Вы тут

Знаходзім там, дзе губляем


Я згубіла грошы. Зусім нечакана выявіла, што выпадкова выкінула з кашалька сорак еўра. Дзе і калі гэта адбылося — узгадаць не атрымалася. Засталося толькі кусаць локці ці... парадавацца.

Я дакладна ведаю: каб атрымаць нешта каштоўнае ад жыцця, трэба нешта аддаць яму. І калі аддаць з лёгкім сэрцам, не шкадуючы, кампенсацыя значна перавысіць тваю шчодрасць.

Сярод тых, хто разам з «Клубам 5000» дапамагае анкахворым дзецям, шмат тых, каму самому патрэбна дапамога, ёсць тыя, каму мы дапамагалі раней. Людзі аддаюць прымаючы і прымаюць аддаючы.

З Віялетай я пазнаёмілася гадоў сем таму, у пачатку сваёй валанцёрскай дзейнасці. Яна тады працавала педагогам у аддзяленні старэйшага ўзросту і паралельна заходзіла на суткі дзяжурства медсястры. Яна жыла сваёй работай. У Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі і за яго межамі. У дзяцінстве Віялета сама лячылася тут, губляла сяброў, кахала. Калі перамагла хваробу, яна вырашыла дапамагаць такім жа, як сама. Спачатку працавала санітаркай у анкацэнтры. Атрымаўшы адукацыю, стала медсястрой, пасля і педагогам. У Віялеты няма сям'і. Усе яе сябры так ці інакш звязаны з цэнтрам. Усё яе жыццё звязана з цэнтрам.

А пасля ў Віялеты знайшлі гепатыт С: актыўны вірус справакаваў цыроз, кісты, эрытэму, кровазліццё і шмат іншых пабочных дыягназаў. Яна стамілася ад бясконцых сюрпрызаў свайго арганізма, але працягвае плыць супраць моцнай плыні горнай ракі. Праўда, у выратавальнай камізэльцы. Камізэлька — гэта мы, сябры, «Клуб 5000». У яе і паплакаць можна, і надзьмуць, каб не патануць. Адна Віялета не спраўляецца ні маральна, ні матэрыяльна. Зарплата медработніка не дазваляе цягнуць усе выдаткі лячэння. Віялета — унікальны чалавек, яна — адначасова і падапечная «Клуба 5000», і адзін з самых актыўных яго дзеячаў. Са сродкаў, што мы пераводзім на яе дабрачынны рахунак, яна набывае лекі для сябе і падарункі для сваіх пацыентаў. Бо ведае, што, аддаўшы, атрымае ўдвая больш.

Дарэчы, каб не быць галаслоўнай, у Віялеты ёсць свой патаемны заступнік. Аднойчы мне напісаў незнаёмы чалавек з іншай краіны. Ён перавёў вялікую суму грошай для Віялеты і папрасіў застацца інкогніта. З тых часоў ён робіць гэта перыядычна і падтрымлівае яе ў самыя складаныя часы. Ён ніколі не бачыў Віялеты, не размаўляў з ёй і не збіраецца знаёміцца. А свой выбар тлумачыць проста: «Дапамагаючы ёй, я дапамагаю яшчэ некалькім хворым дзецям, якім дапамагае яна».

Наталля ў нашу каманду ўваходзіла паступова. Спачатку яна перадавала падарункі для падапечных, прывозіла грашовую дапамогу. Яна была ценем: незаўважна з'яўлялася і хутка знікала. Пасля сустрэчы, на якой мы замацоўвалі за кожным падапечным асобнага валанцёра, Наталля нерашуча напісала мне: «Спачатку пабаялася, а цяпер вырашылася: можна і я паспрабую ўзяць падапечнага?..» Пазней я змагла ацаніць гераізм яе ўчынку. Наталля ведала жыццё ў цэнтры знутры, там лячыўся яе маленькі сын. Яго не змаглі выратаваць. І калі здарылася непапраўнае, забітая горам маці знайшла суцяшэнне ў тым, каб дапамагаць такім жа хворым. «Валанцёрская дзейнасць не суцішыла мой боль, але дапамагла адчуваць сябе патрэбнай», — патлумачыла пазней Наталля. Сёння жанчына ў шчаслівым чаканні: хутка на свет з'явіцца яе дачушка. Наталля знайшла сябе там, дзе згубіла сына.

...Перыядычна я атрымліваю лісты, у якіх адначасова і просьба, і прапанова. Маці Лізы просіць дапамагчы ім з паездкай да доктара ў Германію і тут жа пытае, як перадаць прадукты для Каці, якая лечыцца без бацькоў; фотаапарат для Вовы, які даўно пра гэта марыў, і адзенне для мамы Олі, з якой у іх супадаюць памеры. Яна не можа самастойна аплаціць дарагія квіткі на самалёт, але можа і хоча падзяліцца тым, што мае. У той жа дзень для Лізы знайшоўся спонсар. Яна ўстойліва трымаецца ў рэмісіі, кожныя пару месяцаў ездзіць на кантроль у Германію, а яе маці падтрымлівае ўсе дабрачынныя акцыі «Клуба 5000» і стараецца быць карыснай іншым. Яна прымае і аддае.

Даўным-даўно я назірала за гісторыяй дзяўчыны-калясачніцы. Усе звалі яе «сонечнай дзяўчынкай». Яна збірала грошы на рэабілітацыю і вяла інтэрнэт-дзённік. «Сонечная дзяўчынка» прыдумала сваю тэорыю ўзаемнай дапамогі. Яна шукала ў інтэрнэце гісторыі тых, хто збірае сродкі на лячэнне, і пяць працэнтаў ад кожнага атрыманага пераводу адпраўляла на іх патрэбы. Я тады вельмі здзівілася: як жа яна плануе назбіраць неабходную суму, калі тут жа ўсё раздае! Не ведала я, што, раздаючы, яна збярэ яшчэ больш.

...Мае сорак еўра, веру, знайшоў добры чалавек, якому яны больш патрэбныя. На гэтым я супакоілася, змірылася і пайшла на дзень нараджэння сына сяброўкі. Там да мяне падышоў незнаёмы чалавек і ўклаў у руку чатырыста тысяч: «Гэта для вашых падапечных».

Таццяна Немчанінава,

кіраўнік дабрачыннага руху «Клуб 5000».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.