Песня «Пажадай мне, мама!..» Уладзіміра Пецюкевіча і Дзмітрыя Даўгалёва адразу запала ў сэрцы слухачоў, як толькі загучала на эстрадзе, у радыё- і тэлеэфіры. На пачатку гэтага стагоддзя яе прэзентаваў Алег Сямёнаў. Спявак змог душэўна перадаць прысягальны роздум маладога пакалення, дзяцінства якога апаліла вайна. Нялёгкая доля выпала тым юнакам і дзяўчатам. І заўсёды на жыццёвай дарозе іх падтрымлівала і клікала наперад святая вера ў росквіт роднага краю, яго шчаслівую будучыню. А гэта магчыма толькі тады, калі воля і незалежнасць заваладараць паўсюль у мірнай прасторы.
Уладзімір Пецюкевіч і Дзмітрый Даўгалёў у цесным супрацоўніцтве напісалі некалькі дзясяткаў вакальных твораў («Гаю мой, не кліч», «Мілая спадарыня», «Заспявай мне песню, крывічанка», «Балада», «Белая лілея», «Палачаначка-князёўна», «Рэха жураўлінае» і іншыя). Усе яны ўражваюць тонкім паэтычным пранікненнем у духоўную сутнасць беларускага народа і яе мастацка-вобразным выяўленнем музычнымі сродкамі. Песня «Пажадай мне, мама!..» увайшла ў залаты фонд беларускай песеннай лірыкі, годна аздабляе яе частку, прысвечаную падзеям мінулай вайны.
Верш Уладзіміра Пецюкевіча
Музыка Дзмітрыя Даўгалёва
Пажадай мне, мама, пажадай мне
Ясных дзён і самых светлых сноў! —
Я іду ў нязведаныя далі
Вечным полем горкіх палыноў.
Я іду на кліч світальнай чайкі —
Недзе там світае ранак мой,
Недзе там спаткаю вечнасць бацькі,
Што ўзышла курганнаю гарой.
Недзе там, за той гарой святою,
Наталю душу з жывых крыніц
І знайду я, мама, краску-долю
У святле купальскіх зараніц.
Недзе там, за той гарой святою,
Я не раз згадаю твой наказ:
— Помні, сын, і ты, як бацька, волю
Заслані сабой у грозны час!..
Пажадай мне, мама, пажадай мне
Ясных дзён і самых светлых сноў! —
Я іду ў нязведаныя далі
Вечным полем горкіх палыноў.
Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.