Вы тут

Калі рукі залатыя...


Віцебшчыну ў фінале рэспубліканскага конкурсу «Сям'я года» прадставіць творчая сям'я Ніканчук з Наваполацка — пераможца абласнога агляду-конкурсу «Лепшая шматдзетная сям'я Віцебшчыны-2014».

Цікава, што галава сям'і — Аляксандр Анатольевіч, які працуе на прадпрыемстве «Нафтан-сэрвіс» мастаком, калі вучыўся ў мастацкім вучылішчы, удзельнічаў у рэстаўрацыі Мірскага замка. Цяпер жа ён актыўны ўдзельнік розных мастацкіх конкурсаў. У прыватнасці, яго плакат «Беражы сябе, тата!», заняў 1-е месца на рэспубліканскім конкурсе па ахове працы. Аляксандр Анатольевіч актыўна добраўпарадкоўвае свой двор: летась выпілаваў з фанеры фігуры буслоў, млынара, распісаў сцяну ў сваім пад'ездзе прыгожымі малюнкамі. У выніку двор, у якім жыве сям'я Ніканчук, прызнаны лепшым у горадзе па добраўпарадкаванні. Знаёмыя Аляксандра кажуць, што ён — творчы чалавек, які да сваёй справы ставіцца з душой і самааддачай. А яшчэ ён — любячы і клапатлівы муж і бацька.

Яго жонка, Таццяна Уладзіміраўна, дырэктар прыватнага прадпрыемства «РамДэко». Яе бізнес — гэта багетная майстэрня і крама тавараў для хобі і творчасці. Дарэчы, Таццяна пры краме ладзіць майстар-класы для дарослых па розных відах рукадзелля, тым самым далучаючы людзей да свету мастацтва і прыгажосці. А яшчэ абаяльная жанчына праводзіць урокі з дзецьмі па рукадзеллі пры царкве. Тут жа яна арганізавала і лялечны тэатр. Да ўсяго, Таццяна Уладзіміраўна — выдатная і гасцінная гаспадыня...

Марк, старэйшае дзіця ў сям'і, вучыцца ў 5 класе наваполацкай СШ №14, а ў музычнай школе займаецца па класе гітары. Ён — пераможца конкурсу мадэляў ваеннай тэхнікі, вырабленых з падручных матэрыялаў, прысвечанага Дню абаронцы Айчыны. У размове высвятляецца, што хлопчык добра валодае роднай беларускай мовай! Акрамя ўсяго, праяўляе вялікую цікавасць да кулінарыі: з мамай робіць хатнюю выпечку.

Яго малодшая сястра Настасся — вучаніца 4 класа той жа школы. А яшчэ яна вучыцца ў музычнай школе (на харавым аддзяленні. — А.П.) і займаецца ў студыі сучаснага танца. Насця любіць жывёл: прынесла ў хату кошку, якая стала ўлюбёнкай усіх членаў сям'і.

А самай малодшай з сям'і Ніканчук — Сафіі — яшчэ толькі тры годзікі. Яна наведвае дзіцячы яслі-сад № 23 горада Наваполацка. Гэта — актыўная, дапытлівая дзяўчынка. У сям'і ні адна агульная справа не адбываецца без яе ўдзелу. Сафія праяўляе і творчыя здольнасці. Напрыклад, з цікавасцю наведвае ўрокі рукадзелля і рэпетыцыі лялечнага тэатра, арганізаваныя яе мамай.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.