настане зацішша... Таму трэба выкарыстоўваць, як той казаў, момант. Што і робяць многія беларусы. Здзяйсняюць навуковыя даследаванні, пішуць кнігі, ствараюць помнікі... Бо разумеюць, што калі не цяпер, то ніколі. То забудуць... Хоць так ужо і было — доўгі час Першая сусветная вайна знаходзілася там, дзе пануе бяспамяцтва і маўчанне.

1-24

Параўнальна нядаўна пачалі ўспамінаць, сталі гаварыць. За даволі кароткі час зроблена нямала. А можа, нават шмат. Што канкрэтна, навукоўцы, гісторыкі, журналісты, краязнаўцы і ўсе тыя, хто займаецца гэтай тэмай, расказалі падчас «круглага стала» «Першая сусветная. Вяртанне памяці», які адбыўся ў пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Паслухаем і мы...

— У архівах краіны, у асноўным, у трох з іх — у Нацыянальна-гістарычным у Мінску, Нацыянальна-гістарычным у Гродне і Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь — захаваліся дакументы, звязаныя з перыядам Першай сусветнай вайны, — расказаў дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Уладзімір АДАМУШКА. — Большасць гэтых дакументаў змяшчае інфармацыю аб становішчы на акупаванай тэрыторыі. Што тычыцца звестак аб ваенных дзеяннях, то яны сустракаюцца фрагментарна. Гэты блок дакументаў захоўваецца ў Ваенна-гістарычным архіве Масквы.

Мемарыял памяці ахвяр Першай сусветнай вайны сёлета быў урачыста адкрыты ў Смаргоні. Гэта першы маштабны мемарыяльны комплекс,
прысвечаны падзеям стагадовай даўніны.

 

Калі больш дэталёва, то ў айчынных архівах можна знайсці дакументы, звязаныя са становішчам мірнага насельніцтва ў перыяд вайны, бежанствам на тэрыторыі Беларусі, стратамі мірнага насельніцтва. Аб гэтай гістарычнай спадчыне ведаюць не ўсе. Таму, каб інфармацыя стала даступнай шырокай грамадскасці — вядома, зацікаўленай — архіўная служба краіны займаецца выданнем дакументаў. Сярод апошніх твораў — зборнік дакументаў «Беларусь у гады Першай сусветнай вайны», карта вайсковых пахаванняў на тэрыторыі краіны ў час ваеннага ліхалецця, якая стала ў такім ключы першай у Еўропе, калі не ў свеце.

Аўтар шматлікіх кніг па тэме Першай сусветнай вайны Вячаслаў БАНДАРЭНКА прывёў некалькі міфаў, якія тычацца ўспрымання Вялікай вайны айчыннымі сродкамі масавай інфармацыі. «На адным з беларускіх каналаў 1 жніўня гэтага года я пачуў, што ў часы Першай сусветнай вайны ў нашай краіне быў забіты кожны сёмы жыхар, — падзяліўся гісторык і журналіст. — Знайшоўшы звесткі аб тым, колькі людзей было ў беларускіх губернях напярэдадні вайны, я прыйшоў да высновы, што наша тэлебачанне хоча, каб мы верылі, што ў Першую сусветную тут забілі мільён чалавек. На самой справе дакладных, са спасылкай на архіўную крыніцу, лічбаў пакуль не існуе. Сёння мы не можам падлічыць забітых, зрабіць гэта нават з дакладнасцю да тысячы не атрымаецца і ў далейшага пакалення гісторыкаў. Лічыць гэта фальсіфікацыяй? Напэўна, не. Гэта звычайная прынада для гледачоў».

З той жа «оперы» і наступныя міфы. Расказы, якія неаднойчы даводзілася чуць, у тым ліку і ў афіцыйных выступленнях, пра паэта Аляксандра Блока, які быццам змагаўся ў гады вайны на тэрыторыі Беларусі. Як сцвярджае спадар Бандарэнка, рускі пісьменнік з агідай і абурэннем ставіўся ўвогуле да ваеннай службы. І ў ніякіх бітвах, натуральна, ён не ўдзельнічаў, бо знаходзіўся ў глыбокім тыле. Узгадаў выступоўца і мемарыял на Мінскіх брацкіх могілках, які першапачаткова ствараўся ў гонар ахвяр Першай сусветнай вайны. А там, між іншым, пахаваны афіцэры і салдаты, якія па сутнасці ахвярамі не з'яўляюцца, яны — удзельнікі і героі той вайны. Сёння, дарэчы, у назве мемарыяла іншая фармулёўка — у гонар герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны.

