Вы тут

Чужыя сярод чужых


Пра хэлоўін, гістарычную памяць і нацыянальную ідэю

Сцеражыцеся, людзі добрыя! У гэтыя выхадныя, пачынаючы з сённяшняга вечара, нас чакае «страшная радасць» і «д'ябальскія вечарынкі». Прынамсі так абяцаюць шматлікія забаўляльныя ўстановы сталіцы і буйных гарадоў. Набліжаецца хэлоўін — час панавання нечысці на зямлі паводле кельцкай традыцыі. І гэту самую нечысць можна будзе пабачыць на вуліцах, прычым цэлым натоўпам. Да аматараў начнога вясёлага жыцця ў гэтым шабашы далучацца студэнты першых курсаў, што прыехалі з правінцыі. Яны дагэтуль паглядалі на стракатыя шыльды начных клубаў, якія вабілі да сябе, але былі недасяжнымі для бюджэту. А тут — вось шанцаванне! — зрабіў з сябе ведзьму, зомбі ці проста начапіў на галаву зроблены з падручных сродкаў «гарбуз» — і ты ў тусоўцы, бо ўваход у гэтыя дні ўсім, хто зменіць сваё чалавечае аблічча на нечалавечае, у клубы і на дыскатэкі абяцаюць бясплатны. Атэлье прапануюць д'ябальскае адзенне пашыць, гандляры ў інтэрнэце — купіць. Толькі вось бяда — касцюм супраць Эбола, такі папулярны на захадзе, да нас не давезлі... «Што, зрэшты, не перашкаджае зрабіць маскарадны касцюм самому, — падбадзёрвае адзін з папулярных сайтаў і тут жа абнадзейліва дадае: — Калі ж у гэты дзень вы засталіся дома, гэта не нагода ігнараваць хэлоўін. Можна ўпрыгожыць жытло ліхтарыкамі, выразанымі з гарбуза, падаць на стол стравы выключна чырвонага колеру (што, па задумцы, сімвалізуе, вядома ж, кроў. — Аўт.) і смела запрашаць сяброў на ўласную д'ябальскую вечарынку»...

Рэстараны ў гэтыя вечары рыхтуюцца да таго, што будзе большы чым калі-небудзь попыт на біфштэксы з крывёю, а тураператары скрушна канстатуюць, што паездкі ў гэтыя дні па «прывідных мясцінах» пакуль не карыстаюцца ў суайчыннікаў папулярнасцю, але спадзяюцца, што ў хуткім часе сітуацыя зменіцца.

Такая вось восеньская вакханалія, якая з кожным годам, здаецца, усё больш набірае моц і размах. Амаль заглушаючы ўжо голас святароў, якія нагадваюць і пра сатанінскую сутнасць гэтых «свят», і пра галоўнае — менавіта ў гэтыя дні ў каталікоў — Задушны дзень, а ў праваслаўных — бацькоўская Дзмітрыеўская субота. Амаль перакрываючы нахабнай рэкламай генную спрадвечную памяць: у гэтыя дні — Дзяды. На пачатку лістапада на Беларусі спрадвеку трымцяць агні мільёнаў свечак, гучыць ва ўсіх храмах «Вечны спачын», за вялікім сталом збіраецца ўся сям'я, каб запрасіць на вячэру памерлых продкаў — бацькоў, дзядоў і тых далёкіх прашчураў, якія далі калісьці пачатак роду... Але калі так пойдзе далей, ці не давядзецца гэтыя зразумелыя, простыя, як хлеб, як дыханне, як маці, рэчы пісаць у незваротна прошлым часе?

І гэта не бурчанне строгай ханжы і не вохканне «касцельнай дэвоткі». Нічога не маю супраць весялосці, містычных гісторый — сама і да таго, і да другога не раз спрычынілася. Тут пытанне іншае, якое сягае далёка за межы таго няшчаснага хэлоўіна — старажытнага кельцкага свята, якое знаходлівыя амерыканцы ператварылі ва ўдалы камерцыйны праект і ў патрэбны час нам неназойліва падсунулі. Тут размова пра наша месца на гэтай зямлі. Пра тое, кім мы самі сябе на ёй лічым. Пра гістарычную памяць, якая — бясспрэчны факт, даказаны і сацыёлагамі, і палітолагамі — самы надзейны падмурак існавання нацыі.

Занадта гучна? А гэта як паглядзець. На дні нараджэння ўсё часцей спяваем «Хэпі бёздэй!», самі машынальна вымаўляючы іншаземныя словы і прыводзячы ў стан лёгкага шоку вясковых бабуль, якія ў гэтым віншаванні, акрамя як «паскудства», нічога не чуюць. На вяселлі замест традыцыйнага каравая ўсё часцей ставім шмат'ярусны крэмавы торт, з якога добра што аголеная дзеўка пакуль не выскоквае, дзяльбу гэтага самага торта ператвараем у збор грошай і падарункаў... Танец з падвязкай — гэта абавязкова, як жа без гэтага абысціся, калі малады гэту падвязку са сцягна маладой зубамі не сцягне — ніякага ім шчасця не будзе. І нават на пахаванні ўсё часцей хаваем вочы за цёмнымі акулярамі, бо не трэба, каб людзі бачылі шчырыя слёзы, бо ў галівудскіх фільмах менавіта так развітваюцца з блізкімі людзьмі. Ну і, вядома ж, як жа мы без хэлоўіна? Мы ж тады без яго, як і без гамбургераў, што з апетытам топчам на абед (не таму, што нам надта смачна, а таму, што гэта «не наша, а значыць лепшае»), не будзем падобныя на «цывілізаваны свет»... Можа, у такіх вось бытавых дробязях і трэба пачынаць шукаць вытокі нацыянальнай ідэі, якую ніяк не намацаем?

Ці мы спадзяёмся, што калі ўсе разам кінемся ў скокі ў пачварных масках (калі ўжо вельмі карціць, чаму б не паскакаць на Каляды ці на Купалле?) замест таго, каб пайсці ў храм памаліцца за спачын душы блізкіх людзей ці проста ціха пасядзець вечарам і іх успомніць, «цывілізаваны свет» прыме нас за сваіх? Марныя спадзяванні. Гісторыя сведчыць: у любой чалавечай суполцы, нават амаль пазбаўленай маралі, тыя, хто адрокся ад сваіх, ні павагі, ні права голасу не маюць.

У позняй восені, у яе раннім змярканні і празрыстай халоднай цішыні ёсць нешта, што прымушае без сумненняў верыць у наша старое-старое паданне. Менавіта ў гэты час памерлыя продкі спускаюцца бліжэй да нас са свайго недасягальнага Выраю і з цікавасцю, спагадай, замілаваннем назіраюць за намі, па нябачных каналах пасылаючы нам сваю апеку і блаславенне. Толькі вось ці пазнаюць яны нас праз пару пакаленняў? Ці не адракуцца ад нас заўтра, як мы адракаемся ад іх ужо сёння?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.