Вы тут

Не смецце, а ўгнаенне


У мінскіх парках і скверах больш не будуць прыбіраць апалае лісце. Пра гэта паведаміў учора старшыня камітэта прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Мінгарвыканкама Аляксандр БАРАВІКОЎ. Згодна з новым рашэннем, апалае лісце будуць зграбаць толькі за пяць метраў ад праезнай часткі, каб яно не перашкаджала руху аўтамабіляў і не забівала калодзежы ліўневай каналізацыі. Мяркуецца, што забарона на прыбіранне апалага лісця дапаможа не толькі захаваць экалагічны баланс, але і сэканоміць бюджэтныя сродкі.

Дарэчы, сёлета падобнае рашэнне было прынята ў Маскве, дзе таксама не прыбіраюць апалае лісце ў зялёных зонах. «Трэба разумець, што апалае лісце — гэта частка колазвароту рэчываў, — пракаментаваў дырэктар установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў» Яўген ЛАБАНАЎ. — Трапляючы ў глебу, яно ўтварае перагной, які служыць выдатным арганічным угнаеннем. Аднак у гарадскіх умовах ёсць свае нюансы. Збольшага апалае лісце можа быць забруджана цяжкімі металамі. «Гарадскі» перагной лепш не выкарыстоўваць як кампост для вырошчвання культур, але магчыма прымяніць у якасці дэкаратыўнага сродку. Убіраючы апалае лісце, людзі знішчаюць насякомых. Акрамя таго, апалае лісце стварае паветраную падушку пад снегам, дзе добра захоўваюцца насенне раслін, карані дрэў».

Кацярына РАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.