Вы тут

Лета працягваецца


Калі ты — добры чытач з добрай кнігай

У Доме прэсы Міністэрства інфармацыі краіны і Выдавецкі дом «Звязда» падвялі вынікі акцыі «Лета з добрай кнігай». Гэта — адмысловы творчы праект, які аб'яднаў кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў у памкненнях знайсці больш шырокую чытацкую аўдыторыю. Па ўсёй краіне падчас летніх канікул пісьменнікі правялі мноства сустрэч з юнымі чытачамі.

2-58

Падсумоўванне падзей, якія стваралі атмасферу шырокага знаёмства з кніжнымі навінкамі па ўсёй краіне, правялі зусім не выпадкова. Па-першае, арганізатары ўсім хацелі сказаць добрае слова. Па-другое, гучна заявіць аб працягу такой шматаблічнай дзяржаўнай і грамадскай ініцыятывы.

— Вельмі прыемна, што праводзілася такая акцыя, — зазначыў паэт Рагнед Малахоўскі. — Асабіста я ў дадатак да традыцыйных сустрэч з чытачамі яшчэ адкрыў для сябе многія асяродкі, дзе паважліва ставяцца да друкаванай кнігі. Пабываў і ў школах, і ў аздараўленчых летніках.

— Нашаму выдавецтву «Лета з добрай кнігай» дазволіла шырэй і больш аператыўна распаўсюджваць кніжныя навінкі, — выказаўся галоўны рэдактар «Мастацкай літаратуры» паэт Віктар Шніп. — Сёлетнія чэрвень, ліпень, жнівень падкрэслілі, што пісьменніку, асабліва таму, хто піша для дзяцей, ніяк не абысціся без жывых сустрэч з чытачом. Рады, што іх паболела.

Сярод арганізатараў акцыі асаблівую руплівасць праявіў Мінскі аблвыканкам. Таццяна Хмель, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, расказала, што акцыя «Лета з добрай кнігай» адкрыла новыя рэзервы для сур'ёзнай арганізацыйнай працы з кнігай увогуле і з дзяржаўнымі выдавецтвамі, бібліятэкамі ў прыватнасці. А яшчэ засведчыла, што ў галіне культурна-асветніцкай, бібліятэчнай работы працуе шмат апантаных, улюбёных у чытанне, здольных на мноства ініцыятыў людзей. У сваю чаргу і аблвыканкам, і Міністэрства інфармацыі, і Выдавецкі дом «Звязда» ўдзячны за падтрымку акцыі парламентарыямі краіны. На падвядзенні вынікаў іх прадстаўляў Уладзіслаў Цыдзік, намеснік старшыні аграрнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (на здымку). Менавіта ён падштурхнуў многіх калег да пашырэння кніжнай, чытацкай прасторы ў сваіх акругах.

Што ж, лета сапраўды засталося ззаду. Але кніжнікаў краіны чакаюць новыя гарызонты. Мо дасягнуць іх дапаможа, напрыклад, асенні кніжны марафон?..

Мікола Раўнапольскі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.