Вы тут

Бяспека на практыцы


Удзельнікі міжнароднай канферэнцыі пабачылі, як дзейнічаюць нашы антытэрарыстычныя падраздзяленні

Першая буйная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная барацьбе з тэрарызмам, завяршылася дэманстрацыяй спецыяльных аперацый на адным з мінскіх палігонаў. Напэўна, без гэтай жывой карціны ўсе размовы і сумесныя пошукі адказаў на надзённыя праблемы бяспекі былі б няпоўныя.

4-36

— Зразумела, з пункту погляду найбольш сур'ёзных пагроз мы больш за ўсё заклапочаны актыўнасцю такой арганізацыі, як «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта», якая набыла гучанне як «ІДзІЛ», — лічыць старшыня Навукова-кансультатыўнага савета пры
Антытэрарыстычным цэнтры краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў Марыяна Качубей. — Гэта не зусім той фармат тэрарызму, да якога мы прызвычаіліся. Гэта ваенна-палявыя, вайсковыя аперацыі. Дзяржавы Садружнасці (СНД), якія знаходзяцца ў Цэнтральна-Азіяцкім поясе, вельмі ўважліва зараз ставяцца да дзеянняў гэтай групоўкі, бо баявыя дзеянні вядуцца ў непасрэднай блізкасці ад іх паўднёвых межаў. Наш Антытэрарыстычны цэнтр таксама адсочвае дзейнасць гэтай арганізацыі: рыхтуе сур'ёзныя, важкія аналітычныя даведкі, якія накіроўвае дзяржавам. Гэтая праблема актыўна абмяркоўваецца і падчас кансультацый, якія Цэнтр праводзіць з партнёрамі ў органах бяспекі цэнтральна-азіяцкіх краін. Сёння гэта самая гарачая тэма.

Удзельнікі мінскай канферэнцыі пагаджаліся, што напрамую Беларусі дзейнасць «Ісламскай дзяржавы» не пагражае, але, разам з тым, капсульных тэрыторый бяспекі на нашай планеце ўжо практычна не засталося: глабалізацыя зрабіла сваю справу. І тое, што ў шэрагах «Ісламскай дзяржавы» ваююць сотні і тысячы еўрапейцаў, у тым ліку грамадзяне Расійскай Федэрацыі мусульманскага веравызнання, павялічвае рызыку прамога або ўскоснага ўключэння нашых грамадзян у дзейнасць ІДзІЛ, лічаць спецыялісты.

Разам з абмеркаваннем і дэманстрацыяй антытэрарыстычных дзеянняў з выкарыстаннем самалётаў, верталётаў, лодак, браніраванай і іншай спецыяльнай тэхнікі ўдзельнікі канферэнцыі асаблівую ўвагу надалі самым звычайным сродкам масавай камунікацыі і інфармацыі.

— Цяпер інфармацыйная вайна — актуальнае пытанне. Нават калі няма гарачых эпізодаў баявых дзеянняў, то інфармацыйная вайна вядзецца заўсёды, — заўважыла Марыяна Качубей. — Зараз яна знаходзіцца ў стадыі абвастрэння і не відаць перспектыў, каб напал зніжаўся. Таму мы выступаем за тое, каб нашы нацыянальныя законы былі гарманізаваны. Не хачу сказаць, што яны павінны быць аднолькавыя, бо як юрыст вельмі добра разумею: нацыянальна-дзяржаўная спецыфіка павінна захоўвацца. Але нашы крыніцы заканадаўства па гэтых пытаннях павінны стыкавацца адна з адной, каб мы маглі працаваць ва ўзаемна падобных інфармацыйных і прававых палях.

 

 

4-33

Юрысты падкрэсліваюць, што, на жаль, у нашы дні інфармацыйная вайна разгортваецца па лініі нацыянальна-этнічнага і нацыянальна-культурнага супрацьстаяння. У такім кантэксце правядзенне на тэрыторыі Беларусі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Партнёрства дзяржавы, грамадскага сектара і дзелавой супольнасці ў барацьбе з тэрарызмам» многія лічаць вельмі своечасовым. Нашай краіне ўдалося застацца адной з самых стабільных і бяспечных у гэтым плане на постсавецкай прасторы, нягледзячы на яе нацыянальную разнастайнасць і шматканфесійнасць. Беларусь мае каштоўны вопыт не толькі мірнага суіснавання, але і ўдалага спалучэння дзвюх культур — усходняй і заходняй.

4-35

Госці канферэнцыі пракаментавалі і праблему вярбоўкі ў экстрэмісцкія арганізацыі праз сацыяльныя сеткі. Напрыклад, калі праз старонку на рэсурсе «Аднакласнікі» грамадзянін Таджыкістана менш чым за год сумеў без асабістага кантакту завербаваць больш за 200 чалавек у тэрарыстычную арганізацыю «Джамраці Ансрулох», ён прыцягнуў увагу праваахоўнікаў розных краін. «Канешне, ніхто не збіраецца татальна кантраляваць сацыяльныя сеткі, закрываць іх, — сказала Марыяна Качубей. — Але трэба весці тлумачальную работу сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак пра тое, што гэта — рэчы вострыя з абодвух бакоў і дастаткова небяспечныя. У сацыяльных сетках на сваіх асабістых старонках людзі размяшчаюць такую інфармацыю пра сябе, якая з'яўляецца «полем шакаладу» для любога вярбоўшчыка ў экстрэмісцкія арганізацыі. Трэба тлумачыць, што «сетка» — гэта не зялёны лужок, а міннае поле. На жаль, сёння сацыяльныя сеткі, якія з'яўляюцца сродкам камунікацыі, атрымалі шчыльны цень — сталі месцам вярбоўкі ў экстрэмісцкія арганізацыі».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.