Вы тут

Добраўпарадкаваць нельга знішчыць


Старажытныя могілкі ў цэнтры Дзяржынска — пад пагрозай знікнення

Сталічны стадыён «Дынама» пабудавалі на самых старажытных у горадзе яўрэйскіх могілках. У Гродне тагачасныя праекціроўшчыкі на месцы старых лютэранскіх могілак, што знаходзіліся насупраць кірхі, паставілі... дзіцячы садок. Ледзь не вырасла забудова на колішнім сталічным Старажоўскім рынку, на месцы якога былі могілкі салдат Першай сусветнай вайны. Дзякуй Богу, своечасова адумаліся, і сёння там паўстаў выдатны мемарыял. І быццам бы можна ўжо казаць пра павышэнне ўзроўню культуры народа адносна захавання памяці пра сваіх памерлых, як наспела чарговая праблема — гэтым разам у горадзе-спадарожніку Дзяржынску, колішнім Койданаве.

Горад прыгажэе на вачах. Перакладваюць асфальт, прыводзяць у парадак фасады і дахі дамоў, усюды чысцяць, латаюць, падфарбоўваюць. Узяліся і за рэканструкцыю і добраўпарадкаванне старых гарадскіх могілак, што на вуліцы 2-я Ленінская. Гэтаму некропалю каля 200 гадоў, амаль паўстагоддзя ён мае статус закрытага (некалькі апошніх пахаванняў датуюцца 1969 годам). Раней на могілках раслі вялікія таўшчэзныя дрэвы. На пачатку 2000-х іх спілавалі — усе разам. Але гэтае рашэнне, як паказаў час, было недаравальна памылковым. На зямлю без перашкод хлынулі сонечныя промні, паступова ўся тэрыторыя шчыльна парасла непралазнымі хмызамі, і гэта стала галаўным болем як для наведвальнікаў магіл, так і для камунальнікаў. Непрывабны знешні выгляд месца пахаванняў прымусіў гарадскія ўлады спешна прымаць рашэнне аб яго добраўпарадкаванні, аб чым сёлета ў сярэдзіне мая паведамілі ў мясцовай газеце. Увогуле справа добраўпарадкавання могілак складаная і вельмі далікатная. Прыкладаў, як правільна гэта рабіць, улічваючы тыя ці іншыя акалічнасці, у нас няшмат. Таму і прапановы ўзнікаюць розныя: ад таго, каб ачысціць усё рукамі, да таго, каб зраўняць бульдозерам пагост з зямлёй і, у лепшым выпадку, паставіць агульную памятную шыльду. Аднак, паводле аднаго з варыянтаў добраўпарадкавання, усе каменныя надмагіллі павінны быць вывезены на сметнік.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Бульдозер карчуе не толькі кустоўе, але і магілы.

Мясцовыя краязнаўцы затурбаваліся: калі надмагіллі знішчаць ці выкінуць, вялізная частка памяці пра гісторыю горада можа проста знікнуць. Ініцыятыўная група, хутка створаная дзяржынскім гісторыкам-краязнаўцам Андрэем Бараноўскім, у склад якой увайшлі сваякі пахаваных, педагогі, гісторыкі, краязнаўцы, архітэктары, падрыхтавала і накіравала ў Дзяржынскі райвыканкам калектыўны ліст са сваімі прапановамі па захаванні і далейшай мемарыялізацыі могілак. Пазней да справы далучыўся Беларускі камітэт ІКАМОС (Міжнародная Рада па помніках і мясцінах (ІCOMOS) — адзіная міжнародная грамадская арганізацыя, скіраваная на падтрымку і прасоўванне тэорыі, метадалогіі і навуковых тэхналогій у кансервацыі архітэктурнай і археалагічнай спадчыны).

— Галоўным з шасці пунктаў нашых прапаноў я лічу захаванне старадаўніх надмагільных пліт і помнікаў, — расказвае Андрэй Бараноўскі. — Бо могілкі — неад'емная частка культурнага пластычнага ландшафту горада. Гэта архітэктурна-мастацкі ансамбль, цікавы гісторыка-культурны аб'ект, найкаштоўнейшая крыніца інфармацыі аб нашай мінуўшчыне, колішнім жыцці нашага роднага горада і яго людзях, своеасаблівы музей пад адкрытым небам. Гэта не толькі матэрыяльны, але і духоўны аб'ект. Ён мае сімволіку пераемнасці пакаленняў.

