Вы тут

Зроблена ў Слуцку


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» №44 ___________________________________________________________________________

 

Выстаўка слуцкіх паясоў
з фондаў Нацыянальнага
музея ў Варшаве адкрылася
ў Нацыянальным мастацкім
музеі Рэспублікі Беларусь.

 

У межах экспазіцыі прадстаўлена шэсць паясоў, вырабленых Слуцкай мануфактурай: пяць з іх выканана ў перыяд, калі прадпрыемствам кіравалі Ян і Лявон Маджарскія (1767 — 1807), адзін пояс створаны пасля 1807 года.

Прадстаўленне гэтых каштоўных экспанатаў з фондаў польскага музея ў Беларусі — новы этап Дзяржаўнай праграмы адраджэння старадаўняга майстэрства ткацтва слуцкіх паясоў (раней у Нацыянальным мастацкім музеі краіны ўжо ладзіліся выстаўкі слуцкіх паясоў з фондаў музеяў Масквы і Вільнюса), а таксама новы крок культурнага супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы. Гэта адзначалі падчас урачыстага адкрыцця экспазіцыі намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея краіны Уладзімір Пракапцоў. Значнасць культурнага аспекта ў турыстычным супрацоўніцтве падкрэслілі намеснік міністра спорту і турызму Польшчы Катажына Саберайска і намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Чэслаў Шульга.

Зладзіць міжнародную выстаўку такіх надзвычай каштоўных прадметаў — задача няпростая, але дзякуючы падтрымцы Пасольства Польшчы ў Беларусі ўсё атрымалася. Больш за тое, можна сцвярджаць, што слуцкія паясы з фондаў Нацыянальнага музея ў Варшаве дапамогуць беларускім навукоўцам яшчэ глыбей вывучыць сам феномен слуцкіх паясоў.

Загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства Барыс Лазука зазначыў:

— Айчынныя навукоўцы раней ужо працавалі з калекцыяй слуцкіх паясоў, што захоўваецца ў Варшаве, аднак для рэпрадукавання выяў гэтых каштоўных прадметаў патрэбен быў адмысловы дазвол установы. Сёння мы маем магчымасць пабачыць некалькі паясоў на свае вочы. Важна, што яны практычна не былі ў карыстанні і захавалі свой першапачатковы колер, тон. Для нас гэта асабліва значна, бо цяпер ідзе размова пра выкананне высака-
якасных копій слуцкіх паясоў, іх рэканструкцыю. Думаю, варта аднаўляць пояс на момант яго выканання, з яркімі і сакавітымі фарбамі, адэкватны той гістарычнай сітуацыі, у якой ён быў створаны, часу, калі выкарыстоўваўся. Выстаўка спрыяе фарміраванню адпаведнага стаўлення грамадства да з’явы слуцкіх паясоў. Сюды прыйдуць мамы з дзецьмі, моладзь, вучоныя, спецыялісты ў іншых галінах, і веданне пра гэтыя прадметы стане часткай агульнай карціны культурнай сітуацыі, што надзвычай важна ў працэсе вяртання ў сучаснае жыццё помнікаў мастацкай, духоўнай культуры беларускага народа.

Міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне прадстаўлення музейных каштоўнасцей будзе працягвацца. Наступным крокам стане арганізацыя ў Мінску выстаўкі работ мастака Фердынанда Рушчыца, якія сёння знаходзяцца за межамі Беларусі.

Марына ВЕСЯЛУХА

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.