Яшчэ колькі гадоў таму буйныя фестывалі робатаў выклікалі вялізны ажыятаж: пра спаборніцтвы па робатафутболе, робатабарацьбе і іншых дысцыплінах у абавязковым парадку распавядалі самыя вядомыя сусветныя СМІ. Цяпер жа такімі мерапрыемствамі нікога не здзівіць: сфера крочыць наперад і становіцца паўсядзённай. Для беларусаў жа ўсё толькі пачынаецца, і першыя спаборніцтвы робатаў збіраюць натоўпы аматараў гэтага незвычайнага захаплення. Адзін з такіх турніраў прайшоў днямі ў мінскай гімназіі №50. На дзіцячыя спаборніцтвы па робатасумо патрапілі і нашы карэспандэнты.
Гэта ўжо другі адкрыты гарадскі турнір для дзяцей па робататэхніцы. Папярэдні адбыўся ўвесну і быў прымеркаваны да чэмпіянату свету па хакеі, што праходзіў у беларускай сталіцы. Гэтым была абумоўлена і асноўная дысцыпліна веснавых спаборніцтваў — робатахакей. Цяпер жа турнір «прывязалі» да фестывалю японскай культуры «Японская восень у Беларусі 2014» і дысцыпліну выбралі адпаведную — робатасумо. Арганізоўвалі яго грамадскае аб'яднанне ўсходняй культуры і традыцый «Хагакурэ», рэпетыцыйны цэнтр «100 балаў» і адзін з заснавальнікаў кампаніі «EPAM Systems» Леанід Лознер.
— Галоўная мэта правядзення турніру — папулярызацыя робататэхнікі ў Беларусі, — распавёў карэспандэнту «ЧЗ» адзін з арганізатараў Яўген ЛІВЯНТ. — Мы хочам, каб робататэхнікай у Беларусі займалася больш людзей. Такое мерапрыемства — просты і цікавы шлях да папулярызацыі. Аб пэўных поспехах можна казаць і зараз: год таму робататэхнікай у сталіцы займалася 100-150 чалавек, зараз размова ідзе ўжо пра лічбы ад 500 да 1000. Увогуле ў нашых планах кожны вучэбны год праводзіць па тры турніры: асенні, зімовы і вясенні. Хутчэй за ўсё, у наступны раз сустрэнемся якраз зімой.
Што ж уяўляе з сябе робатасумо? Калі вам даводзілася бачыць гэты від барацьбы на свае вочы, то адрозненняў з робатаспортам няшмат. Круглая пляцоўка для спаборніцтваў (па-японску — дахё) дыяметрам адзін метр з дзвюма рысамі, якімі адзначаны стартавыя пазіцыі электронных барацьбітоў. Раўнд доўжыцца 30 секунд. Перамагае той, хто здолее хаця б часткова выштурхнуць саперніка за межы круга. Бой ідзе да дзвюх перамог. Максімальная колькасць раундаў — тры.
Хлопцы з каманды «Гермес» — Ілья МАРКЕВІЧ, Алег АЗЕМША і Дзяніс ТАМАШЭВІЧ пачалі займацца робататэхнікай два гады таму ў рэпетыцыйным цэнтры. Цяпер ім па 14, і яны прыехалі на спаборніцтвы выключна для таго, каб перамагчы. Усе хлопцы збіраюцца працаваць у сферы ІT.
— Самае цікавае ў стварэнні робата — праграміраванне, — кажа Алег. — Хочацца, каб усё працавала, і, калі тое, што ты першапачаткова задумаў, атрымліваецца, гэта сапраўдная радасць.
— Зборка аднаго «сумаіста» займае прыкладна шэсць гадзін, — дадае Дзяніс, — але ўсё залежыць ад складанасці. Вядома ж, на спаборніцтвы мы выставілі складанага, моцнага робата.
