Вы тут

Аб'яднацца супраць зла


Супрацьстаяць тэрарызму можна толькі агульнымі намаганнямі

Учора ў Мінску стартавала Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Партнёрства дзяржавы, грамадскага сектара і дзелавой супольнасці ў барацьбе з тэрарызмам — бяспека праз дыялог, згоду і ўзаемадзеянне». Гэта першая падобнага кшталту канферэнцыя сабрала разам прадстаўнікоў службаў бяспекі розных краі (Беларусі, Расіі, Украіны, Інданезіі, Казахстана, Амерыкі, Еўрапейскага саюза і іншых) і міжнародных арганізацый (АБСЕ, АДКБ, СНД, Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі), а таксама, грамадскіх дзеячаў, вучоных і банкіраў. Такім чынам, Мінск зноў стаў зручнай пляцоўкай для абмеркавання надзённых праблем, якія хвалююць сусветную суполку. Удзельнікі канферэнцыі былі згодны з тым, што сёння не засталося ў свеце месцаў, дзе б не існавала пагрозы тэрарызму.

31-50

Пра новыя пагрозы з боку інфармацыйнай глабалізацыі гаварыла і міністр інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ. «Нацыянальныя тэлеканалы, нацыянальны перыядычны друк у поўнай меры фарміруюць інфармацыйную палітыку дзяржавы, — сказала яна пра сітуацыю ў нашай краіне. — Але мы павінны ўлічваць і тое, што працуем у агульнай інфармацыйнай прасторы, якая з улікам развіцця новых глабальных тэхналогій, інтэрнэту, разам з новымі магчымасцямі нясе і новыя пагрозы. Таму інфармацыйная бяспека краіны павінна будавацца не толькі на абароне, але ў многім на якаснай працы нацыянальнага інфармацыйнага поля».

Лілія Ананіч нагадала, што пры Міністэрстве інфармацыі рашэннем урада не так даўно была створана рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці або адсутнасці ў ёй прыкмет праяў экстрэмізму. «Ужо па першых кроках работы камісіі відаць, што ёсць дастатковы паток інфармацыйнай прадукцыі, які заслугоўвае разгляду, — сказала міністр. — У складзе камісіі прафесіяналы, эксперты ў розных галінах ведаў (філалогіі, рэлігіязнаўства) і тыя, хто па доўгу службы закліканы ажыццяўляць свае функцыянальныя абавязкі па барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам. Думаю, імі будзе дадзена кваліфікаваная ацэнка і інфармацыйнае поле Беларусі будзе надзейна абаронена».

Дыялогу, цярпімасці і разуменню паміж цывілізацыямі, культурамі, народамі і рэлігіямі была прысвечана работа адной з секцый канферэнцыі. На ёй ішла размова пра саюзныя адносіны паміж дзяржавамі, ролю статусу дзяржаўнай мовы, СМІ і інтэрнэту ў міжнацыянальнай згодзе, а таксама пра ідэалагічныя асновы тэрарызму.

— Беларусь становіцца ініцыятарам многіх добрых спраў, якія набываюць вядомасць ва ўсім свеце, — сказаў журналістам перад пачаткам канферэнцыі рэктар Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО», доктар юрыдычных навук, прафесар Станіслаў КНЯЗЕЎ. — Сёння тут сабраліся прадстаўнікі многіх краін нашай планеты, каб абмеркаваць праблемы барацьбы з тэрарызмам. Тэрарызм — гэта зло, якое мае, на жаль, вялікія маштабы, бо ў свеце развіваецца вострая канкурэнтная барацьба. Тэрарызм — гэта самая вострая форма палітычнай барацьбы. Мы павінны змагацца з гэтым злом, абараняць людзей, дзяржаву ад таго, што ён нясе: гвалт, жах, смерць невінаватых, разбурэнне каштоўнасцяў, якія чалавецтва назапашвала тысячагоддзямі. Гэта — надзённая праблема.

Станіслаў Князеў лічыць, што з-за развіцця нанатэхналогій, інтэлектуальных сістэм і рабатызацыі, якія ўсё больш выціскаюць чалавека са сферы працы, адбываецца маргіналізацыя значнай часткі грамадства. У выніку людзі робяцца жорсткімі, чым карыстаюцца тыя, каму цікава ствараць сацыяльнае напружанне, каб нешта выйграць у канкурэнтнай барацьбе. «Лішнія людзі», якім няма чым сябе заняць, уцягваюцца ў баявыя дзеянні, іх спецыяльна вучаць забіваць і плацяць за гэта грошы.

Сёння, у другі дзень працы канферэнцыі, яе ўдзельнікі наведаюць палігон, дзе ўбачаць тэхналогіі барацьбы з тэрарызмам, якімі валодае наша краіна.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.