Вы тут

Шпаргалкі для эканомных,


альбо Хто падкажа, як паменшыць рахункі за энергаспажыванне?

Летась у Мінску пачаў працаваць першы ў краіне Грамадскі кансультацыйны цэнтр па пытаннях энергазберажэння і аднаўляльнай энергетыкі. Па словах кансультанта па рэсурса- і энергазберажэнні Цэнтра экалагічных рашэнняў (ЦЭР) Антона ГАХОВІЧА, самыя папулярныя пытанні ад насельніцтва, з якімі даводзіцца працаваць, — гэта ўцяпленне дома, аднаўляльныя крыніцы энергіі, выкарыстанне энергазберагальных і светадыёдных лямпачак. За год кансультацыі спецыялістаў атрымалі больш за тры тысячы чалавек. Антон Гаховіч адзначыў, што за час работы кансультацыйнага цэнтра былі падрыхтаваны спецыяльныя брашуры-«сцэнарыі» па ўладкаванні асвятлення, сонечных батарэй, зберажэнні вады, уцяпленні дома. Ёсць у спецыялістаў і ўнікальны ў сваім родзе стэнд «Цёплыя сцены», на якім можна самастойна, падбіраючы розныя матэрыялы, вызначыцца, чым лепш уцяпляць сцены. Такім чынам, попыт на паслугі энергакансультантаў у Беларусі ёсць, таму ў перспектыве ўстанова будзе развівацца далей: бліжэйшым часам плануецца павялічыць штат супрацоўнікаў цэнтра.

Як гэта — эканоміць экалагічна?
Дарэчы, беларускі кансультацыйны цэнтр зроблены на шведскі ўзор. Вядома, беларускія кансультанты, як і іх шведскія калегі, не займаюцца прасоўваннем канкрэтных брэндаў, а распавядаюць пра ўвесь існуючы асартымент энергазберагальных тэхналогій. Напрыклад, яны прапануюць замяняць грувасткія стацыянарныя камп'ютары на лёгкія і мабільныя нэттопы. Замест спажывання 100 Вт энергіі за гадзіну тыя «з'ядаюць» усяго толькі 8 Вт: так можна сэканоміць да 80 долараў за год. Дарэчы, у хуткім часе ў рамках праекта «Прасоўванне энергазберагальных тэхналогій і аднаўляльных крыніц энергіі на мясцовым узроўні» заменяць камп'ютары ў некаторых установах Пухавіцкага раёна.
Наступны крок — гэта замена асвятлення, як вулічнага, так і хатняга. Хаця энергазберагальнымі лямпачкамі ўжо нікога не здзівіш, трэба рухацца да больш эканомнага светадыёднага асвятлення. Прадаўцы гэтага тавару запэўніваюць: за адну лямпачку давядзецца аддаць ад 60 да 100 і больш тысяч, затое яна праслужыць вам дзесяць гадоў. Таксама беларусам варта задумацца над выкарыстаннем саломы ў якасці паліва. «Мы падлічылі, што ў Браслаўскім раёне застаецца больш за 10 тысяч тон нявыкарыстанай саломы — гэта ж колькі біяпаліва прападае», — адзначыў кіраўнік энергетычнай праграмы ЦЭР Дзмітрый БУРОНКІН. Атрымліваецца, што інструментаў для павышэння энергаэфектыўнасці многа, і іх трэба ўключаць у гарадское планаванне.
Ад лакальнага — да глабальнага
Чаму ўзнікаюць такія ініцыятывы, падобныя да грамадскага цэнтра па энергакансультаванні? Нагадаем, што дакладна вядома, калі скончацца нафта і газ, а таму падумаць пра энергазберажэнне трэба ўжо сёння. Палітыка Еўрасаюза па пытаннях энергазберажэння даволі жорсткая: да 2020 на 20% у суадносінах з 2010 годам павінны скараціцца спажыванне энергіі і зменшыцца выкіды CO2, а выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі мусіць павысіцца на 20%. Але што цікава: лёс гэтых лічбаў у большай ступені залежыць ад насельніцтва і мясцовых улад. Многія еўрапейскія гарады ўжо далучыліся да ініцыятывы «пагадненне мэраў» — бяруць на сябе добраахвотныя абавязацельствы па выкананні вышэйпералічаных патрабаванняў. Беларусь не адстае: далучыліся да «пагаднення» ўжо 10 гарадоў. Аднак і нам ёсць куды рухацца далей. Напрыклад, задае пазітыўны тон сталіца Даніі. Капенгаген хоча стаць кліматычна нейтральным горадам да 2025 года. Гэта значыць, доля выкідаў парніковых газаў у горадзе будзе нулявой. Дасягнуць такога паказчыка можна, калі перавесці энергетычную сістэму на аднаўляльныя крыніцы энергіі, вырашыць транспартнае пытанне. Дарэчы, сярод беларускіх гарадоў вялікія шанцы стаць кліматычна нейтральнымі маюць Браслаў і Мар'іна Горка: у іх ужо распрацаваны доўгатэрміновыя энергаэфектыўныя планы, якія ў хуткім часе пачнуць ажыццяўляцца. Але пачынаць можна і са звычайных жыхароў. Элементарнае пытанне «Як плаціць менш за электраэнергію?» можа змяніць стаўленне чалавека да глабальнай праблемы.

Кацярына РАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.