Дыскусійнае пытанне — і праблема вывучэння вопыту Першай сусветнай вайны ў сістэме адукацыі Беларусі. «Для ваеннага чалавека гэты вопыт цікавы і запатрабаваны, бо шмат момантаў у гады Першай сусветнай вайны звязана з развіццём ваеннай справы і мастацтва баявых дзеянняў, — патлумачыў прафесар кафедры ваеннай стратэгіі факультэта Генеральнага штаба Узброеных сіл краіны Сяргей ЛЮТКО. — У нашых даследаваннях вельмі цяжка абапірацца на першакрыніцы, бо ўсе звесткі, якія тычацца баявых дзеянняў, знаходзяцца ў Расійскай Федэрацыі. Таму мы часта звяртаемся да прац нашых расійскіх калег. Выкладаючы ў Ваеннай акадэміі, я і мае калегі, на жаль, сутыкаемся яшчэ і з такой праблемай, як практычная адсутнасць у курсантаў ведаў аб Першай сусветнай вайне. У наш час, савецкі, гэтую вайну называлі імперыялістычнай, несправядлівай, але, прынамсі, яе вывучалі. Цяперашнія курсанты і студэнты валодаюць павярхоўнымі ведамі аб ёй».

І дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Аляксандр ГРОНСКІ ведае, у чым тут прычына. «Прагледзеўшы школьныя дапаможнікі па гісторыі, я ўбачыў, як там адлюстравана Першая сусветная вайна. Такія словы, як «патрыятызм», «абарона Айчыны» і падобныя пішуцца ў двукоссі. Калі параўноўваць з савецкімі падручнікамі, то я прыйшоў да высновы, што нават тады негатыву аб той вайне было значна менш, чым цяпер».

Аднак Першую сусветную вайну, як вядома, можна вывучаць не толькі па падручніках і архіўных звестках. Сёння, на шчасце, існуе шмат альтэрнатыў далучыцца да падзей стагадовай даўніны. Напрыклад, праз фотаздымкі і паштоўкі. Вядома, іх няма ў асабістых фотаальбомах, рэдка сустрэнеш і ў музеях. Але так было да нядаўняга часу. У музеях і ў некаторых іншых установах краіны, прычым не толькі ў сталіцы, пачалі з'яўляцца экспазіцыі на тэму Першай сусветнай вайны. Аўтарства большасці з іх належыць вядомаму калекцыянеру, аўтару кнігі «Беларусь праз фотааб'ектыў нямецкага салдата. 1915—1918 гг.» Уладзіміру ЛІХАДЗЕДАВУ. Адначасова краязнаўца можа пры жаданні наладзіць нават некалькі выстаў: яго калекцыю складаюць каля 30 тысяч арыгінальных фотаздымкаў і паштовак, прысвечаных падзеям Першай сусветнай вайны. Такой спадчыны няма ні ў адной бібліятэцы свету!

— Большасць фотаздымкаў і паштовак зроблена нямецкімі войскамі, — расказаў філакартыст. — Менавіта дзякуючы ім мы можам бачыць, як выглядалі беларускія землі ў гады Першай сусветнай вайны. Калі казаць аб расійскай прыналежнасці калекцыі, то яна налічвае каля 10 тысяч арыгіналаў. Па частках давялося збіраць фотаархіў 2-га Каўказскага кавалерыйскага корпуса, які налічвае больш за 800 фотаздымкаў, што паказвае ўвесь шлях гэтага вайсковага падраздзялення.

Калекцыю Уладзіміра Ліхадзедава па Першай сусветнай можна падзяліць на некалькі тэматычных раздзелаў: вайсковыя пахаванні, ваенныя дзеянні, бежанства, абмен палоннымі, братанне салдат, праваслаўе, побыт... Частку гэтых унікальных фотаздымкаў і паштовак калекцыянер гатовы перадаць у музей Першай сусветнай вайны, які ствараецца ў вёсцы Заброддзе, што на Вілейшчыне.

Стваральнікам гэтага музея з'яўляецца вядомы мастак Барыс ЦІТОВІЧ, які не адзін год свайго жыцця прысвяціў тэме Першай сусветнай вайны. Пераехаўшы ў глыбінку са сталіцы, ён за даволі непрацяглы перыяд аднавіў некалькі брацкіх могілак і іншых аб'ектаў у раёне, звязаных з Вялікай вайной. Пра гэтага ўнікальнага чалавека і яго падзвіжніцкую дзейнасць мы пісалі не раз. Спадзяёмся, яшчэ шмат будзем расказваць: у Барыса Цітовіча нямала планаў, якія разам са сваімі аднадумцамі ён рэалізуе ў бліжэйшы час.

«Зараз мы працуем над стварэннем помніка ў вёсцы Залессе, — падзяліўся лаўрэат прэзідэнцкай прэміі «За духоўнае адраджэнне». — Таксама актыўна вядзецца работа па стварэнні помніка ў Вілейцы пры ўваходзе на гарадскія могілкі, дзе пахаваны воіны, якія вызвалялі горад у восеньскіх баях 1915 года. З'яўляюцца новыя крыжы на магілах воінаў Першай сусветнай вайны. Сіламі культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі» мы рыхтуемся ўсталяваць помнікі на 12 аб'ектах Вілейскага, Валожынскага і Маладзечанскага раёнаў».

Такім чынам, сабрацца за «круглым сталом» ці ў іншым фармаце прыйдзецца яшчэ не раз. Спадзяемся, што даведаемся шмат новага і цікавага, каб больш ніхто і ніколі Першую сусветную не назваў забытай вайной.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.