Вы тут

Вывесці на чыстую ваду...


Плануюць Мінск да 2020 года

І гэта цалкам магчыма, бо ўжо ўся Беларусь, апроч сталіцы, карыстаецца вадой з падземных крыніц, што ўдалося дасягнуць дзякуючы рэалізацыі дзяржпраграмы «Чыстая вада».

Ужо да 2020 года сталіца можа цалкам перайсці на ваду з падземных крыніц, лічыць начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Дзмітрый ЯНЧЫК, хаця тэрмін запланаванага пераходу пазнейшы — 2030 год.

Дарэчы, па словах намесніка начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела вытворчасці «Мінскводаправод» УП «Мінскводаканал» Рустама МАМЕДАВА, цяпер спажыванне вады значна паменшала ў параўнанні з савецкім часам. Можа быць, справа ў лічыльніках, якія ўстаноўлены ў больш як 90% сталічнага жылля і ў 98% усяго жылфонду краіны? Прынамсі, дзякуючы ім у Мінску водаспажыванне знізілася прыкладна на 30%, а ў Беларусі ў цэлым — больш чым напалову. Хаця лічбы ўражваюць сваёй колькасцю і цяпер: за суткі карыстальнікам у Мінску падаецца 500 тысяч кубаметраў вады.

Што да якасці вады, якую выкарыстоўваюць беларусы, яна вельмі добрая, адзначаюць спецыялісты.

«Па мікрабіялагічных паказчыках нестандартныя пробы ў нас на ўзроўні 1%, пры тым, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя дае наступную рэкамендацыю: калі працэнт нестандартных проб па мікрабіялагічных паказчыках менш за 5, значыць, ваду можна піць з крана», — адзначыла загадчыца аддзялення камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына ЖАЎНЯК.

Адзіная праблема па ўсёй краіне — высокая колькасць утрымання жалеза ў падземных водах. Для яе вырашэння будуюцца станцыі абезжалезвання. Так, да канца 2014 года будуць уведзены дзве новыя станцыі — «Пятроўшчына» і «Феліцыянава». Увод такіх станцый, як мяркуюць спецыялісты, зможа нават прывесці да зніжэння кошту вады, бо мерапрыемствы па прамыўцы водаправода ад жалеза, што асядае на яго сценках, якія праводзяць цяпер, даволі затратныя.

«Жалеза не з'яўляецца таксічным элементам, а паказчык, па якім устанаўліваюць яго максімальна дапушчальную канцэнтрацыю ў вадзе, — арганалептычны. Гэта значыць, смак, колер і пах, каб было прыемна ваду піць», — патлумачыла Ірына Жаўняк.

Таксама не ўяўляе небяспекі хлор, пры дапамозе якога ваду абеззаражваюць. Па словах спецыяліста, гэта адзіны спосаб зрабіць вадкасць бяспечнай для ўжывання, хаця яе смакавыя якасці ад гэтага, безумоўна, пагаршаюцца.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.