Вы тут

За кошт чаго будзем «расціць» эканоміку?


У Савеце Рэспублікі абмеркавалі Нацыянальную стратэгію развіцця краіны да 2030 года 

Якой будзе беларуская эканоміка праз 15 гадоў? Колькі мы будзем зарабляць і ў якім узросце пойдзем на пенсію, як будзе развівацца прыватная ініцыятыва і якім будзе адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел у краіне,— пра гэта і не толькі на днях ішла гутарка у верхняй палаце беларускага парламента. Чарговае пасяджэнне навукова-кансультацыйнага савета па пытаннях развіцця эканомікі пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі было прысвечана распрацоўцы Нацыянальнай стратэгіі развіцця Беларусі да 2030 года.

Як заўважыў ва ўступным слове Анатоль РУСЕЦКІ, намеснік старшыні Савета Рэспублікі і старшыня навукова-кансультацыйнага савета, на 2014–2015 гады прыпадае завяршэнне цэлага шэрагу важных дзяржаўных праграм.

—Нам трэба добра разумець, якім чынам краіне дзейнічаць і развівацца далей, пры гэтым павінны закладваць у стратэгію толькі тыя моманты, якія мы здольны рэалізаваць,— падкрэсліў ён.

Старшыня навукова-кансультацыйнага савета звярнуў увагу і на немагчымасць існавання краіны ў сённяшніх умовах ізалявана ад іншых дзяржаў. Па яго словах, мы павінны стварыць сістэму, якая нам дазволіць інтэгравацца, развіваць нашы адносіны як з Усходам, так і з Захадам.

Чалавек — эканоміка — экалогія

Даклад «Асноўныя аспекты праекта Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года» прэзентаваў Аляксандр ЧАРВЯКОЎ, дырэктар Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі.

—Стратэгія павінна вызначаць напрамкі працы дзяржавы на 15 гадоў наперад у рамках устойлівай трыяды: чалавек — эканоміка — экалогія,— адзначыў ён.— Іншымі словамі, мы павінны заглянуць у будучыню і сказаць, якой павінна быць наша краіна ў 2030 годзе.

Як паведаміў дакладчык, пры распрацоўцы праграмы ўлічваліся розныя фактары. Па-першае, глабалізацыя і, як вынік, узмацненне канкурэнцыі на мясцовым і на сусветным узроўні.

—Нашы прадпрыемствы ўжо сёння канкурыруюць не на ўзроўні вобласці, раёна, дзяржавы, а і ў свеце,— аргументаваў Аляксандр Чарвякоў.

Другі фактар — перафарматаванне сусветнай сістэмы: змяшчэнне цэнтра развіцця ў азіяцкі рэгіён (у большасці сфер лідзіруючыя пазіцыі паступова займае Кітай). Трэці — змена клімату і вычэрпванне сусветных запасаў прыродных рэсурсаў.

—Пры распрацоўцы мы ўлічвалі і рэзалюцыю Арганізацыі Аб'яднаных Нацый «Будучыня, якую мы хочам», дзе дадзены агульныя рэкамендацыі дзяржаве па распрацоўцы стратэгіі развіцця краіны,— паведаміў выступоўца.— Не абмінулі ўвагай і асноўныя прагнозы развіцця Беларусі, Расіі і Еўрапейскага саюза. Улічаны былі і ўнутраныя праблемы, і ўмовы, у якіх развіваецца і будзе развівацца наша краіна.

«За 15 гадоў мы можам страціць тры Бабруйскі»

Называючы асноўныя рызыкі, з якімі можа сутыкнуцца наша краіна на працягу наступных 15 гадоў, Аляксандр Чарвякоў у першую чаргу зрабіў акцэнт на эканамічных праблемах.

—Гэта марудныя тэмпы трансфармацыі эканомікі і рызыка захавання яе высоказатратнай структуры. Беларусь займае 101‑е месца са 120 краін у рэйтынгу эканамічнай трансфармацыі, Расія на сёння — на 77‑й, Казахстан — на 83‑й пазіцыі. Застаецца дастаткова высокай рызыка тэхналагічнага адставання. Доля высокатэхналагічных сектараў прамысловасці Беларусі сёння складае не больш за 2%, а ў многіх замежных краінах гэты паказчык перавысіў 10%. Па-ранейшаму тэмпы росту нашай эканомікі залежаць ад знешніх паставак энергетычных рэсурсаў, а таксама ад вагання цэн на іх. Сярод рызык ёсць верагоднасць і міжнароднай дыскрымінацыі, якая праяўляецца ўжо сёння.

У той жа час нельга не ўлічваць і сацыяльныя рызыкі. Вялікую занепакоенасць у эканамістаў выклікае дастаткова высокая страта працоўнага патэнцыялу краіны.

—За 15 гадоў яна можа скласці прыкладна 600 тысяч чалавек — а гэта тры Бабруйскі. Доля працаздольнага насельніцтва таксама скароціцца з 59 да 52%.

