Вы тут

«Праклён» фараонаў


Як змагацца з плесневымі грыбамі ў дамах

30-3

Плесневыя грыбы — адны з самых жывучых арганізмаў на Зямлі, сцвярджаюць навукоўцы. Споры цвілі ў закансерваваным выглядзе могуць захоўвацца тысячагоддзямі. Паводле навуковых ацэнак, зараз на планеце — ад 100 да 250 тысяч відаў грыбоў. Плесневыя мікраскапічныя і дражджавыя грыбы складаюць больш за трэцюю частку ад гэтай колькасці і жывуць усюды. Яны былі знойдзены і ў космасе, і ў вечнай мерзлаце.

Споры цвілі знаходзяць нават у пірамідах. Свайму існаванню легенды аб праклёнах фараонаў абавязаны менавіта вялікай канцэнтрацыі спор мікраскапічных грыбоў, якія захоўваюцца ў месцах пахавання былых імператараў Егіпта тысячагоддзямі. Гэта і з'яўляецца падставай лічыць споры прычынай смяротных хвароб археолагаў, якія прысутнічалі пры раскопках.

У 1922 годзе англійскі археолаг Говард Картэр знайшоў грабніцу егіпецкага фараона Тутанхамона, у якой знаходзіліся незлічоныя багацці. А праз некалькі месяцаў усе, хто парушыў спакой фараона, памерлі ў страшных пакутах. Тады і нарадзілася легенда пра нейкі «праклён фараона». Таямнічая хвароба, ад якой яны памерлі, да гэтага часу застаецца невядомай. Але, як гаварылася ў кнізе французскага ўрача Караліны Філіп, яна паставіла свой дыягназ: людзі памерлі ад «моцнай алергіі», удыхнуўшы ў грабніцы «споры цвілі, якая ўтварылася на гародніне і садавіне, пакладзеных туды 3400 гадоў таму».

Асабліва спрыяльнымі ўмовамі з'яўляецца цёплае і вільготнае асяроддзе з мінімальным рухам паветра. Шпалеры, папера, тканіны, дываны, скура — усё гэта прыдатныя паверхні для росту мікраскапічных грыбоў.

Таму з надыходам восені ў кватэрах або дамах узрастае магчымасць узнікнення цвілі. Як пазбавіцца раз і назаўсёды ад падобных непрыемнасцяў, спытаем у навукоўцаў. Суразмоўцамі сталі загадчык лабараторыі мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вольга Гапіенка, а таксама старшыя навуковыя супрацоўнікі Дар'я Беламесяцава і Таццяна Шабашова.

—Калі вы заўважылі запаленне слізістых абалонак, сверб у вачах, беспадстаўны насмарк, кашаль, хранічны бранхіт, то пераканайцеся, што ў вашай кватэры няма цвілі, — пачалі з засцярогі мае суразмоўцы. — Абавязкова звярніце ўвагу на цяжкадаступныя месцы ў кутках і за мэбляй. Магчыма, гэта праява алергіі на плесневыя грыбы.

Сучасны лад жыцця вядзе да таго, што ў жылых будынках сёння значна больш кандэнсату, чым раней. Ванныя пакоі, падвалы і закрытыя памяшканні з дрэннай вентыляцыяй — вось ідэальныя месцы для цвілі. Процідзейнічаюць нармальнай цыркуляцыі паветра і герметычныя вокны, якія ствараюць з жылых памяшканняў тэрмастаты з павышанай вільготнасцю. Асабліва небяспечная замена драўляных вокнаў на пластыкавыя ў старых дамах з непрыстасаванай для новых вокнаў сістэмай вентыляцыі.

Найлепшага выніку ў барацьбе ці прафілактычных мерах па барацьбе з цвіллю, — лічаць навукоўцы, — можна дасягнуць пры сумеснай працы жыхароў і ЖСК, ЖЭСа па кантролі за санітарным станам свайго дома.

Каб не развіваліся патагенныя віды цвілі, дастаткова памятаць пра некаторыя парады па прафілактыцы размнажэння плесневых грыбоў у жылых памяшканнях.

Напрыклад, не сушыце бялізну ў кватэры. Калі гэтага пазбегнуць нельга, тады памяшканне павінна быць добра прагрэта і праветрана. Памяшканні павінны праветрывацца раніцай і ўвечары.

Паменшыць магчымасці прарастання плесневых грыбоў у кватэры можна, замяніўшы шпалеры на фарбаванне сцен. Тым больш, што сучасны выбар вытворцаў і колераў фарбы для сцен дазваляе гэта зрабіць.

Нават калі вы жывяце ў кватэры з правільнай вентыляцыяй і кантралюеце ўзровень вільготнасці паветра, ніхто не застрахаваны ад форс-мажорных абставін: затапілі суседзі, працёк дах ці трубы…

Ва ўсіх выпадках як мага хутчэй трэба ліквідаваць прычыну працёку. Затым неадкладна прасушыць памяшканне і прыступіць да рамонту. Такія простыя, але своечасовыя меры засцерагуць вас і ваша жыллё ад сур'ёзных праблем. Калі момант упушчаны і мікраскапічны грыб ужо пачаў развівацца, пазбавіцца ад яго ў разы складаней. І практычна адзіным дзейсным спосабам барацьбы тут будзе выпальванне ачагоў, заражаных цвіллю.

Калі вы плануеце набыць кватэру ў новабудоўлі, сачыце за ходам будаўнічых работ і выкананнем тэхнічных патрабаванняў. Здараюцца выпадкі, калі будаўнікі выкарыстоўваюць сырыя або намоклыя матэрыялы, якія з'яўляюцца будучым рассаднікам плесневых грыбоў пасля здачы жылля.

Звярніце ўвагу і на прадукты харчавання. Зацвілыя прадукты могуць выклікаць атручэнне, паколькі некаторыя віды цвілі змяшчаюць таксічныя рэчывы.

Памятайце, што пажылыя людзі і дзеці, людзі з паніжаным імунітэтам, найбольш успрымальныя да кандыдозу і іншых захворванняў, выкліканых плесневымі грыбамі. Лёгачныя захворванні могуць развіцца і ў здаровых людзей пры кантакце з вельмі высокай канцэнтрацыяй спор. Апісаны такія формы захворванняў, як «лёгкае фермера», «лёгкае сыравара» і г. д., уключаючы «лёгкія асоб, якія карыстаюцца кандыцыянерамі». У групу рызыкі ўваходзяць мэбельшчыкі, футроўшчыкі, садоўнікі, работнікі хімічнай, мікрабіялагічнай і фармацэўтычнай галін.

Разам з тым, не варта ўспрымаць цвіль як адназначна шкодны арганізм. Грыбы па сваёй прыродзе з'яўляюцца сапратрофамі, а значыць, сілкуюцца арганічным рэчывам адмерлых арганізмаў і расліннымі рэшткамі. Таму яны выконваюць важную функцыю, раскладаючы арганічныя і бытавыя адходы, а таксама ўдзельнічаюць у «вытворчасці» некаторых прадуктаў харчавання (дражджавыя грыбы, сыры з высакароднай цвіллю). Цвіль можа асвоіць нават асобныя віды пластмас. Таму плесневыя грыбы выкарыстоўваюць нават для перапрацоўкі адходаў. Але ведаць і своечасова карыстацца парадамі па прафілактыцы распаўсюджвання цвілі ў жылых пакоях і на ежы трэба кожнаму.

Алеся Вараб'ёва.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.