Вы тут

Па законах рынку і сумленнасці


Мы гатовы прыняць усіх украінцаў, якія захочуць прыехаць сюды жыць і працаваць

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з кіраўніцтвам АТ «Матор Січ» (Украіна), паведамляе БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запрасіў кіраўніцтва кампаніі, каб з першых вуснаў пачуць пра задумы і перспектывы працы АТ «Матор Січ» у Беларусі. Паводле слоў Прэзідэнта, ён занепакоены працай некаторых прадпрыемстваў, па іх далейшай дзейнасці неабходна прымаць рашэнні. Адным з такіх прадпрыемстваў з'яўляецца Аршанскі авіярамонтны завод, у савет дырэктараў якога ўваходзіць кіраўніцтва
АТ «Матор Січ».

«Я яго захаваю і хачу, каб гэтае прадпрыемства і гэты аэрадром развіваліся», — агучыў Аляксандр Лукашэнка сваю пазіцыю наконт завода ў Оршы. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што для яго вышэйназванае прадпрыемства з'яўляецца вельмі важным.

«Калі б вы прыйшлі на гэтае прадпрыемства перакантавацца, як у нас казалі, або перажыць нейкія часы, або зрабіць яшчэ нешта другараднае, і не было перспектывы — усё роўна, гэта акцыянернае таварыства ці не, набылі яго ці не набылі, — у нас ёсць жорсткі вопыт паводзін з такімі акцыянерамі і такімі «прышэльцамі», — адзначыў беларускі лідар. Але, па словах Аляксандра Лукашэнкі, Аршанскі авіярамонтны завод працуе, можа, не на поўную магутнасць, але «не горш, па меншай меры, чым было, нават лепш працуе». Прэзідэнт адзначыў, што па гэтай прычыне і вырашыў сустрэцца з кіраўніцтвам кампаніі, перш чым прымаць рашэнне аб далейшым лёсе прадпрыемства.

«Вы, вядома, можаце падумаць, што я не рынкава разважаю, бо прадпрыемства прыватнае. Ведаеце, калі б вы яго стваралі з нуля, магчыма, я б не ўмешваўся ў пытанні дзейнасці прадпрыемства, за выключэннем правоў работнікаў, у тым ліку кіраўнікоў. Вось іх правы: яны павінны працаваць, атрымліваць дастойную заработную плату, іх ніхто не павінен крыўдзіць. І каб прадпрыемства працавала па законе. Усё! Далей я нікуды не ўмешваюся, калі гэта прыватнае прадпрыемства, створанае сваімі рукамі. Калі яно прыватызавана, у нас практыка такая, што мы яго кантралюем», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на тое, што Аршанскі авіярамонтны завод быў створаны народам.

«Мы такім чынам ставімся. Можа быць, няправільна, але думаю, што людзі, якія працуюць ва Украіне, сёння вельмі добра разумеюць, што правільна, а што няправільна. Я вельмі баюся прышлых алігархаў сюды, вельмі баюся, каб гэтыя алігархі ў нас, не дай Божа, не з'явіліся ды і не пачалі кіраваць краінай, як гэта прынята, не будзем паказваць пальцам, у іншых дзяржавах. Таму я вельмі асцярожна да гэтага пытання стаўлюся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы павінны ведаць маю ідэалогію і мой падыход да гэтых пытанняў. Калі мы з вамі вызначымся і дамовімся будаваць адносіны, зыходзячы менавіта з гэтых ідэалагічных пастулатаў, то мы заўсёды будзем працаваць паспяхова і вы ніколі не будзеце мець праблем у Беларусі. Гэта я вам гарантую», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Прашу, каб вы не зыходзілі з цяперашняй сітуацыі: вось цяжкавата недзе ва Украіне, трэба праз Беларусь працаваць з Расіяй. Я гэта нават не ўтойваю — гэта правільна. Я і Прэзідэнту Расіі сказаў: «Буду запрашаць усіх украінцаў, якія да мяне прыедуць, жыць, працаваць з намі, праз нас з вамі. І вы павінны гэта разумець», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па словах беларускага лідара, сваю пазіцыю ён агучыў і ўкраінскаму кіраўніцтву.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.