Існуе рэальная пагроза працоўнаму патэнцыялу беларускай вёскі.

—Да 2030 года сяло пяройдзе ў катэгорыю працанедастатковых. Са 118‑ці сельскіх раёнаў у 98‑мі доля працаздольных грамадзян будзе складаць менш за 50%.

Замест 6 абласцей і 118 раёнаў можа быць утворана ад 16 да 19 акруг і 250–300 нізавых муніцыпалітэтаў.

Інерцыя ці інавацыі?

Па інфармацыі Аляксандра Чарвякова, з улікам гэтых знешніх і ўнутраных умоў прапрацоўваліся два магчымыя варыянты сцэнарыю развіцця краіны. Першы — інерцыйны. Для яго характэрна марудная перабудова эканомікі, нейтральнае стаўленне да развіцця прыватнага прадпрымальніцтва, захаванне існуючых тэндэнцый па накіраванні інвестыцый, маруднае фарміраванне высокатэхналагічнага сектара. Другі шлях — інавацыйнае развіццё. Ён прадугледжвае актыўнае правядзенне працэсаў трансфармацыі ўласнасці дзяржаўнага кіравання, галіновых і тэхналагічных структур, падтрымку прыватнага прадпрымальніцтва, актывізацыю попыту і прапановы на навуковыя распрацоўкі. У такіх умовах ВУП за 15 гадоў можа прырасці ў два разы.

Як паведаміў выступоўца, у якасці мэтавага сцэнарыю быў прыняты другі варыянт.

Першы кампанент рэалізацыі гэтага сцэнарыя — чалавек. Ва ўмовах глабалізацыі канкурыруюць не толькі краіны, але і дзяржавы. Чым вышэйшы інтэлектуальны патэнцыял, тым больш эфектыўна працуе сістэма кіравання. У выніку барацьба адбываецца паміж чалавечым капіталам і за яго. А для таго, каб стварыць такі капітал, асаблівую ўвагу трэба надаць сферам адукацыі і аховы здароўя. Сярод галоўных задач, на думку распрацоўшчыкаў стратэгіі, павінна стаяць стварэнне сістэмы бесперарыўнай адукацыі праз усё жыццё, пачынаючы з дзіцячага садка.

Яшчэ адна стратэгічная задача — забеспячэнне працягласці і якасці жыцця людзей.

—Базавымі катэгорыямі тут з'яўляюцца якасная ахова здароўя і заахвочванне здаровага ладу жыцця. Таксама трэба будзе павялічыць аб'ёмы высокатэхналагічных відаў медыцынскай дапамогі: транспланталогіі, эндапратэзавання… Трэба стварыць дзяржаўны механізм падтрымкі здаровага ладу жыцця.

Вялікую занепакоенасць у эканамістаў выклікае дастаткова высокая страта працоўнага патэнцыялу краіны. За 15 гадоў яна можа скласці прыкладна 600 тысяч чалавек.

Абласцей і раёнаў не будзе?

Палітыка ў галіне заработнай платы будзе забяспечвацца праз выкананне асноўных эканамічных законаў: грошы павінны быць зароблены. А галоўная задача пенсійнай палітыкі — забяспечыць фінансавую ўстойлівасць пенсійнай сістэмы з ростам адпаведнай нагрузкі.

—Мы не зможам тут абысціся без змянення пенсійнага ўзросту і яго паступовага набліжэння да ўзросту фактычнай страты працаздольнасці па старасці: гэта 65 гадоў у мужчын і 60 у жанчын,— лічыць Аляксандр Чарвякоў.

Таксама праект нацыянальнай стратэгіі прадугледжвае актыўны ўдзел дзяржавы ў бізнес-працэсах. Па словах дакладчыка, дзяржава павінна пазіцыянаваць сябе як эфектыўны ўласнік.

Яшчэ адзін цікавы момант у праекце развіцця краіны да 2030 года — рэфармаванне сістэмы дзяржаўнага кіравання на тэрытарыяльным узроўні. Галоўная мэта магчымых рэформаў — павышэнне ўстойлівасці і самадастатковасці эканамічнага развіцця рэгіёнаў.

—Гэтае пытанне патрабуе ўзважанай пазіцыі і ўсебаковай прапрацоўкі,— адзначыў выступоўца.— Для інфармацыі скажу, што мы разглядаем пераход на двухузроўневую сістэму кіравання. Так, замест 6 абласцей і 118 раёнаў можа быць утворана ад 16 да 19 акруг і 250–300 нізавых муніцыпалітэтаў. Асноўная задача гэтага — забеспячэнне ўстойлівасці развіцця тэрыторыі, стварэнне неабходнай эканамічнай базы для зніжэння датацыйнасці рэгіёнаў і забеспячэння самастойнасці вырашэння праблем.

Па словах Аляксандра Чарвякова, такім чынам рэгіёны змогуць больш эфектыўна карыстацца ўласнымі рэсурсамі. А галоўным рухавіком стане развіццё прыватнага бізнесу.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».