Вы тут

Карабель вікінгаў адчаліць... з Зарэчнай вуліцы


Гаспадары кобрынскіх аграсядзіб аб'ядналіся ў справе аднаўлення гісторыі, культуры і абрадаў свайго краю

1-22

У аграсядзібе пад Кобрынам, якая называецца «На Зарэчнай вуліцы», будуюць карабель вікінгаў. Гэтая сядзіба адрозніваецца тым, што турыстам на ёй, акрамя традыцыйнага адпачынку, прапануюць нешта асаблівае. Тут праводзяць мерапрыемствы ў палескіх традыцыях, аднаўляюць старадаўнія, яшчэ дахрысціянскія абрады, ахвотных водзяць да каменнага лежака — галоўнай славутасці навакольных вёсак.

Цяпер вось на Зарэчнай узводзяць імітацыю плаўсродку далёкіх вікінгаў. Гаспадыня сядзібы Ала Палікарпук нагадвае, што менавіта праз нашы мясціны пралягаў некалі шлях з варагаў у грэкі. У ХVІ стагоддзі па Мухаўцы вазілі бурштын. Вось і вырашылі гаспадары сядзібы прапанаваць сваім пастаяльцам воднае падарожжа ў мінулае. Маршрут ужо распрацаваны, ён складзе прыкладна 35 кіламетраў.

Карабель будуе муж Алы Сяргей. Кансультацыі па абыходжанні з дрэвам ён атрымаў у знаёмых рамеснікаў. Таму паступова, дошка за дошкай, складваецца аснова судна. Дапамагаюць парадай і актывісты ваенна-гістарычнага клуба. Важна не толькі аформіць і ўпрыгожыць карабель «пад даўніну», але і правільна апрацаваць драўніну, каб не гніла ў вадзе. Ала Аляксееўна падкрэслівае, што іх судна — не рэканструкцыя, а толькі імітацыя карабля вікінгаў, на ім плануецца значную частку элементаў зрабіць з пластыку. У дракары, калі ён будзе гатовы, памесцяцца паўтара дзясятка чалавек. Спуск на ваду запланаваны вясной-летам 2015 года.

Ала Палікарпук гаворыць, што ў справе прываблівання турыстаў сёння мала адной беларускай кухні — трэба прыдумляць нешта іншае. Таму суседзі — гаспадары сядзіб, іншыя зацікаўленыя людзі — стварылі аб'яднанне «Мухавецкая кумора». Разам з актывістамі ваенна-гістарычнага клуба, іншых грамадскіх арганізацый сябры «Куморы» адраджаюць народныя абрады, звычаі, палескія традыцыі. Святы, якія праводзяцца на базе турыстычных сядзіб па чарзе, збіраюць шмат гасцей і гледачоў.

Ідэю Ала Палікарпук разам з калегамі падгледзелі ў Еўропе, калі наведвалі тамтэйшыя аграсядзібы. У іх распрацаваны цэлыя маршруты з улікам спецыфікі кожнай сядзібы. І тураператары ахвотна возяць людзей па маршруце. Кожны турыстычны аб'ект прапануе свой спецыфічны прадукт: ад вырабу і дэгустацыі піва да майстар-класаў па народных танцах. Вось і ў Кобрынскім раёне вырашылі аб'яднацца, бо ў адзіночку цяжэй ажыццявіць які-небудзь значны праект.

..Каб прывабліваць турыстаў, сёння мала адной беларускай кухні — трэба прыдумляць нешта іншае. Таму суседзі — гаспадары сядзіб, іншыя зацікаўленыя людзі — стварылі аб'яднанне «Мухавецкая кумора».

Так, на суседняй аграсядзібе праходзяць традыцыйныя беларускія Каляды, Сёмуха, іншыя святы. Ала і Сяргей Палікарпукі выбралі для сябе дахрысціянскія абрады і звычаі нашых краёў. Гэтым летам у  сядзібе «На Зарэчнай вуліцы» прайшло свята Купальскай ночы. Адбылося яно 21 чэрвеня, у самую кароткую ноч. Сабралася шмат гасцей. Разам з клубам гістарычнай рэканструкцыі «Перунова кола» гаспадары сядзібы падрыхтавалі цікавую праграму. Госці былі ў захапленні: усе разам вадзілі карагоды, збіралі зёлкі, шукалі папараць-кветку, а таксама частаваліся рознымі прысмакамі, куплялі сувеніры, загадзя падрыхтаваныя рамеснікамі.

Зімой рыхтуецца яшчэ адно цікавае мерапрыемства. Каля 30 тураператараў заявілі пра жаданне паўдзельнічаць у ім, каб вывучыць магчымасць уключэння сядзіб у маршруты.

Ала Аляксееўна разважае і пра тое, што апошнім часам асабліва турбуе яе і калег, прыхільнікаў сапраўднага турызму. Некаторыя гаспадары сядзіб выбралі найлягчэйшы шлях заробкаў і ператварылі свой бізнес у рэстаранны. Асноўны даход яны атрымліваюць ад банкетнай залы, дзе праходзяць карпаратывы, сямейныя святы, гуляюць кампаніі. Таму нярэдка і раздаюцца папрокі ў бок агратурызму: маўляў, сядзібы становяцца месцам калектыўных п'янак.

