Вы тут

Каварны першы лёд


55-гадовы мужчына ў сярэдзіне дня ішоў дадому праз парк «Фестывальны», што ў Савецкім раёне Гомеля, калі пабачыў падлеткаў, якія каталіся па лёдзе невялікага возера.

З мастка закаханых пенсіянер убачыў, што адзін з хлапчукоў выбег на сярэдзіну возера і праваліўся. Ён адразу зразумеў сур'ёзнасць сітуацыі, бо глыбіня вадаёма тут каля двух метраў. Мужчына схапіў дошку і папоўз да юнака, які спужаўся і панічна хапаўся за тонкі беражок лёду, які абломваўся. Выратавальнік-добраахвотнік і сам праваліўся ў ваду, але ж паспеў выкінуць школьніка на лёд бліжэй да берага, да медыкаў і супрацоўнікаў МНС, якія ў гэты момант пад'ехалі на дапамогу.

4-40

У прэс-службе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС расказалі, што рыхтуюць дакументы на ўзнагароджанне гамяльчаніна Віктара Коўгара за смелы ўчынак. Як высветлілася, 13-гадовы юнак прыехаў у абласны цэнтр з расійскага горада Арол на экскурсію. Медыцынская дапамога турысту не спатрэбілася. Між тым таўшчыня лёду на возеры была не больш за 3 см. Выратавальнікі заклікаюць бацькоў нагадаць сваім дзецям пра небяспеку першага лёду і растлумачыць ім пра наступствы такіх гульняў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

За апошні тыдзень у Чэрыкаўскім і Бабруйскім раёнах Магілёўшчыны абарвалася жыццё трох рыбакоў.

Выратавальнікі на вадзе б'юць трывогу: не паспеў на вадаёмах утварыцца лёд, як рыбакі пачалі правяраць яго на трываласць. У Бабруйскім раёне падобная рызыка каштавала жыцця адразу 2 пенсіянерам. Яны паставілі рыбалавецкія снасці за 100 метраў ад берага, а калі адправіліся па здабычу, праваліліся пад лёд і самастойна выратавацца не змаглі. Каб дастаць загінулых з глыбіні 2 метраў, выратавальнікам прыйшлося рабіць спецыяльны насціл. Прыкладна па такім жа сцэнарыі адбылася трагедыя і на затоне ракі Сож у Чэрыкаўскім раёне, дзе загінуў 59-гадовы мужчына.

— Мы кожны раз нагадваем, што лёд таўшчынёю ў 3-4 сантыметры вельмі небяспечны. Але ёсць рыбакі, на якіх не дзейнічаюць ніякія ўгаворы, — абураецца вадалазны спецыяліст Магілёўскай абласной службы выратавання на водах Мікалай Гаўрыленка. — Нядаўна сам бачыў, як на тонкім лёдзе ў затоцы ракі Днепр па вуліцы Фаціна ў Магілёве сядзелі чалавек 10 з вудамі. Калі б пад адным з іх лёд трэснуў, не выратаваўся б ніхто. Навошта так рызыкаваць, не разумею.

Дарэчы, ратавальнікі папярэджваюць, што бяспечным з'яўляецца лёд, таўшчыня якога складае не менш за 7 сантыметраў. І асабліва важна нагадаць аб гэтым дзецям.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.