На некропалі пахаваны многія, хоць і лакальна, але вядомыя асобы. Яны будавалі горад, абаранялі яго ад ворага. Апошні спачын тут знайшлі і праваслаўныя, і каталікі. Калісьці ў цэнтры могілак на пагорку стаяла драўляная Свята-Георгіеўская царква, прыпісаная да галоўнага прыходскага Свята-Пакроўскага праваслаўнага храма колішняга мястэчка, дзе служылі вядомыя святары. А яшчэ гэта адзіныя старажытныя могілкі ў сучасным Дзяржынску, што захаваліся да нашых дзён. Бо татарскія, кальвінскія, яўрэйскія некропалі, крыпта кальвінскага збору, прыкасцёльны цвінтар, царкоўны пагост былі вынішчаны дарэшты.

Ратаванне некропаля — ратаванне нашай гісторыі, нашай спадчыны. Паралельна з добраўпарадкаваннем дзяржынскія краязнаўцы сумесна з мінскімі валанцёрамі праводзяць карпатлівую працу па фотафіксацыі і пашпартызацыі помнікаў. Яе вынікі папоўняць рэспубліканскую базу даных гістарычных могілак Беларусі nіekropalі.by.

— Вываз надмагілляў фактычна азначаў бы ліквідацыю могілак, што проста так не робіцца. Гэта асобная юрыдычная працэдура, — тлумачыць кіраўнік адукацыйных праектаў Беларускага камітэта ІКАМОС Цімафей Акудовіч. — Згодна з заканадаўствам, ліквідацыя могілак магчымая толькі ў крайніх выпадках. Напрыклад, у сувязі з прыроднымі катаклізмамі — такімі, як затапленні, апоўзні і ім падобныя.

Да таго ж, працягвае Цімафей, калі могілкі пераўтвораць у звычайны газон, пабудаваць на ім усё адно нічога нельга, бо, па законе, на ліквідаваных могілках будоўля забаронена.

— Бессэнсоўна рабіць тут толькі газон, калі на гэтым месцы можа быць прыгожы некропаль накшталт сучасных еўрапейскіх, дзе можна прайсціся і аддаць даніну памяці спачыўшым тут людзям, — лічыць гісторык.

Па яго словах, у выканкаме адбылася прысвечаная праблеме сустрэча, на якой прысутнічалі кіраўнік мясцовай ЖКГ і галоўны пракурор раёна. Яны выступілі за захаванне могілак. Са свайго боку, валанцёры прапанавалі як навукова-практычную, так і фізічную дапамогу — расставіць помнікі на месцы, зрабіць частковую рэстаўрацыю. Удалося дасягнуць вуснай дамоўленасці з кіраўніцтвам ЖКГ аб тым, што бульдозеры здымуць дзёран, ліквідуюць спарахнелыя агароджы і ржавыя крыжы без надпісаў. Але, галоўнае, надмагіллі вывозіцца не будуць. А пакуль тут выкарыстоўваецца тэхніка, працуюць некалькі рабочых ЖКГ, на суботнікі прыводзілі салдат і работнікаў мясцовых прадпрыемстваў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Аднак працы ўсё адно непачаты край. Цяпер усё выглядае непрывабна: узараная зямля, перакуленыя крыжы і агароджы, вывернутыя надмагіллі. І сярод усяго гэтага — адзінокі бульдозер, што ўпарта карчуе буйное кустоўе ля магіл.

— Кажуць, паступова тут усё выраўняюць, навядуць парадак, — адказвае на пытанне аб тым, што тут будзе, бульдазерыст; але як гэты «парадак» будзе выглядаць, не ўдакладняе. — Не, руйнаваць тут усё нельга. Няправільна гэта, не па-чалавечы магільныя пліты выкідваць, — разважае мужчына і зноў прымаецца за працу.

Мы звязаліся са старшынёй Дзяржынскага райвыканкама Мікалаем Арцюшкевічам.

— Я даў даручэнне работнікам ЖКГ, каб яны дзейнічалі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Могілкі закрытыя, іх трэба даглядаць, — сказаў старшыня.

За тры дні да талакі, да якой я далучылася, у раённай газеце з'явілася абвестка, у якой кіраўніцтва Дзяржынскай ЖКГ звярталася з заклікам да прыхаджан царквы і касцёла, да ўсіх неабыякавых гараджан прыняць удзел у суботніках па добраўпарадкаванні тэрыторыі і навядзенні парадку на могілках. Апроч бульдазерыста, разам са мной было шэсць чалавек, з якіх чацвёра прыехалі з Мінска. Дык чый жа клопат — захоўваць памяць аб тых, хто спачыў?..

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Фота аўтара.

Дзяржынск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.