Вы тут

Жыццё, багатае на вершы і ўспаміны


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» №44 ___________________________________________________________________________

Максім Лужанін і Яўгенія Пфляўмбаўм

Жыццё Максіма Лужаніна (2 лістапада 1909 — 13 кастрычніка 2001) было багатым на падзеі, знаёмствы і кнігі. Яшчэ ў 1978 г. Уладзімір Гніламёдаў зазначыў, што пад аўтарствам М. Лужаніна пабачыла свет «больш паўсотні кніг». Варта спадзявацца, яны знаходзілі свайго чытача — «які радуецца пісьменніцкай усмешцы, падхоплівае ўпадабанае ўголас або цішком уцірае слязу».

Слуцкія настаўніцкія курсы, Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум, літаратурныя аб’яднанні «Маладняк» і «Узвышша», цягнік на поўнач, дзе канвойныя грукаюць «Эй вы, надземы, цішэй!»… Потым пасада галоўнага рэдактара кінастудыі «Беларусьфільм», сакратарская праца ў Якуба Коласа — М. Лужанін меў што прыгадаць, і яму пашчасціла з магчымасцю пачувацца ва ўспамінах вольным. Героямі яго эсэ часта былі людзі, «пра якіх ужо амаль няма каму ўспамянуць»: Юлі Таўбін і Змітрок Астапенка з «амсціслаўскай троіцы», Сяргей Дарожны, Паўлюк Трус, Уладзімір Жылка. Для кожнага ён знаходзіў добрае слова, азначаў характэрныя рысы ў знешнасці і паводзінах, тлумачыў творчыя прыхільнасці, згадваў жыццёвыя акалічнасці.

Сярэдзіна 20-х гадоў ХХ стагоддзя выдалася яркай і ўнікальнай: плюс-мінус дваццаць ды нават дзесяць гадоў, і атрымаецца зусім іншая эпоха. Час НЭПу — гэта дробныя крамкі, шыкоўныя рамізнікі, «цёртыя ў сэнсе элегантнасці і абыходлівасці» ўласнікі багатых магазінаў у «портачках з англійскага бастону». А побач —
галаднаватыя, але вясёлыя дзяўчаты і хлопцы ў «паўкажушках з саматугам вырабленых аўчын», якія рушаць у тэхнікумы ды ўніверсітэты. «Менш трывалыя і больш уражлівыя перажывалі, прымалі ў істу тую няроўнасць, ламаліся, кідаліся на недастойныя ўчынкі, гінулі. А ў тых, хто пісалі, прарываліся разгубленасць, цьмяныя і цёмныя фарбы…» — падагульняў М. Лужанін у эсэ пра Тодара Кляшторнага, згадваючы яго «ледзяныя гітары».

Многія творы Лужаніна, апублікаваныя ва «Узвышшы», таксама напісаны «цьмянымі фарбамі». Пагодзімся з У. Гніламёдавым: тагачаснай беларускай паэзіі «шкодзілі рамантычная адцягненасць, дэкларацыйная агульнасць, касмізм, «канструктывізм», уплывы...». З іншага боку, апяванне ўсяго паэтычнага, захапленне росамі, косамі, дыяментамі, сакраментамі з’яўлялася проста ад маладога жадання спяваць — і рэдка хто ў васямнаццаць-дваццаць гадоў прыходзіць да літаратуры з нейкай іншай нагоды. Проза М. Лужаніна гэтай пары «рытмізаваная, «лірызаваная», адметная суб’ектыўна-экспрэсіўным стылем». Напэўна, лепшы твор часу «Узвышша» — падарожжа «Случчына» (1929), дзе ёсць і іронія, і крытычны погляд на «правінцыйнае» савецкае жыццё, і замілаванне вясной, і нават лірычны абразок пра
каханне.

«У вёсцы выразна відаць новае. Нават як я памятаю, было інакш.

— Ну як ты жнеш? — гаворыць маці дач-
цэ. — Усе пальцы пазрэзвала! Дай я табе зраблю ілюстрацыю».

«Мушыная самакрытыка» і «на тры капейкі лірыкі» спалучаюцца ў гэтым творы даволі суладна, а да ўспамінаў пра ваколіцы Слуцка — Трайчаны, Востраў, Выгоду — М. Лужанін зноў звяртаецца ў 1987-м.

У аўтабіяграфічных эсэ пісьменнік не абмінаў увагай і аўтараў новага пакалення: Андрэя Макаёнка, Уладзіміра Караткевіча. Пры ўзнаўленні дыялогаў, запамінальных сітуацый М. Лужанін нібы адыходзіць убок, устрымліваецца ад суб’ектыўных
каментарыяў і перадачы ўласных эмоцый — бо ўспаміны не пра сябе, а пра іншых.

«Першая размова наконт сцэнарыя была ў нас з вока на вока. Гарачыліся, спрачаліся, а да паразумення не наблізіліся ні на крок.

— Добра! Вынесем на рэдкалегію. Паслухаем, што скажуць хлопцы.

Караткевіч не паверыў:

— А хіба ў вас рэдкалегія працуе не па камертону?»

