Вы тут

Калі згасне святло…


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» №42 ___________________________________________________________________________

 

У гэтыя восеньскія дні споўнілася б 75 год вядомаму літаратуразнаўцу, прафесару, настаўніку многіх пакаленняў філолагаў, паэту, перакладчыку, крытыку, рупліваму асветніку Міколу Іванавічу Мішчанчуку.

Дарчыя надпісы на кнігах Міколы Іванавіча, яго словы і пажаданні вельмі дарагія і важныя для мяне: «Паважаная Зоя Пятроўна! Дарагі мне чалавек! Сумленніца! З Вамі добра працуецца, З Вамі добра святкуецца. Штохвілінна, штодзень… 25.09.2009 г.»… Пад вокладкай іншай кнігі — імклівыя літаркі, радкі: «…На Добрую Памяць,
З верай у Перамогу вечнага над часовым, Боскага над пачварным… Заўсёды з Вамі Ваш Мікола Мішчанчук. 24.11.2009 г.»…
Толькі цяпер у поўнай меры ўсведамляецца, што нашая сумесная праца была сапраўды святам, якое засталося з намі і якое мы будзем помніць заўсёды.

 

 

75-гадовы юбілей прафесара М. Мішчанчука адзначаць выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. 11 лістапада 2014 г. пройдзе рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Актуальныя праблемы сучаснага беларускага літаратуразнаўства», прысвечаная юбілейнай даце, у ходзе якой будзе абмяркоўвацца навуковая дзейнасць, уклад у адукацыйна-педагагічны працэс Беларусі, зроблены Міколам Мішчанчуком.

Слова — мастацка-ўзнёслае, акадэмічна-навуковае, публіцыстычна завостранае, крытычна-
трапнае — было прафесіяй і лёсам Міколы Іванавіча. Ён быў сябрам і калегам першых прафесараў філалагічнага факультэта тады яшчэ Брэсцкага педінстытута — У. Калесніка, В. Зарэцкай-Ляшук, А. Майсейчыка,
Г. Малажай.

Дзякуючы намаганням рэктара і самога Міколы Іванавіча ў Брэсцкім універсітэце быў адкрыты Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый па філалагічных навуках, старшынёй якога і стаў апошні. Сёння ў Беларусі прызнана навукова-філалагічная школа прафесара М. І. Мішчанчука, прадстаўнікі якой ужо сказалі сваё слова ў літаратуразнаўстве.

На асобу Міколы Іванавіча «адзываліся» і прыязджалі ў Брэст для ўдзелу ў працы Савета па абароне і на навуковыя форумы аўтарытэтныя вучоныя: акадэмік НАН Беларусі У. Гніламёдаў, члены-карэспандэнты НАН Беларусі
М. Мушынскі, В. Рагойша,
А. Лойка, А. Мальдзіс, вучоныя з усіх універсітэтаў краіны.

Мікола Іванавіч адразу стаў любімым выкладчыкам студэнтаў, кумірам калег, бо літаральна выпраменьваў дабрыню і зычлівасць, меў сапраўдную беларускую шляхетнасць, нястомнасць у працы з моладдзю. У студэнцкай аўдыторыі ён працаваў заўсёды з натхненнем: не шкадаваў эмоцый, ніколі не быў «сухім акадэмістам», узрушаўся, расчульваўся, а часам і абураўся шчыра, да слёз.

Літаратура была яго пакліканнем. Яго лекцыі па беларускай, рускай літаратуры, па спецыяльных дысцыплінах былі запамінальнымі, незвычайнымі; кожны пісьменніцкі лёс, пра які ішла гаворка, ён прапускаў праз уласнае сэрца. Ён напісаў вельмі многа літаратуразнаўчых даследаванняў, у якіх асэнсаваў лёсы і творы большасці беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя, у тым ліку і пісьменнікаў-эмігрантаў,
рэпрэсіраваных творцаў.

Мікола Мішчанчук быў выдатным спецыялістам і па рускай літаратуры, даследчыкам лірыкі Я. Баратынскага, творчасці Д. Кедрава, Б. Карнілава і інш.; зрабіў выдатныя пераклады твораў рускіх, польскіх паэтаў на родную мову.

