Вы тут

Палітра пачуццяў


Чэшскія колеры расійскага мастака душой і сэрцам прыгарнуліся да Беларусі

Мастацкі свет заўсёды непрадказальны. Мастакі здаўна падарожнічаюць, шукаючы новых уражанняў. Невыпадкова перадзвіжнікі ехалі на доўгія вакацыі ў Еўропу. Як невыпадковым здаецца жаданне, напрыклад, Георгія Паплаўскага адкрываць Індыю, Кітай, Егіпет... Нават Кітай, у якім ужо можна ствараць мастацка-геаграфічны атлас беларускай скульптуры, вабіць шукальнікаў мастацкіх ісцін. Альбо ўражлівым падаецца «наступ» сучасных беларускіх мастакоў на Германію, Францыю, іншыя краіны. У 1960-я і пазней савецкія мастакі (былі сярод іх і прадстаўнікі беларускай мастацкай школы, як сёння славуты жывапісец Барыс Забораў, якому ў Мінску цесна было ўседзець у «пасадзе» кніжнага графіка) імкнуліся вырвацца па вольнае паветра ў іншы свет. З кагорты такіх па-свойму рашучых і адважных і санкт-пецярбургскі творца Барыс Кюленен.

10-4

10-4

 

Атрымаўшы адукацыю ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце, ён працаваў рэстаўратарам у Ленінградзе. Вядома ж, для поўнай яго рэалізацыі як мастака шмат чаго неставала. Было жаданне вырвацца «за рамкі». Паспрыяла гэтаму і нечаканае каханне. У горад на Няве прыехала чэшская мастачка Бажэна Двожакава. Яна марыла пабываць у Эрмітажы. Але трапіла да гэтай скарбніцы ў выхадны дзень. На працу ішоў Барыс і сустрэўся позіркам з сумнымі вачыма замежнай госці. І не мог не правесці для яе экскурсію па пустых залах Эрмітажа. Так нарадзілася каханне. Усё адбылося імкліва. Бажэна развялася з мужам, запрасіла Барыса ў Чэхаславакію (так тады называлася яе краіна). Але... яго не выпусцілі. Бажэна правяла юрыдычныя кансультацыі, раілася з натарыусам. І як вынік — яны распісаліся ў ЗАГСе ў Ленінградзе, а ў чэшскі Тржэбіц паехалі як муж і жонка. І быў гэта 1980 год...

Шчаслівыя сужэнцы Кюленены заснавалі мастацкую галерэю, на другім яе паверсе зрабілі жылыя пакоі. Шмат працавалі. Арганізоўвалі выстаўкі, ездзілі літаральна па ўсім свеце. Барыс Кюленен спраўдзіўся не толькі як рэстаўратар, але і як жывапісец, кніжны графік, фотамастак... Цяпер ён з ахвотай сваімі творамі вяртаецца ў знаёмую яму постсавецкую прастору. Так здарылася, што яго выстаўка графічных работ прайшла ў «Кніжным салоне» ў Мінску. Як куратар гэтага праекта і мінскі куратар чэшскай галерэі GalerіeKARAS выступіла мастачка, кніжны графік Аксана Аракчэева. Сам аўтар работ не змог прыехаць з чэшскага Тржэбіча. Але яго віталі многія зацікаўленыя ў развіцці чэшска-беларускіх мастацкіх і культурных стасункаў асобы. І старшыня таварыства «Беларусь — Чэхія» Валерый Гедройц, і намеснік старшыні беларускага Саюза мастакоў Аляксандр Дранец, і паэт Сяргей Панізнік, даўні прыхільнік чэшскай культуры, перакладчык многіх твораў чэшскіх паэтаў на беларускую мову.

Усе яны пранікліва, з пачуццём асаблівай сардэчнасці гаварылі пра колеры, вынайдзеныя Барысам Кюлененем у расповедзе пра Чэхію, Маравію, Тржэбіч, розныя цікавыя яму тэмы. Палітрай пачуццяў я назваў бы ўсе мастацкія вынаходкі чэшскага творцы. І хоць ён не прыехаў на імпрэзу ў «Кніжны салон», здавалася, што размову з гледачом вядуць яго душа і сэрца.

— У многім сённяшняя выстаўка адбылася дзякуючы руплівасці колішняга чэшскага пасла ў Беларусі Іржы Караса, які настойліва цяпер прапагандуе ў Чэхіі беларускае выяўленчае мастацтва, робіць цяснейшымі мастацкія сувязі дзвюх славянскіх краін. Дарэчы, напрыканцы сваёй дыпламатычнай місіі Іржы Карас у 2011 годзе быў выбраны ганаровым членам Беларускага саюза мастакоў. Такое званне прысуджана было ўпершыню. І цяпер добры сябар Беларусі не забывае пра сваю захопленасць творчымі адкрыццямі нашых жывапісцаў, графікаў. Сведчанне гэтаму і тое, што Galerіe KARAS у 2013—2014 гг. правяла чатыры беларускія выстаўкі. А ў сёлетнім лістападзе яна прапаноўвае свае залы для вернісажа беларускіх скульптараў «Шляхам Скарыны да Прагі». Імпрэза ж у мінскім «Кніжным салоне» — адзін з першых крокаў да асваення чэшскага мастацкага свету ў Беларусі.

Сяргей Шычко

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.