Вы тут

Усё ў нашых руках


sg-3

...Апошнім часам у грамадстве ўсё часцей уздымаецца тэма сямейнага насілля. Кваліфікаваныя псіхолагі і юрысты кансультуюць яго ахвяр і агрэсараў у пошуку выйсця; праваахоўныя органы стараюцца працаваць не столькі з наступствамі, колькі на апярэджанне; грамадскія і міжнародныя арганізацыі наладжваюць работу тэлефонных «гарачых ліній» і адкрываюць цэнтры падтрымкі. Але — парадаксальна! — пры ўсё большай увазе да гэтага пытання эфектыўнасць барацьбы з дамашнім насіллем высокай не назавеш.

Мяркуйце самі: у Мінску ўжо амаль год працуе крызісны пакой, здольны прыняць да 3 сем'яў, пацярпелых ад сямейнага насілля, але дагэтуль ніводнай (!) заяўкі на засяленне не паступала. Або вось такі факт: штомесяц у органы ўнутраных спраў Беларусі паступае да 20 тысяч зваротаў наконт насілля ў сям'і. Але, разам з тым, за 8 месяцаў гэтага года праваахоўнікі ўсяго 26 разоў прымянялі абарончае прадпісанне — замацаваную ў заканадаўстве норму, якая дазваляе ўздзейнічаць на сямейных агрэсараў: забараніць ім стасункі з пацярпелымі, наведванне месцаў, дзе тыя знаходзяцца, і нават абавязаць пакінуць агульнае жылое памяшканне.

Чаму так адбываецца? Магчыма, таму, што ў нашым грамадстве ў цэлым і ў кожнай асобна ўзятай сям'і дагэтуль няма дакладных крытэрыяў разумення, што лічыць насіллем, а што — нормай. Павысіць голас на капрызлівае дзіця — гэта псіхалагічнае насілле або выхаваўчы метад? А пакараць фізічна таго, хто пакрыўдзіў слабейшага, — ужо насілле ці жывы доказ таго, што на ўсякага «ваяра» знойдзецца мацнейшы? Ставіць кропку ў размове безапеляцыйным «Так будзе, таму што я так сказаў!» — ціск на сямейнікаў ці дэманстрацыя аўтарытэту галавы сям'і? Татальны кантроль стасункаў і ўліковых запісаў падлетка ў сацыяльных сетках — адсутнасць даверу або клопат пра яго ж бяспеку? Нежаданне бегчы са сваркай да суседзяў на кожны «чых» дрыля ці роў сапсаванага крана — памяркоўнасць або слабасць характару?

Псіхолагі, праўда, супакойваюць: калі задаяцеся падобнымі пытаннямі, калі сумняваецеся, ці добры вы бацька, мама, сын, дачка, муж, жонка, — усё з вамі ў парадку. Бо насамрэч дрэнныя бацькі, як і хранічныя агрэсары, як і хворыя на алкагалізм, сябе вінаватымі не лічаць, знаходзячы мноства знешніх прычын для апраўдання: «Яна першая пачала», «Ён дастаў ужо», «Усе так робяць» і г.д.

Дарэчы, так супала, што сёння ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень ненасілля. Дата абрана невыпадкова: 2 кастрычніка — гэта дзень нараджэння Махатмы Гандзі, знакамітага індыйскага філосафа, грамадскага дзеяча, лідара руху за незалежнасць Індыі, вядомага якраз сваім вучэннем ненасілля і мірных перамен. У адпаведнай рэзалюцыі ААН, у прыватнасці, гаворыцца пра жаданне «зацвердзіць культуру міру, цярпімасці, разумення і ненасілля» ў як мага большай колькасці краін.

Безумоўна, перад кожным з нас такія глабальныя задачы не стаяць. Але чаму б, жадаючы палепшыць свет, не пачаць з сябе? Скажам, з сённяшняга дня? І перш чым сказаць або зрабіць нешта з пазіцыі сілы — штосьці такое, за што вам потым будзе сорамна нават перад сабой, — паспрабуйце ўзяць сябе ў рукі. Прамаўчаць. Палічыць у думках да дзесяці. Выйсці ў іншы пакой. Пабіць баксёрскую грушу... Але не прымушаць самых блізкіх расчароўвацца ў вас.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад вады да бяды — адзін крок

Ад вады да бяды — адзін крок

На вадаёмах краіны тонуць людзі. Што важна ведаць, каб не папоўніць спіс ахвяр?

Грамадства

Відавочца Перамогі

Відавочца Перамогі

Ваенныя вярсты сяржанта Андрэйчыкава.

Здароўе

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У ім з’явіцца і прышчэпка супраць раку шыйкі маткі.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.