Вы тут

Змітроўскае піва


Даўней, як толькі міналі Дзяды, адразу ж надыходзіла пара вяселляў. Аддаўшы даніну павагі нябожчыкам-продкам, трэба было паклапаціцца аб працягу роду. Стварэнне новай сям'і было не толькі асабістай справай маладых і іх сем'яў, але і сапраўдным святам для ўсёй супольнасці.

А якое ж свята без піва? Гарэлка, якой так шмат увагі надаецца на сучасных вяселлях, пачала выцясняць піва толькі з ХVІІ стагоддзя. Самыя старажытныя беларускія песні згадваюць менавіта піва, а не гарэлку ва ўсіх традыцыйных святах і абрадах. У гадавым сельскагаспадарчым цыкле больш за ўсё піва варылі ўвосень, і тады ж гулялі большасць вяселляў. Кароткі адпачынак паміж летнімі і зімовымі клопатамі, час найбольшага дабрабыту супадаў таксама і з перапынкам паміж пастамі. Так што і з практычнага, і з сакральнага пункту гледжання восень была самым зручным часам і для вяселля, і для піваварства. Гадавы пік і таго, і другога ў праваслаўных прыпадаў на дзень святога Дзмітрыя (Змітра) — 26 кастрычніка, паводле новага стылю — 8 лістапада. На гэтую тэму захавалася нямала беларускіх прымавак:

4-14

Святы Змітры — людзі хітры: чаны параць, піва вараць, сыноў жэняць, дачок даюць.

У Змітроў дзень і верабей пад кустом піва варыць.

Але справа не толькі ў тым, што піва было абавязковым атрыбутам вясельнай бяседы. Мабыць, сам працэс піваварства сімвалічна супастаўляўся з вяселлем, шлюбам, са святым саюзам двух супрацьлеглых і канкуруючых, але ўзаемна неабходных пачаткаў — Соладу і Хмелю. Солад (і само збожжа, піва наогул, піўная бочка) — у народным фальклоры і традыцыйнай вобразнасці выступаюць увасабленнем жаночага — салодкага! — пачатку ў піве. Ды і ў жыцці наогул. Строга кажучы, у піве можна было б абысціся і адным соладам — таксама атрымалася б піва.

Саладкавае было б, як назойлівая матчына ласка… Але ўсё роўна п'яніла б, насычала, наталяла смагу. І усё ж у ім бы чагосьці бракавала… Кажуць: д'ябал солад саладзіў, ды бабе не дагадзіў… Урэшце чалавек здагадаўся, што ў піве бракуе горычы (а таксама антыбактэрыяльнай устойлівасці, як высветлілі нашмат пазней, — хоць, магчыма, продкі інтуітыўна здагадваліся і пра гэта, толькі не ўмелі выказаць навукова). Сёння большасць гатункаў піва немагчымая без хмелю, які чыста па-мужчынску ўвесь час кудысьці лезе і чапляецца. Чулі, напрыклад, такую прымаўку — каб на хмель не мароз, дык бы тын перарос? Або загадку: «Быў такі Радзівон, радзіў дзяцей адзін ён. Пайшлі дзеці да Бога, Бога не дасталі, вушы паспускалі».

Паводле адной з гіпотэз, менавіта славяне першымі здагадаліся выкарыстаць хмель у піваварстве, а германцы навучыліся гэтаму ўжо ў нашых продкаў. Але агульным стандартам дабаўленне хмелю ў піва ў Еўропе стала толькі ў ХVІ стагоддзі. Тады хмель быў адным з прыкметных артыкулаў экспарту з ВКЛ на Захад, хмельнікі былі ў кожным паважным маёнтку. Пазней гэтая галіна ў нас прыйшла ў заняпад, але ў канцы ХІХ стагоддзя, калі пачало развівацца новае прамысловае піваварства, адрадзілася зноў: Менская губерня займала ганаровае 3‑е месца ў Расійскай імперыі па зборы хмелю. Потым — зноў заняпад і зноў параўнальны ўздым у познесавецкія часы. Але ў сярэдзіне 1980‑х гадоў, падчас антыалкагольнай кампаніі, большасць беларускіх хмельнікаў былі занядбаны. Зрэшты, уся сістэма вобразаў і сэнсаў, звязаных з гэтай таямнічай высакароднай раслінай, сучаснаму беларусу, бадай што, ужо незразумелая.

Вось як народная песня высмейвала нежанатага хлопца (або маладога на вяселлі), параўноўваючы яго з няўдалым піваварам:

А хто ж у нас нежанаты ходзiць ?
Сямёнка у нас нежанаты ходзiць:
Ён браў хмялёк у святы дзянёк,
Саладзiў солад на пярэклеце,
Мыў катлы на сiнiм моры,
Сушыў бочкi на сонейку.
Доля яго няшчасная:
Козы, оўцы хмель паелi,
Куры, гусi солад паклявалi,
Мора катлы патапiла,
Сонцам бочкi пашчапiла.

Маладую дзяўчыну ў песнях і загадках жартаўліва параўноўвалі з бочкай піва, якая нудзіцца ў піўніцы, прагнучы выліцца і наталіць смагу:

Сакатала бочачка,

У піўніцы стоячы:

—Калі мяне не вып'еце,

Я сама разліюся

Па дварэ расіцаю,

За вароты крыніцаю.

Гаварыла дочачка

Сваёй роднай мамачцы:

—Калі мяне не аддасцё,

Я ад вас сама пайду

Па двары мяцёлкаю,

Да мілога пчолкаю,

Па двары расіцаю,

Да мілога сініцаю.

А цяжар бацькі нявесты, змушанага несці шмат клопатаў і выдаткаў на арганізацыю вяселля, асабліва на пасаг, іранічна падсумоўвалі: «Аддай дочку ды яшчэ піва бочку». А ці ведаеце такую загадку? Паненачка сік-сік, а панічык тык-тык? Правільна, гэта піўная бочка і шпунт-затычка.

Так што, калі маладых на вяселлі абсыпаюць хмелем і збожжам, зычачы агульнага шчасця і дабрабыту, гучаць у тым ліку і такія старадаўнія прымаўкі:

—Адным вам возам па піва ехаць!

—Трактуйце адно аднаго не так піўцом, як добрым слаўцом.

І нават такое: «Каб разам да Абрама на піва трапілі». Як пажаданне маладым памерці ў адзін дзень.

Шкада, што ані нашы прамыслоўцы-півавары, ані арганізатары вяселляў (таксама ўжо сапраўдная індустрыя) пра ўвесь гэты старажытны сімвалізм ужо і не здагадваюцца…

Кухмістр Верашчака

Чытайце яшчэ:

Кароткі нарыс гісторыі пеністага віна

Ад «д’ябальскага» да «шумлівага»

Экзатычнае начынне для пітва

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.