Вы тут

Ёсць дом, праца і спакой — а больш нічога і не трэба


Маладая сям'я з Данецкай вобласці пераехала ў беларускую глыбінку, каб застацца тут назаўсёды

Настасся і Сяргей Дубіны, іх сын Глеб, якому ў лістападзе споўніцца 3 гады, жывуць у «прэзідэнцкім доміку» ў аграгарадку Адаменкі Лёзненскага раёна. Пра тое, што ў Беларусі бясплатна прадстаўляюць катэджы работнікам сельскагаспадарчых арганізацый, маладая жанчына даведалася па інтэрнэце.

Яна працуе галоўным эканамістам у ААТ «Адаменкі», муж — кіроўца грузавіка, а паралельна вучыцца на курсах трактарыстаў. Глебка ходзіць у садок.

4-28

— Па нацыянальнасці і я, і муж — украінцы. Мы жылі ў невялікім гарадку Дзімітраў, я скончыла там філіял Кіеўскага ўніверсітэта. Муж ва Украіне працаваў шахцёрам. Думкі пра тое, што трэба з'ехаць з Украіны, з'явіліся яшчэ да сумна вядомых падзей, — распавядае Наста. Часам падчас гутаркі яна пераходзіць на ўкраінскую мову, а па-руску гаворыць з характэрным акцэнтам.

Канчаткова яны зразумелі, што трэба ехаць, калі мужу ўсё больш небяспечна стала праязджаць блокпасты (ён ездзіў на сваім аўто ў іншы гарадок на працу ў шахту).

— Калегі мужа ехалі на аўтобусе міма блокпаста, і той аўтобус быў абстраляны. Я баялася яшчэ, што мужа прымусяць ваяваць... А калі шчыра, нам да гэтага часу складана зразумець нюансы палітычнага жыцця ва Украіне. Навошта ваяваць, чаму нельга мірна дамаўляцца? Простым людзям цяжка ў гэтым разабрацца, — працягвае мая суразмоўца.

Яе брат жыве ў Данецку. Пасля таго, як атрымаў асколачнае раненне, быў шпіталізаваны. (Дарэчы, у бальніцах Данецкай вобласці медыкі робяць літаральна цуды, нягледзячы на недахоп медыкаментаў і затрымкі з выплатай зарплаты.) Муж працаваў у шахце, не шкадуючы сіл, — часам у дзве змены. Адпаведна і зарабляў добра — па ўкраінскіх мерках. У пераразліку на беларускія рублі прыкладна 10 мільёнаў за месяц выходзіла. «Але жыццё даражэйшае!» — кажа Наста.

Менавіта Віцебскую вобласць муж і жонка Дубіны выбралі, улічваючы некалькі абставін. У Віцебску жыве далёкая сваячка Насты Эла Залатнікова. Яна, дарэчы, вельмі дапамагла перад пераездам: аб'ездзіла гаспадаркі, дзе магчыма было ўладкавацца на працу, агледзела жыллё, высветліла ўсе нюансы ў беларускай пашпартна-візавай службе. Потым яшчэ і мэблю падарыла перасяленцам. Па-другое, у Беларусі блізка да мяжы з Украінай ўжо складана знайсці працу ўкраінцам. А яшчэ Віцебшчына прывабіла тым, што тут параўнальна добрае экалагічнае становішча. Праўда, прызналася, клімат для ўкраінцаў халаднаваты.

У Расію сям'я не хацела ехаць, хоць там і заробкі большыя. У нашай краіне, на думку Насты, няхай і меншы дастатак, але больш парадку і стабільнасці.

Працай жанчына задаволеная (да яе пасаду галоўнага эканаміста займала маладая жанчына, якая пайшла ў дэкрэтны водпуск.) Сяргей хацеў бы зноў працаваць шахцёрам, але ў Віцебскай вобласці, як вядома, няма шахтаў. Бабуля Насты нядаўна таксама пасялілася разам з імі і дапамагае выхоўваць Глеба. Малы, дарэчы, успамінае Украіну. Часам пытаецца, калі можна будзе вярнуцца. А вось мама Насты жыве ў Ізраілі — у прынцыпе, сям'я магла б і туды пераехаць.

— Але тут мы жывём у асобным утульным доме з трыма пакоямі, і з усімі выгодамі. І праца ў нас ёсць. Навошта ж шукаць, дзе яшчэ лепш. Ды і клімат у Ізраілі вельмі спякотны. А яшчэ... Я, калі гасцявала ў мамы і яе мужа, бачыла шмат людзей на вуліцы ў форме і са зброяй у руках, у любы момант можа адбыцца тэракт. Пасля падзей ва Украіне я перш за ўсё цаню мір і спакой. Галоўнае для мяне — упэўненасць у тым, што я, муж, дзіця, бабуля, выйшаўшы на вуліцу, вернемся дадому жывымі і здаровымі, — разважае жанчына.

Сям'я падала пакет дакументаў, каб аформіць пасведчанне на права жыхарства ў Беларусі. Бежанцамі яны сябе не лічаць. Ніякую матэрыяльную дапамогу не прасілі — ні ў райвыканкаме, ні ў гаспадарцы. Па выхадных муж і жонка часцей за ўсё ўладкоўваюць дом. З суседзямі яшчэ не настолькі добра пазнаёміліся, каб адзін да аднаго хадзіць у госці.

На развітанне Настасся падзялілася «сакрэтам», што ва Украіне гатавала пад заказ тарты. Таму не выключана, што з часам яна паспрабуе ў Беларусі пачаць займацца «салодкім бізнесам». Тым больш што Віцебск недалёка, можна будзе і туды вазіць сваю прадукцыю. Праўда, кажа, для выпечкі тартоў патрэбна добрая печ.

Мы дамовіліся сустрэцца яшчэ раз — праз некаторы час. Калі выйшаў на вуліцу з будынка канторы ААТ «Адаменкі», убачыў двух мужчын, якія пацікавіліся ў мяне, «дзе тут начальства». Высветлілася, яны таксама з Украіны...

Аляксандр ПУКШАНСКІ,

Лёзненскі раён

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.