Вы тут

Умовы для бізнесу палепшыліся


Міжнароднае даследаванне прызнала, што Беларусь правяла добрую рэформу ў сферы падаткаабкладання

Грамадскасці прадстаўлены чарговы (дванаццаты) даклад Сусветнага банка і Міжнароднай фінансавай карпарацыі (ІFC) «Вядзенне бізнесу-2015. Выходзячы за рамкі эфектыўнасці». Беларусь заняла 57-е месца сярод ахопленых гэтым даследаваннем 189 дзяржаў.

Паводле справаздачы «Вядзенне бізнесу-2014», апублікаванай у кастрычніку мінулага года, наша краіна займала 63-е месца. «Разам з тым, пасля традыцыйнага перагляду вынікаў папярэдняга перыяду, звязанага з абнаўленнем звестак, заснаваным на прадстаўленых краінамі-ўдзельніцамі даследаваннях, у тым ліку Беларуссю, дадатковых матэрыялах і каментарыях, фармальна лічыцца, што наша краіна займала ў справаздачы «Вядзенне бізнесу-2014» не 63-е, а 57-е месца», — удакладняюць у прэс-службе Міністэрства эканомікі.

У любым выпадку, згодна з вынікамі сёлетняга даследавання, наша краіна выглядае больш прывабна на фоне краін — партнёраў па Мытным саюзе і АЭП: Расія займае 62-е месца, Казахстан — 77-е. Топ-ліст справаздачы ў чарговы раз узначаліў Сінгапур. Далей ідуць: Новая Зеландыя; Ганконг, Кітай, Данія; Рэспубліка Карэя, Нарвегія, ЗША, Вялікабрытанія, Фінляндыя і Аўстралія. Замыкае рэйтынг Эрытрэя (вельмі маладая дзяржава Усходняй Афрыкі, якая атрымала незалежнасць ад Эфіопіі ў 1993 годзе).

Сярод краін постсавецкай прасторы самае высокае, 15-е месца, займае Грузія (14-е месца годам раней). Следам за ёй ідзе Эстонія — 17-е месца (16-е годам раней), Латвія — 23-е (21-е годам раней), Літва — 24-е (тая ж пазіцыя годам раней), Арменія — 45-е (49-е месца годам раней), Малдова — на 63-м (82-е годам раней), Украіна — на 96-м (112-е годам раней), Азербайджан на 80-м (88-е годам раней), Узбекістан — на 141-м (149-е годам раней), Таджыкістан — на 166-м месцы ў спісе (177-е годам раней).

Рэйтынг жа нашай краіны вырас па трох паказчыках. Найбольшы прагрэс адзначаны ў катэгорыі «Падаткаабкладанне» (+47 пунктаў) за кошт значнага скарачэння колькасці гадзін, якія выдаткоўваюцца на выплату падаткаў (з 319 да 183), а таксама за кошт скарачэння агульнай колькасці плацяжоў у год (з 10 да 7) і агульнай падатковай стаўкі (% ад прыбытку) — з 54% да 52%. Палепшаны таксама значэнні па паказчыках «Атрыманне дазволу на будаўніцтва» (+3 пазіцыі) і «Міжнародны гандаль» (+1 пазіцыя). У справаздачы «Вядзенне бізнесу-2015» сказана, што Беларусь правяла станоўчую рэформу ў сферы падаткаабкладання. Спрошчаны працэс падаткаабкладання для кампаній за кошт укаранення электроннай сістэмы дэкларацый і выплаты абавязковых узносаў па страхаванні ад няшчасных выпадкаў на працоўным месцы, а таксама за кошт спрашчэння патрабаванняў да правілаў падачы дэкларацый па падатку на прыбытак прадпрыемстваў і падатку на дабаўленую вартасць.

«У цэлым вынікі даследавання паказалі, што, нягледзячы на наяўныя дасягненні ў стварэнні спрыяльных умоў для развіцця бізнесу, рэзерв у гэтым кірунку для нашай краіны застаецца значным. Урад мае намер і далей праводзіць рэформы ва ўсіх сферах прадпрымальніцкай дзейнасці, улічваючы рэкамендацыі Сусветнага банка і станоўчы вопыт замежных краін, з мэтай развіцця прыватнага сектара эканомікі», — паведамілі ў прэс-службе Мінэканомікі.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Даследаванне «Вядзенне бізнесу» ўяўляе сабой серыю штогадовых дакладаў, прысвечаных вывучэнню ўмоў стварэння і функцыянавання нацыянальных малых і сярэдніх прадпрыемстваў з дапамогай ацэнкі нормаў рэгулявання 11 асноўных этапаў «жыццёвага цыкла» суб'ектаў гаспадарання: стварэнне кампаніі, атрыманне дазволаў на будаўніцтва, падключэнне да сістэмы электразабеспячэння, рэгістрацыя ўласнасці, атрыманне крэдытаў, абарона правоў мінарытарных інвестараў, падаткаабкладанне, міжнародны гандаль, забеспячэнне выканання кантрактаў і вырашэнне неплацежаздольнасці прадпрыемстваў. Таксама вымяраецца рэгуляванне рынку працы, але сёлета гэты паказчык не ўваходзіць у рэйтынг.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.