Дарэчы, слова «робат» у гэтым выпадку зусім не перабольшанне. Электронныя сумаісты ўзброены рознымі датчыкамі, якія ўплываюць на выкананне алгарытму, закладзенага стваральнікам: руху, дакранання, адлегласці, святла. Ад таго, як «трэнер» падрыхтуе свайго байца ў плане штучнага інтэлекту, галоўным чынам, і залежыць поспех.
— Я лічу, што гэта і ёсць самая сучасная інжынерная адукацыя, — каментуе Яўген Лівянт. — Асновы праграмавання, асновы механікі... Думаю, калі б у нас у такім фармаце праходзіла частка ўрокаў працоўнага навучання, плёну ад іх было б значна больш.
Целы «сумаістаў» пластыкавыя, сабраныя з дэталяў спецыяльнага набору канструктара LEGO. Максімальны памер — 25 на 25 сантыметраў. Вага не павінна перавышаць аднаго кілаграма. Усе паказчыкі замяраюцца перад кожным паядынкам. Калі нешта не адпавядае рэгламенту, стваральнікам даюцца дзве хвіліны на перапрацоўку. Дарэчы, узрост юных інжынераў таксама абмежаваны: удзел у конкурсе не маглі прыняць тыя, хто нарадзіўся раней за 1 студзеня 1998 года.
Некаторыя баі вылучаліся пэўнай жорсткасцю: напрыклад, у аднаго з робатаў-удзельнікаў падчас сутычкі зляцелі гусеніцы. Каманда аператыўна вяртае ўсе дэталі на месца, каб пазмагацца за перамогу ў наступным раўндзе. Дыстанцыйна кіраваць робатам падчас бойкі забаронена: усе адпаведныя інтэрфейсы бартавога камп'ютара павінны быць адключаны.
Акрамя робатасумо, праводзіліся спаборніцтвы па яшчэ дзвюх дысцыплінах. У творчым конкурсе стваральнікам прапаноўвалася прадставіць робата, які дапамагаў бы людзям у штодзённым жыцці. Асабліва цаніліся электронныя памочнікі, якія ўмеюць нешта такое, што не пад сілу чалавеку. У трэцяй дысцыпліне ацэньваліся прысвечаныя робатам хоку (традыцыйныя японскія вершаваныя трохрадкоўі). Наведвальнікі таксама маглі пазнаёміцца з невялікай экспазіцыяй, што дэманстравала гісторыю развіцця робататэхнікі і самыя цікавыя мадэлі робатаў, створаныя ў Беларусі.
Не менш за спаборніцтвы ўразіла колькасць гледачоў. У актавай зале гімназіі не хапіла месца ўсім ахвотным паназіраць за цырымоніяй адкрыцця. А вакол робатаў, што біліся на імправізаваных дахё, сабраўся сапраўдны натоўп. Арганізатары адзначалі, што мерапрыемства перарасло маштаб школьнай рэкрэацыі.
Інжынер Анатоль БАРЭЙКА са Жлобіна прыйшоў на спаборніцтвы ў якасці гледача з шасцігадовым унукам Раманам:
— Пра спаборніцтвы праз інтэрнэт даведаўся зяць. Рома гэтым цікавіцца, таму сёння мы прыйшлі паназіраць за турнірам у якасці балельшчыкаў. Ведаеце, нават я зацікавіўся, калі ўбачыў, якія рэчы можна зрабіць са звычайнага канструктара. Шкада, што сам часам не разумею прынцыпу дзеяння апаратаў, але гэтым яны і інтрыгуюць.
Цікава, што пераможцам адразу ў дзвюх дысцыплінах (сумо і творчы конкурс) стаў самы малады ўдзельнік — Ян Францкевіч. Хлопцу ўсяго сем гадоў! Менавіта яго робаты аказаліся лепшымі за астатніх на спаборніцтвах. А ў конкурсе хоку перамогу святкаваў Павел Аземта.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.
Фота Сергея НІКАНОВІЧА.
«Залатая падаплёка крылаў... »
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.