Вы тут

Гаворым «інвестар» — маем на ўвазе «гаспадар»


Як развіваецца Мінская вобласць? З якімі праблемамі сустракаецца прамысловасць, сельская гаспадарка і як яны вырашаюцца? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў на выязной прэс-канферэнцыі ў Вілейцы старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра.

«Гіганты» працуюць напаўсілы

Мінская вобласць дасягнула нядрэнных тэмпаў росту валавога рэгіянальнага прадукту. За восем месяцаў сёлета — 104,4% пры прагнозе да 102%. Некаторыя аналітыкі звязваюць гэты вынік з паспяховай работай «Беларуськалія». «І гэта сапраўды так, — пагаджаецца кіраўнік вобласці. — Таварыства працуе на поўную магутнасць. Апошнім часам намецілася тэндэнцыя павышэння цэн на яго прадукцыю. У наступным годзе, чакаецца, яна прадоўжыцца, што стане сур'ёзнай крыніцай паступлення валюты ў краіну».

Але, на жаль, іншыя гіганты прамысловасці працуюць напаўсілы. Гэта датычыцца і ААТ «БелАЗ». Шмат праблем у рабоце прамысловасці Барысава. Справа ў тым, што там, галоўным чынам, размешчаны прадпрыемствы, якія вырабляюць вузлы і агрэгаты для Расійскай Федэрацыі, дзе вытворчасць машын знізілася. «Мы сталі заложнікамі эканамічнай сітуацыі, што склалася ў Расіі. Таму распрацоўваюцца адпаведныя меры па дыверсіфікацыі вытворчасці, выпуску іншых новых відаў прадукцыі, арыентаваных на розных спажыўцоў», — адзначыў Сямён Шапіра.

За мяжу — толькі гатовыя прадукты

Сёлета, на жаль, Мінскай вобласці не ўдалося дасягнуць пастаўленых задач па экспарце прадукцыі. Для выпраўлення сітуацыі распрацаваны спецыяльны план. У першую чаргу мяркуецца нарошчваць пастаўкі за мяжу за кошт мясной і малочнай прадукцыі. «Мы ставім задачу перад мясакамбінатамі і малочнымі заводамі павялічыць колькасць змен, каб вырабляць і адпраўляць больш гатовых прадуктаў з высокім дабаўленым коштам у Расійскую Федэрацыю і, адпаведна, павялічыць даходы ад экспарту. Раней на рынак суседкі, як правіла, ішлі сыравіна, паўфабрыкаты.

Статак свіней павялічыцца

Пагалоўе свіней у вобласці плануецца давесці да 880 тысяч. З-за пагрозы АЧС іх статак зменшыўся амаль на 130 тысяч: са 180 невялікіх фермаў закрыты 130. На кожнай у сярэднім утрымлівалася каля 1000 асобін. Некаторыя з іх будуць адноўлены. Як адзначыў Сямён Шапіра, на Міншчыне задзейнічаны рэзервы для выпраўлення сітуацыі. У прыватнасці, за кошт будаўніцтва буйных свінакомплексаў. Напрыклад, узводзіцца свінакомплекс на 24 тыс. галоў у Салігорскім раёне. У перспектыве яго вытворчасць плануецца пашырыць удвая. Цяпер ужо вызначаны графік пастаўкі сюды бацькоўскага статка. Вялікія комплексы будуюцца ў Любанскім і Слуцкім раёнах. У Слуцку праект рэалізоўваўся сумесна з італьянцамі. Усе неабходныя работы на свінакомплексе беларусы завяршаюць самастойна: ідзе наладка абсталявання, праводзяцца тэндары на закупку пагалоўя.

У вёску ідзе капітал

Што тычыцца ў цэлым сельскай гаспадаркі, то ў гэтую сферу таксама прыходзіць капітал. «Сёння вялікую цікаваць да нашых сельгаспрадпрыемстваў праяўляюць інвестары, як айчынныя, так і замежныя. Напрыклад, адзін з іх прапаноўвае ўкласці ў сельскую гаспадарку каля 300 млн долараў. Мы стварылі рабочую групу, якая вывучыць сітуацыю, узважыць усе «за» і «супраць». Як правіла, мы прапаноўваем усім ахвотным раёны, якія знаходзяцца ў найгоршым тэхналагічным, кадравым, фінансавым становішчы», — канстатаваў Сямён Шапіра.

Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна — таксама за развіццё фермерства на тэрыторыі вобласці. Многія фермеры даказалі на справе, што могуць добра гаспадарыць на зямлі. Напрыклад, у Крупскім, Лагойскім, Дзяржынскім і Маладзечанскім раёнах фермеры атрымалі ад 380 да 480 цэнтнераў бульбы з гектара. Гэта значна больш, чым у асобных рэгіёнах вобласці. «У многіх раёнах ёсць пакуль не занятыя землі. Яны могуць быць выкарыстаны для вырошчвання розных культур паспяховымі фермерскімі гаспадаркамі. Сёння яны займаюцца бульбай, агародніцтвам, а заўтра прыйдуць і ў жывёлагадоўлю. Наогул, 50-60% жыхароў Міншчыны працуюць на прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці. Там, дзе добры гаспадар, як правіла, і зарплаты добрыя. Таму працэсы, якія цяпер адбываюцца ў сельскай гаспадарцы з удзелам прыватнікаў, будзем стымуляваць», — зрабіў выснову Сямён Шапіра.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.