Вы тут

Пра эрудыцыю і не толькі


Нядаўна прыгадаўся адзін анекдот з часоў так званага застою. Прыносіць у чыноўніцкі кабінет падначалены сцэнарый аб правядзенні літаратурнай вечарыны па паэзіі Максіма Багдановіча. Чытае ўважліва начальнік, а потым пытаецца: «А аўтара чаму не запрасілі?».

Анекдот гэта ці быль, невядома, а вось тое, што сённяшні адзін адказны таварыш спытаў у мяне, ці трэба запрашаць для ўшанавання героя Вялікай Айчыннай вайны, аднаго з арганізатараў партызанскага руху, на сустрэчу ў гонар яго 100-гадовага юбілею, — чыстая праўда. Хаця даты нараджэння і смерці выдатнага сына Айчыны можна знайсці ў любым даведніку і тым больш у інтэрнэце.

Я ўжо распавядаў, што адна з выпускніц ВНУ на дзяржаўным экзамене не магла адказаць, хто такі Андрэй Макаёнак, імя якога носіць вуліца ў сталіцы, а па расповедах аднаго са знаёмых выкладчыкаў студэнт лінгвістычнага ўніверсітэта класіка беларускай літаратуры чамусьці абзываў Дуняй Марцінкевіч.

Часта па тэлевізары ва ўсялякіх гульнях накшталт «Выйграй мільён» мы бачым, як салідныя людзі — бізнесмены, «зоркі» эстрады — не могуць адказаць на пытанне, на якое ў нядаўнія часы адказаў бы любы пяцікласнік савецкай школы.

Некалі, гаворачы пра перавагі нашай адукацыі, лектары і прапагандысты прыводзілі прыклады, што амерыканскія школьнікі не ведаюць, хто такі Марк Твен, дзе знаходзіцца пустыня Сахара і г. д.

Падобна, што і мы па такіх паказчыках даганяем так званы «цывілізаваны свет». І гэта пры тым, што тэхнічны прагрэс сягнуў на небывалую вышыню.

І вось, карыстаючыся планшэтамі і айфонамі, плэерамі і мабільнымі сродкамі сувязі, ці становімся мы, нашы дзеці, больш адукаванымі, большымі эрудытамі?

«А навошта гэта эрудыцыя? — скажаце вы. — Навошта загружаць мозг інфармацыяй, якую за пару секунд выдасць любы камп'ютар?».

Дазволю сабе паспрачацца і выказаць свае меркаванні. Веды, эрудыцыя перш за ўсё сведчаць пра агульны ўзровень чалавека, яго маральны воблік, яго інтэлектуальнае напаўненне.

І ў тым, што гэта часам не становіцца нормай, бачу прычыны многіх нашых праблем у свеце. Ды і не толькі ў свеце — у сям'і, грамадстве.

Эрудыцыя, адукаванасць — не толькі набор ведаў, гэта яшчэ і залог захавання цывілізацыі, культурных каштоўнасцяў; гэта заслон шэрасці, тупасці, дзікунства, якіх яшчэ ў нашым ХХІ стагоддзі, на жаль, хапае.

Мне таксама ўжо даводзілася казаць, што самыя элементарныя правілы паводзін, эстэтычная выхаванасць не могуць атрымаць распаўсюджвання, калі гэтаму не надаваць пільную ўвагу з боку спецыялістаў — педагогаў, работнікаў культуры, журналістаў, тэлевядучых.

І на першым месцы пасля сям'і тут павінна стаяць школа. «Мы гаворым, што нашы дзеці не выхаваныя і пры гэтым здымаем са школьнай праграмы такі важны прадмет, як айчынная і сусветная мастацкая культура», — заўважыў падчас пасяджэння рабочай групы па ўдасканальванні навучання і выхавання школьнікаў віцэ-прэм'ер урада Анатоль Тозік, пра што паведамлялі сродкі масавай інфармацыі.

І яшчэ адзін аспект, на які апошнім часам павінна звярнуць увагу школа, — узровень навучання беларускай мове.

Неаднойчы даводзілася канстатаваць, што ў некаторых, асабліва гарадскіх школах, дзеці не атрымліваюць неабходных ведаў па прадмеце і практычна не могуць адказаць на элементарныя пытанні, што адна з дзяржаўных моў пачуваецца падчаркай падчас шматлікіх школьных мерапрыемстваў, не знаходзіць адлюстравання ў візуальным афармленні школьных памяшканняў.

І спасылка на тое, што навучальная ўстанова мае пэўны моўны рэжым навучання, не апраўдвае адсутнасці належнай увагі да мовы, якой беларускі народ вызначаўся сярод іншых славянскіх народаў, на якой створаны шэдэўры нацыянальнай культуры.

І тут да месца прагучала прапанова, выказаная падчас згаданага пасяджэння, увесці абавязковы экзамен па дзвюх дзяржаўных мовах за курс сярэдняй школы.

Безумоўна, усе гэтыя ўзаемазвязаныя праблемы не з'яўляюцца нейкім адкрыццём. Проста настаў час, калі трэба практычна больш актыўна прыйсці да іх вырашэння.

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.