Вы тут

Самы моцны ў свеце тыл


Пра сям'ю Харланчукоў-Южаковых, якая прадставіць у фінале конкурсу Міншчыну, «Сямейная газета» ўжо распавядала. Але пра творчых і адметных асоб заўжды можна сказаць яшчэ нешта, што дадае выразныя штрыхі да партрэта. Нават калі гэта, здавалася б, суцэльныя дробязі...

2-15
Напрыклад, ці ведаеце вы, чаму ў акцёрскай сям'і Паўла і Ганны двайное прозвішча? А куфэрак адкрываецца проста. Рэгіструючы шлюб, Ганна хацела захаваць сваё дзявочае прозвішча, а супрацоўнікі ЗАГСа сцвярджалі, што ў такім выпадку двайное прозвішча павінны будуць узяць і муж, і жонка. І Павел, будучы ўжо вядомым рэжысёрам і акцёрам, без сумневаў пагадзіўся: «Узяць прозвішча каханага чалавека — не толькі не сорамна, але і пачэсна».
Цяпер у сям'і выхоўваюцца чацвёра дзяцей: Філіп, Івона, Адэля і Алівія. А неўзабаве ўсе з вялікім нецярпеннем чакаюць нараджэння яшчэ адной сястрычкі — Паўлінкі. Філіпа і Івону бацькі ўзялі з дзіцячага дома і ўсынавілі, даўшы да таго ж абаім новыя імёны — у знак пачатку новага жыцця.
Пытанне ладу ў сям'і, асэнсаванага бацькоўства і шчаслівага дзяцінства — наогул асобная тэма для Харланчукоў-Южаковых. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова аднойчы ўбачыць спектакль «Маё сэрца б'ецца», пастаўлены Паўлам Харланчуком у межах праекта «У абарону жыцця!», дзе ўдзельнічае ўся сям'я, уключаючы малых. З аднаго боку — гісторыя звычайнай маладой пары, якая аказваецца перад выбарам: нараджаць жонцы дзіця альбо прыняць няпростае рашэнне перапыніць цяжарнасць; з другога — нябесная школа маленькіх анёлаў, якія рыхтуюцца да «выпускнога» — свайго з'яўлення на свет і ўжо загадзя вельмі любяць сваіх бацькоў... Па ходзе падзей знаходзіцца месца і смеху, і слязам... Адзінае, што застаецца нязменным на працягу некалькіх гадоў: гледзячы гэтую пастаноўку, немагчыма застацца абыякавым. А сёлета Павел узяў удзел у яшчэ адным творчым праекце сямейнай тэматыкі: ён зняўся ў кліпе спявачкі Жанэт, прысвечаным усім сем'ям, якія не могуць мець дзяцей... «Гэта наша агульная пазіцыя, — часта паўтарае бацька вялікага сямейства ў інтэрв'ю, — што дзеці — самае вялікае шчасце і наогул галоўнае дасягненне ў жыцці. Усё астатняе — грошы, кар'ера, слава — зусім не крытэрый шчасця, а нейкія недаўгавечныя і неістотныя рэчы, падобныя да мыльных бурбалак».
А яшчэ Павел — з тых рэдкіх мужчын, якія з пашанай і нават піетэтам ставяцца да незаў-
важнай «хатняй» жаночай працы. «Я часта вельмі заняты на здымках і ў тэатры, але ў Ані праца — яна не толькі працуе мамай, але і ўся вучоба дзяцей, увесь дом трымаецца на ёй — нашмат цяжэйшая. Не ведаю, ці змог бы я з гэтым справіцца, — шчыра прызнаецца акцёр, рэжысёр, муж і бацька, — але, наколькі хапае сіл і магчымасцяў, стараюся дапамагаць, часцей бавіць час з сям'ёй, бо гэта мой самы моцны ў свеце тыл».
...Цалкам магчыма, што напрыканцы кастрычніка тату давядзецца ўзяць на сябе ролю галоўнага адказнага і «нязменнага дзяжурнага па доме і дзецях»: калі малодшая дачка Паўлінка з'явіцца на свет менавіта ў гэтыя дні, то выступаць у фінале рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года» Харланчукі-Южаковы будуць у няпоўным складзе. Зрэшты, месяц таму маме Ані разам з чатырма дзецьмі гэта не перашкодзіла перамагчы на абласным адборачным этапе.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.