Прыгадваецца наша сумесная падрыхтоўка да яго 70-гадовага
юбілею. Мікола Іванавіч, бы прадчуваючы, што часу наперадзе мала, клапаціўся пра выданні новых кніг — манаграфій «Класіка — сучаснасць — перспектывы» (Брэст, 2009), «Четыре портрета» (Брэст, 2009), «Русская литература ХХ века» (Минск, 2009; дзве апошнія ў
суаўтарстве з І. М. Гоўзіч), апошняй кнігі паэзіі «Струна надзеі» (Брэст, 2009). Мы здзіўляліся яго працавітасці, творчай актыўнасці, акрыленасці. Ён запрасіў у Брэст сваіх сяброў, калег, вучняў з розных ВНУ Беларусі. Мы разам рыхтавалі выстаўку яго публікацый, планавалі праграму канферэнцыі. Атрымалася вельмі запамінальнае свята. І свята гэтае было не асабіста Міколы Іванавіча, але навукова-педагагічнай грамадскасці Беларусі. Думаю, ён быў вельмі шчаслівым у тыя дні.

У апошні час Мікола Іванавіч ахвотна расказваў пра сябе, сваё жыццё: дзяцінства, студэнцкія гады, вучобу ў Мінскім дзяржаўным педінстытуце імя Горкага, пра «рамантыку асваення цаліны». У яго згадках многа было жартаўлівага, сапраўды цікавага. Мы прасілі Міколу Іванавіча пісаць успаміны, бо перажытае ім у
1950-я — 1960-я і наступныя гады патрэбна сучаснай мола-
дзі, будучым пакаленням, гэта, урэшце, наша гісторыя. І былі ўсцешаны, калі ён пачаў пісаць
аўтабіяграфічныя абразкі, «асацыяцыі», якім даваў абагульненую яскравую назву — «Чым душа жывая…».

Маладосць душы, шчы-
расць пачуццяў і выказванняў Мікола Іванавіч захаваў на ўсё жыццё. І гэтыя якасці ў яго светаўспрыманні былі хораша згарманізаваны жыццёвай
мудрасцю, акадэмічнай выверанасцю, прафесарскай стрыманасцю.

Звычайна Мікола Іванавіч прыносіў на творчыя сустрэчы са студэнтамі свае кнігі паэзіі, вельмі ўзрушана, артыстычна чытаў вершы, абразкі, пера-
клады любімых паэтаў з рускай, польскай літаратур. У фінале такіх сустрэч ён, як правіла, па-майстэрску, экспрэсіўна чытаў верш «Праметэй»:

Пазбаўлены зроку, далёка,

Прыкуты да чорнай скалы,

Ён стаў усёбачным прарокам

Зялёнай планеты — Зямлі.

…Зноў сэрцы прабітыя болем,

Не толькі сваім, навылёт,

І думкі вядуць нас на волю

І клічуць у смелы палёт.

…Апошняе прыйдзе імгненне,

Жыццёвы закончыцца шлях,

І станем мы кропляй сумлення

Зялёнай планеты Зямля.

І ўсе прысутныя разумелі, што радкі гэтыя не толькі пра любімага героя.

Я не памылюся, калі скажу, што галоўнай гераіняй яго паэзіі была маці. У гэтым абліччы, як у вобразах Багдановічавых мадоннаў, выразна бачыцца трыадзінства: дзяўчынка,
каханая, матуля.

Мікола Іванавіч расказваў пра драматычны лёс мамы, Ганны Апанасаўны, пра гісторыю свайго нараджэння — у Амурскай вобласці, у сям’і высланых беларускіх сялян…

Адкрыйце апошнюю кнігу паэзіі «Струна надзеі»! Яна пачынаецца вершам «Пад маміным дрэвам прысяду», дзе выразна прапісаная ідэя жыцця самога Міколы Іванавіча. Сама назва верша ўтрымлівае глыбокія гуманістычныя архетыпы — матуля, сын, дрэва, затым з’явіцца вобраз-архетып свечкі, матывы прычасця, малітвы… Дарослы сын душою і думкамі размаўляе з мамай, размаўляе з вечнасцю і з намі. Тое ж — у вершах «Мама, я без цябе…», «Мама, я вінаваты…», «Калі згасне святло, можна зноў запаліць…»

Вобраз самаахвярнай руплівіцы-жанчыны і каханай стаў нязменным, трывалым этычным імператывам у паэзіі Міколы Мішчанчука, ідэалам міласэрнасці, сапраўднай красы. Жывым і самым годным увасабленнем гэтых якасцей была для Міколы Іванавіча яго «палавінка» (так пяшчотна казаў ён сам) Соф’я Аляксандраўна, яго «руплівая пчолка», яго верная, трывалая апора, пры яе знешняй далікатнасці і, здавалася б, жаночай безабароннасці. Мікола Іванавіч быў усё жыццё аддана закаханы ў Соф’ю Аляксандраўну. Самаахвярны бацька і сем’янін, ён клапаціўся пра асірацелую сям’ю сына. У яго кабінеце былі фотаздымкі ўнукаў, дачкі Ірыны, сына Сяргея.