На пытанне Караткевіча (а разам з ім —
і сённяшніх беларускіх літаратараў) Лужанін спакойна зазначае: «У далейшым Караткевіч меў магчымасць пераканацца, што загадзя нашым абмеркаванням «тон не задаваўся». Куляшоў і я выказвалі свае погляды на сцэнарыі, толькі выслухаўшы ўсіх на пасяджэннях. А тады ён пачаў бочыцца і ледзь-ледзь вітаўся».

Гэтаксама аб’ектыўна М. Лужанін імкнуўся пісаць пра Якуба Коласа ў аповесці-эсэ «Колас расказвае пра сябе». Народны пісьменнік добразычлівы, шчыры, уважлівы, стрыманы, пунктуальны, дасціпны, але часам і ўсхваляваны, абураны, кеплівы… Здараецца, надта ўжо горача ён цешыцца жыццёвым зменам, надта аддана абвяшчае, што «Беларус дружна галасаваў за Саветаў». Аднак на гэткія пасажы прыходзіцца шмат каштоўных успамінаў (Коласаўскіх і, зрэдку, уласных), шмат добрых думак, значных і сёння: «І дарэмна зусім вакол Купалы і Коласа робяць голае месца: яны, бачце, усю пару дарэвалюцыйную паднялі. Нас пара падняла. Калі гэтак насыпаць курганы заслуг, дык абавязкова побач яміну выкапаеш». Паўсотні кніг — значны след у беларускай літаратуры, але самым вядомым творам М. Лужаніна, напэўна, будзе менавіта гэта «класічная праца коласазнаўства».

…Чым далей, тым больш добрых вершаў прыпадае на кожнага беларуса. З’яўляюцца новыя аўтары, якія развіваюць і ўзбагача-
юць родную літаратуру, а напісанае застаецца — быў бы чытач! Многія творы М. Лужаніна, напісаныя ў 1930 — 1950-я гады, згодна з Л. Гарэлік, адметныя «ідэалагічнай запраграмаванасцю, патэтыкай, дэкларацыйнасцю». У выпадку гэтага аўтара «найбольш плённым для паэтычнага натхнення сталі 1970 — 1980-я гады», прычым адной з галоўных рыс Лужанінскай паэзіі даследчыкі называюць эпічнасць. Не ўсе творы адзначаны паэтычнай дасканаласцю, часам у рыфмаванай форме аўтар занатоўвае даволі будзённыя, прыземленыя думкі, прычым недакладныя рыфмы яго зусім не палохаюць.

Лепшыя вершы М. Лужаніна напісаны шчыра і прывабліваюць асаблівай чысцінёй уражання, звычайна яны прысвечаны каханню, сяброўству, прыродзе (зіме, буслам, грыбам). З замежных вандровак паэт часам прывозіў творы, вольныя ад з’едлівых дакораў у бок капіталізму ды буржуазіі:

І ў галярні на сцяне

Вельмі ветла прышпілілі:

«Дзякуй вам, што вы ў мяне

Не смяцілі, не курылі».

А садоўнікі мудрэй

Свой злажылі напамінак:

«Што карысна для людзей,

Непрыдатна для раслінак».

Пабудова сказаў, адметныя слоўцы ў вершах М. Лужаніна — па-сапраўднаму беларускія, і ў яго кнігах чуецца тая ўзорная «народная мова», да якой так часта апелявалі нашы пісьменнікі і мовазнаўцы. Справа не толькі ў больш правільным словаўтварэнні, але і ў тым, што «народная мова» свабодная, вобразная, менш рацыянальная, чым у сучаснага чалавека.

Ва ўспамінах пра Аркадзя Куляшова звяртае на сябе ўвагу шчырая супольнасць у творчай працы: пісьменнікі рэгулярна сустракаюцца, абмяркоўваюць напісанае, дзеляцца заўвагамі, чытаюць ужо новую рэдакцыю… Кожны сябар —
яшчэ і чытач, і рэдактар, і крытык, а творчасць — гэта сапраўдная праца з доўгім сядзеннем за сталом. Паводле Лужаніна, А. Куляшоў доўга працаваў над «Варшаўскім шляхам», над паэмай «Далёка да акіяну», а таксама «правіў і скарачаў бязлітасна, як сябе» пасмяротныя зборнікі Ю. Таўбіна ды З. Астапенкі. «Ці льга было дастасоўваць сваю меру патрабавальнасці, меру сталага і спелага паэта да іх, што так і не выйшлі з юнацкага ўзросту ў паэзіі», — пытаецца сам у сябе М. Лужанін. Ці не спрыялі супольныя абмеркаванні і рэдагаванні твораў пэўнай уніфікацыі стылю, выпрацоўцы сістэмы калектыўных норм і імператываў? — удакладнім сёння і мы, гартаючы зборнікі даволі падобных вершаў, напісаных, аднак, рознымі аўтарамі…

«Парадокс: паэзія патрабуе найвялікшай свабоды і лёгкасці і ў той жа час найстражэйшай дысцыпліны і дакладнасці», — зазначаў М. Лужанін у артыкуле «Майстэрства і немайстэрства». У яго кнігах нярэдка сустракаюцца ўзоры добрай паэзіі, а ўспаміны пісьменніка пра «Узвышша» і маладых паэтаў вельмі каштоўныя для разумення літаратурнай сітуацыі 1920-х гадоў.

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.