Ала і яе аднадумцы катэгарычна супраць такіх падыходаў. Яны хочуць зрабіць турызм пазнавальным, цікавым, прапагандаваць нашу гісторыю і культуру. Вось у гэтым кантэксце і разглядаецца будаўніцтва незвычайнага карабля.

Дом Палікарпукоў стаіць у такім маляўнічым месцы, што тут, здаецца, сама прырода падказала пра мэтазгоднасць заняцца агратурызмам. Сядзіба губляецца сярод дрэў. Побач — рака. Ала і Сяргей з тых гараджан, якія у свой час пакінулі горад і перабраліся жыць у вёску. Купілі старэнькую хату недалёка ад Кобрына, падрамантавалі яе і пачалі ўзводзіць дом. А тая старая хаціна, якой 110 гадоў, зараз увайшла ў іх агульны, можна сказаць, турысцкі комплекс. Тут зрабілі рамонт. У адным пакоі абсталявалі невялічкую банкетную залу, у другім можна размяшчаць гасцей.

«Канёк» гаспадыні з «Зарэчнай вуліцы» — гэта кухня. Стала традыцыяй на яе сядзібе праводзіць розныя кулінарныя конкурсы. Бывалі на такіх мерапрыемствах гаспадыні з блізкага і далёкага замежжа. «Такія сустрэчы вельмі ўзбагачаюць нас, мы вучымся адна ў адной», — гаворыць Ала Палікарпук. — Цяперашні турыст разборлівы, ён хоча не проста паесці, але і атрымаць эстэтычную асалоду ад абеду ці вячэры». Асновай свайго стала яна зрабіла беларускую кухню. Гасцям найперш прапануе мачанку, дранікі, бульбяныя скрылькі, галубцы, хатнія каўбаскі, бабку. Ад іншых гаспадынь на конкурсах навучылася гатаваць курыцу з грыбамі ў кляры, цэпеліны-дранікі з курынай начынкай і шмат іншага.

На свяце Купалля (на першым плане — Ала Палікарпук).

1-23

З харчаваннем гасцей бываюць розныя сітуацыі, ледзь не анекдатычныя. Аднойчы ў Палікарпукоў прыпыняліся галандскія веламарафонцы. Ала старалася, гатавала з улікам таго, што людзі сотні кіламетраў педалі круцяць, павінны адпаведна і падмацоўвацца. Ды ледзь не ў апошні момант ёй патэлефанавала гаспадыня сядзібы, дзе яны начавалі напярэдадні. У групе веласіпедыстаў былі вегетарыянцы, і яны засталіся практычна галоднымі. Бо ранейшыя гаспадары разважалі, як яна, і ўсё гатавалі з мясам. Бедныя вегетарыянцы харчаваліся адным хлебам з памідорамі. Да Алы яны ўжо прыехалі ледзьве ногі цягнучы. Але яна паспела — і слоены торт з грыбамі пабудавала, і грэцкую кашу ў гаршчочках прыгатавала, і агародніну... Ну і ад'ядаліся яны ўжо!

А з японскай турысткай было ўсё наадварот. Прыехала 21-гадовая падарожніца з вялікім заплечнікам. Мовы не ведае ні рускай, ні англійскай. Чым карміць японку, Ала нават не здагадвалася. Вырашыла пакласці ўсяго патроху: нешта ж яна захоча выбраць. Так і зрабіла. А госця, маленькая, худзенькая, сядзела і дзве гадзіны ела... Нават кавалачка хлеба не засталося. Потым старэйшая дачка недзе прачытала, што ў іх такі звычай, трэба з'есці ўсё, каб не пакрыўдзіць гаспадароў. Многаму даводзіцца вучыцца падчас стасункаў з людзьмі, у тым ліку і нейкім нацыянальным асаблівасцям.

Любіць Ала прымаць гасцей. Кажа, што цікава размаўляць з прадстаўнікамі розных краін: узбагачаешся, вучышся. У яе пабывала практычна ўся Еўропа, былі турысты з Канады, Аўстраліі, Ізраіля, краін Афрыкі. Аўстралійцы ў спёку падышлі да рэчкі і пытаюць: «Хто нас будзе кусаць у гэтай рацэ?» Давялося тлумачыць, што кракадзілаў у нас няма, піраній таксама, а шчупакі і карасі вельмі мірныя істоты, ніхто не ўкусіць, хоць прасядзі ў вадзе паўдня.

Ізраільскія турысты шукалі свае карані. Іх продкі некалі выехалі з гэтых мясцін, і людзям хацелася знайсці хаця б тое месца, дзе стаяла родная вёска дзядоў. Кітайскія госці вельмі ўпадабалі выступленне рыцарскага клуба з Кобрына. Усе, каму давялося пабыць на святах, арганізаваных «Мухавецкай куморай», выказвалі задавальненне.

Замежных гасцей Ала любіць за тое, што беражліва ставяцца да прыроды, да раслін. Кожную травінку, кожную краску, кожны грыб будуць разглядаць, фатаграфаваць, а не зачэпяць. Любіць, калі прыязджаюць людзі адукаваныя, зацікаўленыя паглядзець нашы славутасці, выдатныя мясціны. Цяпер, калі кобрынскія энтузіясты аб'ядналіся, лічыць старшыня раённага грамадскага савета па развіцці турызму Ала Палікарпук, такіх турыстаў будзе больш.

Святлана ЯСКЕВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.