Цяпер, з адлегласці вечнасці і невяртання, выразна бачыцца: ён вучыў і словам, і ўчынкам, і жэстам, якія былі напоўнены чалавечнасцю. Мікола Іванавіч, здаецца мне, любіў быць удзячным людзям: яго гэта не бянтэжыла, і ён вельмі чула рэагаваў і адклікаўся на ўвагу і дабрыню да сваёй асобы. Ён быў удзячным вучнем. У размовах часта згадваў школьнае маленства, студэнцтва і свайго дарагога і любімага настаўніка Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага, яго жонку Серафіму Андрэеўну, якія па-бацькоўску апекаваліся маладым таленавітым літаратарам Міколам Мі-
шчанчуком. Ён умеў сплачваць доўг: у Міколы Іванавіча ёсць нізка абразкоў, прысвечаных светлай памяці Настаўніка. Менавіта так, з вялікай літары, ён пісаў гэтае слова, маючы на ўвазе Ф. М. Янкоўскага.

Душа Міколы Іванавіча засталася ў яго «запаветнай» паэзіі з апошняй прыжыццёвай кнігі «Струна надзеі», у якой ён падсумоўваў пражытае і перажытае. Думаючы пра гэтага незвычайнага чалавека, хочацца зноў і зноў дакранацца да «скарбаў» яго душы — яго вершаў, дзе зафіксавана біццё вялікага і надзвычай чулага сэрца. У яго творчай спадчыне будзе вечна жыць шчырасць
і ўзнёсласць — то чалавека шчаслівага, то самотніка, але нязменна скіраванага думкамі і трывогамі да сям’і, нашчадкаў, шматлікіх вучняў. Ён шмат вандраваў — ад Далёкага
Усходу, казахстанскага стэпу да Брэста, Польшчы — але свае талент, сілы, здароўе, прафесійнае майстэрства Мікола Іванавіч аддаў Беларусі.

Асноўным ідэйна-этычным імператывам жыцця вучонага і паэта Міколы Мішчанчука было сцвярджэнне гуманістычных каштоўнасцей. Гэта пераканаўча засведчана ў нізцы трыялетаў «Стаць глебай будучых зярнят» з кнігі «Струна надзеі», да якой хочацца звяртацца зноў і зноў як да запавету, тастаменту ўсім нам. Ужо самой назвай нізкі сцверджаны маральна-філасофскі маніфест Міколы Іванавіча — жыць дзеля будучыні, ствараць
яе сваім жыццём, шляхам, які ў кожнага свой, спыняць
гора і зло, тварыць дабро, помнячы, што жыццё кароткае. Гэты важны пасыл да нас утрымлівае сама прагматыка выказвання — «Стаць глебай будучых зярнят», дзе аўтар акцэнтуе імператыўна-загаднае «стаць» — быць заўсёды, прысутнічаць сваімі здзяйсненнямі ў будучыні. Пра гэта ён марыў, на гэта спадзяваўся. Не сумняваюся, што гэтыя і многія іншыя паэтычныя радкі Міколы Іванавіча і праз многа дзесяцігоддзяў будуць выразна высвечваць яго чалавечае аблічча — грамадзяніна, філосафа, творцу-рамантыка праметэеўскага тыпу, які імкнуўся і «на апошнім міліметры / Жыцця другім дапамагчы».

Усё жыццё паэт-прафесар правёў у цяжкой, нястомнай, сумленнай працай душы і інтэлекту. З вялікім штодзённым напружаннем, упарта ён змагаўся з абыякавасцю, духоўным невуцтвам, грамадска-абывацельскай няшчырасцю. У навуковай працы і творчасці ён множыў скарынаўскі запавет маральна-этычнага падзвіжніцтва і беларускага асветніцтва. У паэзіі і ў жыцці ён быў чалавекам высокім, годным.

Прадчуванне развітання, адыходу балюча-трывожным матывам прачытваецца ў многіх вершах апошняй кнігі:

Вы чуеце стук майго сэрца?

Яно арытмічна даўно ужо б’ецца,

І раптам калі, як струна, абарвецца.

Не плачце, не трэба: ад Вас

я пайду не далёка

па чорным і страшным,

бясконцым і мёртвым прасторы.

Да Вас прыплывуць

мае светлыя

цёплыя мары.

Так Мікола Іванавіч падсумаваў сваё жыццё. Спавядальна-
адкрыты, прынцыповы, паслядоўны абаронца і заступнік дабрыні, далікатны і шчыры, ён, несумненна, уваходзіць у вызначаную У. Караткевічам кагорту «дзівосна прыгожых людзей».

Зоя МЕЛЬНІКАВА,
прафесар кафедры беларускага літаратуразнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.