Вы тут

Атрымалі пастаянную «прапіску»


Пастаўкі беларускіх мінеральных угнаенняў займаюць ужо амаль трэць бразільскага рынку

Беларуская калійная кампанія на мінулым тыдні падпісала пагадненне з буйнейшай кампаніяй Rосhа аб арганізацыі захоўвання і апрацоўкі грузаў у бразільскім порце Паранагуа, а таксама на арэнду мытных складоў у Бразіліі. Аб гэтым карэспандэнту «Звязды» паведамілі ў прэс-службе БКК.

Эксперты бразільскага рынку ўпэўнены, што двухбаковае супрацоўніцтва істотна палепшыць лагістыку паставак і сэрвісу для менш буйных кліентаў у рэгіёне і дае магчымасць БКК пастаўляць тавар пакупнікам у самыя кароткія тэрміны, выконваючы, у тым ліку, і экстранныя заказы праз пастаўку прадукцыі з мытных складоў.

Кіраўнік айчыннай кампаніі Канстанцін Дзедук лічыць, што новыя арэндаваныя мытныя склады абсталяваны па апошнім слове тэхнікі і валодаюць сучаснай інфраструктурай. Цяпер выкарыстанне гэтых складоў з'яўляецца адным з самых эфектыўных метадаў вырашэння праблем, якія звязаны з перагружанасцю партоў і ростам платы за прастойванне судна. Адзначым, што на порт Паранагуа прыпадае каля 40% усіх паставак імпартных угнаенняў у Бразіліі, нагрузка на порт вельмі вялікая, асабліва ў разгар сезона. Падпісаўшы пагадненне на арэнду мытных складоў у гэтым порце, Беларуская калійная кампанія атрымала значную канкурэнтную перавагу. Плюсы такога супрацоўніцтва падвойваюцца, бо з мытнага склада тавар можна прадаць у іншы штат Бразіліі без дадатковых пошлін.

Аперацыі ў межах гэтага пагаднення ўжо здзяйсняюцца: разгрузка першага судна з партыяй грануляванага хлорыстага калію ў аб'ёме 25 тысяч тон была паспяхова завершана. У планах БКК — ажыццяўленне рэгулярных адгрузак у порт Паранагуа ў мэтах забеспячэння дастатковай колькасці тавару на складах і пастаўкі прадукту найбольш эфектыўным спосабам. Такім чынам, сумеснымі намаганнямі БКК і Rосhа будуць значна ўдасканалены як лагістычная інфраструктура, так і аперацыйная дзейнасць, што звязана з пастаўкамі калійных угнаенняў у Бразіліі.

Неабходна адзначыць той факт, што сучасная Беларуская калійная кампанія зарэкамендавала сябе надзейным дзелавым партнёрам і дысцыплінаваным гульцом на рынку, а таксама ў першым паўгоддзі сёлета стала пастаўшчыком нумар 1 у Бразіліі, заняўшы амаль 30% долі на гэтым рынку.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.