Вы тут

5 кніг для чытання разам з дзецьмі


Аляксандр ІГНАТОВІЧ,  спецыяліст па лагістыцы:

1. Крысцін Нёстлінгер, «Далоў агурочнага караля!». У аповесці аўстрыйскай пісьменніцы ўсё пачынаецца з таго, што ў сям'і Хогельманаў раптам з'яўляецца фантастычны персанаж — агурочны кароль Кумі-Оры. Але далейшыя падзеі толькі на першы погляд казачныя. Насамрэч гэта цалкам рэальная гісторыя аб тым, што не толькі маленькія, але і дарослыя людзі часам трапляюць пад дрэнны ўплыў нядобрых асоб. Але калі гаворка ідзе пра сапраўды моцную, дружную сям'ю, то зло ўдасца перамагчы, а шкоднікаў — калі не перавыхаваць, то хаця б нейтралізаваць.

2-9

2. Соф'я Пракоф'ева, «Ласкуток і Воблака». Цалкам выпадкова адкрылі для сябе і сваіх дзяцей гэту кнігу — проста малыя ў цёткі на паліцы яе ўбачылі і папрасілі прачытаць. І потым кожны вечар ці я, ці жонка, чытаючы дочкам перад сном казку пра смелую дзяўчынку па мянушцы Ласкуток і яе добрага і высакароднага сябра— Воблака, якія перамаглі ў барацьбе са злым каралём Фантаніусам, міжволі самі захапляліся і паддаваліся на ўгаворы «яшчэ староначку».

3. Туве Янсан, «Казкі даліны Мумі-троляў». Гэты зборнік казак для дзяцей — толькі невялічкая частка гісторый з жыцця мумі-троляў. Яго хараство і прыцягальнасць у тым, што простай мовай расказваецца пра досыць складаныя нават для дарослых людзей рэчы: пра сяброўства і вернасць, безумоўную матчыну любоў і ўменне падзяліць вялікую ці маленькую радасць на ўсіх... Безумоўна, выдатныя малюнкі — не пашкадуйце часу і грошай, знайдзіце гэту кнігу ў якасным, добра ілюстраваным выданні.

4. Вольга Гапеева, «Сумны суп». Набылі гэты «зборнік для дарослых дзяцей і маленькіх дарослых» дзесьці ў кнігарні за кампанію з шэрагам іншых кніг — і не пашкадавалі. Прынамсі, мае малыя пачалі больш цікавіцца беларускай мовай, паслухаўшы казкі пра сумны суп, хворы гузік і ката з пашпартам.

5. Эдуард Скобелеў, «Незвычайныя прыгоды Арбузіка і Бебешкі». На мой погляд, абсалютна незаслужана забытая сёння кніга для малодшых школьнікаў пра прыгоды дваіх сяброў у краіне пачвар. Амаль 20 гадоў таму паводле гэтай кнігі нават мастацкі фільм знялі, але ён, лічу, атрымаўся крыху змрочным. Цяпер вось, чуў, зноў узяліся за экранізацыю — а значыць, нават старая казка не губляе сваёй актуальнасці.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.