Кампанія «Менка» марыць аднавіць старажытны кірмаш
Гісторыя беларускага гандлю дагэтуль была даследавана надзвычай мала. Мы многае ведаем пра якую заўгодна сферу нашай мінуўшчыны, але толькі не пра гэтую. Але ж менавіта гандаль яскрава адлюстроўвае тое, што адбываецца ў соцыуме. І гэтую гістарычную старонку, гандлёвую, нядаўна ўсё ж адгарнулі. Сёлетняй вясной адбылася навуковая канферэнцыя па гісторыі гандлю, на якую з'ехалася каля ста айчынных і замежных спецыялістаў. А літаральна днямі, па матэрыялах канферэнцыі, адбылася прэзентацыя зборніка «Гісторыя беларускага гандлю (ад старажытнасці да XX стагоддзя)».
[caption id="attachment_58799" align="alignnone" width="600"] Захар Шыбека і Рацібор Бягун прэзентуюць выданне па гісторыі гандлю ў Беларусі.[/caption]
Кніга выйшла ў выдавецтве «Тэхналогія» накладам у 300 асобнікаў. Спецыяльна, каб прэзентаваць выданне, у Беларусь прыехаў слынны айчынны гісторык Захар Шыбека, які з нядаўніх часоў жыве ў Ізраілі. Карэспандэнт «Звязды» задала спадару Шыбеку пытанне пра тое, калі быў найлепшы час у гісторыі беларускага гандлю і калі яго заняпад. Гісторык імкнуўся не даваць катэгарычных ацэнак, але выказаў меркаванне, грунтуючыся на ўласным досведзе:
— Росквіт беларускага гандлю назіраўся ў часы Расійскай імперыі, пасля адмены прыгоннага права. Тады ў Расіі пашыраліся рынкавыя адносіны, здымаліся ўсялякія абмежаванні феадальнага паходжання, фарміраваўся шырокі рынак. Гэтыя працэсы асабліва важныя для вывучэння, бо пасля развалу Савецкага Саюза мы прайшлі фактычна той жа шлях — ад феадалізму сацыялістычнага да рынкавых адносін, свабоды гандлю. «Залаты век», якім называюць Вялікае Княства Літоўскае, не супадае з «залатым векам гандлю». Бо феадалізм — гэта жорсткая рэгламентацыя, калі гандляр залежны не столькі ад рынку, колькі ад караля, гарадскога магістрата, які даваў яму права гандляваць, ад рамесных цэхаў і ўнутраных правілаў гільдый.
Найгоршы перыяд у развіцці гандлю складана вызначыць. Бо пераважная колькасць нашай гісторыі прыпадае на неспрыяльны час. Якой была Беларусь на працягу стагоддзяў?.. Гэта тая краіна, якой пастаянна даводзілася абараняцца, весці войны. А вайна — катастрофа для гандляроў. Падчас сацыялізму гандаль таксама быў зведзены фактычна да размеркавання, асабліва аптовы продаж. Самы горшы перыяд у гандлёвай дзейнасці — гэта, напэўна, сталінскі перыяд. Ні адзін феадал, ні адзін кароль не мог абмежаваць гандаль так, як гэта зрабіў Сталін. Можна нават далучыць сюды перыяд пасля рэвалюцыі. Бо ваенны камунізм — забарона продажу і грошай — самае страшнае для гандляроў. Але гэта не значыць, што гандаль прыпыніўся. Яго немагчыма спыніць ніякімі законамі, дыктатурамі ці нечым іншым. Калі забараняеш — з'яўляецца чорны рынак. І няхай падпольна, але ён працуе. Гэта ўсё адно што забараніць людзям спажываць. У іх застаецца патрэба харчавацца і апранацца.
Акрамя Захара Шыбекі, у рэдакцыйную калегію гэтай кнігі ўваходзіць гісторык Андрэй Кіштымаў. Ён адзначыў, што, даследуючы гандаль Беларусі, мы насамрэч даследуем грамадства. Што маглі дазволіць сабе, напрыклад, рабочы або настаўніца 100 гадоў таму і што цяпер?.. Знайшоўшы адказы на гэтае пытанне, можна зразумець некаторыя гістарычныя працэсы. Звычайны вясковец, які сёння толькі спажывец, заўтра ўжо можа быць гандляром — калі і чаму мяняюцца гэтыя ролі, таксама важна прасочваць...
[caption id="attachment_58798" align="alignnone" width="600"] Андрэй Кіштымаў марыць вярнуцца на сто гадоў назад і паглядзець, што тады куплялі.[/caption]
Канферэнцыя па гісторыі гандлю, як і выхад зборніка, адбыліся дзякуючы кансалтынгавай кампаніі «Менка». Яе прадстаўнік, член рэдакцыйнай калегіі выдання, гісторык Рацібор БЯГУН патлумачыў, навошта ўвогуле фірме, якая займаецца купляй-продажам, падтрымліваць і вывучаць наша мінулае:
— Гісторыю можна паставіць на службу бізнесу. Раней у гандлі былі ўнікальныя падыходы, пра якія мы можам даведацца толькі вывучыўшы гістарычныя крыніцы. Да таго ж гісторыя выдатна прыжываецца і сёння: напрыклад, старадаўнія выявы добра глядзяцца на сучасных этыкетках, у іншых афарміцельскіх рашэннях. Людзі сёння цікавяцца гісторыяй — для іх гэта нешта цёплае. Мы маем намер адрадзіць беларускі кірмаш у яго старажытных традыцыях — каб гэта было сапраўднае свята. Складана паверыць, што ў Зэльву гандляваць некалі прыязджалі нават французы. Але ж гэта было!
Падчас прэзентацыі разважалі і пра тое, што гандаль сёння набывае часта зусім іншыя формы. Напрыклад, інтэрнэт-гандаль — кантакту пакупніка і гандляра фактычна няма. Адбываецца толькі сустрэча з кур'ерам, які прывозіць ужо выбраную прадукцыю і забірае грошы. Нават больш — тавар можна даслаць поштай, і тады чалавечы фактар амаль адсутнічае. З часам знікаюць і самі грошы — разлік адбываецца безнаяўным спосабам. Закрываюцца дробныя крамкі, спецыялізаваныя гандлёвыя пункты з канкрэтнымі таварамі — ім на змену прыходзяць буйныя гандлёвыя цэнтры. Захар Шыбека адзначыў, што сёння амаль знішчана традыцыя таргавацца:
— Калі я разважаю пра рынак спажывання, мне вельмі прыкра робіцца за нашых пакупнікоў. Пакупнік старажытнага Мінска, які прыходзіў на Траецкую гару ці на Камароўку, быў гаспадаром: гандляры схілялі перад ім галаву, упрошвалі купіць, і ён з імі таргаваўся. У нас сёння права таргавацца знішчана, і традыцыя такая знікла. Калі чалавек прыходзіць нават на базар, ён плаціць столькі, колькі яму загадалі, і проста сыходзіць. Трэба неяк вярнуць гандляру права таргавацца, каб ажывіць гэты працэс. А спажыўцам — права аб'ядноўвацца ў кааператывы, у якіх яны маюць права таргавацца і самі ўстанаўліваць цэны.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Патрабаванні спрошчаны, адказнасць павышана.
Рэктар БДАТУ — пра тое, якія метады і тэхналогіі навучання зробяць выпускнікоў ВНУ запатрабаванымі на вытворчасці?
Настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага — пра тое, што здольная даць споведзь кожнаму з нас.