Вы тут

«Любоў народа нешта ж значыць…»


Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» №44 ___________________________________________________________________________

Дзесяць гадоў таму, 14 кастрычніка 2004 года, беларусы развіталіся з Іванам Шамякіным. Але сказаць, што яго не стала, нельга: пісьменніка не толькі памятаюць, але і чытаюць, што па сённяшнім часе — красамоўнае сведчанне любові.

Інтэрв’ю, якое мы прапануем вам, можна лічыць размовай адразу з дзвюма асобамі: з дачкой вядомага пісьменніка і ў той жа час — з навукоўцам, доктарам філалагічных навук, прафесарам, крытыкам, публіцыстам і эсэістам Таццянай Шамякінай. Спалучэнне поглядаў старонняга і блізкага — што можа быць цікавей?

— Падаецца, дома Іван Пятровіч з’яўляўся рэдка, а калі з’яўляўся, то замыкаўся ў кабінеце за працай. Ці так гэта? Ці заўжды Вам ставала бацькоўскай увагі?

— Тата, безумоўна, вельмі многа працаваў і ў Саюзе пісьменнікаў, і на грамадскай рабоце: як дэпутат Вярхоўнага Савета, як старшыня Камітэта абароны міру. Шмат гадоў ён быў намеснікам старшыні і першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі — усяго аддаў Саюзу двац-
цаць шэсць гадоў жыцця, ніколі пра тое не пашкадаваўшы. Займаўся непасрэдна вытворчымі пытаннямі, усёй руціннай працай. Але гэта дазваляла значна палегчыць лёс і быт пісьменнікаў. Бацька хадзіў да чыноўнікаў «выбіваць» кватэры і вельмі ганарыўся ў канцы жыцця, што палепшыў жыллёвыя ўмовы прыкладна 200 пісьменнікам. Шмат зрабіў Шамякін для выдання твораў беларускіх аўтараў у Расіі, для атрымання калегамі ўзнагарод, званняў і г. д. Сёння нават цяжка ахапіць маштаб зробленага ім. Але гэтак жа цяжка сучаснаму пакаленню, у тым ліку маладым пісьменнікам, уявіць матывы яго дзейнасці. Гэта быў чалавек абсалютна шчыры ідэйна. Больш такіх — унутрана ідэйных — мне ў сваім жыцці бачыць не давялося.

Ён лічыў, што савецкая ўлада зрабіла з яго творцу, а таму ён абавязаны, маючы талент, як мага болей гэтай уладзе аддаваць —
у выглядзе дапамогі іншым лю-
дзям. Тое, што з усіх вядомых пісьменнікаў Беларусі ён найбольш напісаў пра сваіх калег — каб іх памяталі, — думаю, добра яго характарызуе.

Тым не менш ён шмат увагі надаваў сям’і. Мне ўжо прыходзілася пісаць пра выключную ўдзячнасць бацькам, якія павазілі нас па Савецкім Саюзе, па суседніх рэспубліках. Ездзілі ўсюды на машыне — бацька яшчэ ў пачатку 1950-х гадоў купіў «Победу». Нядрэнна вадзіў. З усіх сваіх камандзіровак прывозіў дзецям адмысловыя падарункі.

Нават у горадзе, дзе меў фенаменальную колькасць абавязкаў, тата дарыў нам свой час. Акрамя таго, у нас дома быў звычай — снедаць, абедаць, вячэраць абавязкова ўсёй сям’ёй, за адным сталом, за якім заўсёды вяліся цікавыя гутаркі. А поўнасцю ў нашым распараджэнні бацька быў у любімай вёсцы Церусе на Гомельшчыне (на радзіме мамы), куды мы ездзілі кожнае лета.

— Сённяшнія прыхільнікі творчасці Івана Шамякіна (перадусім моладзь) цікавяцца: якую літаратуру Іван Пятровіч абіраў для Вас, ці займаўся Вашай адукацыяй?

— З замілаваннем думаю сёння, што выбарам асноўнай сваёй дысцыпліны, якую з задавальненнем чытаю на філфаку ўжо
30 гадоў — гісторыі сусветнай культуры, — я абавязаная бацьку: ён збіраў мастацкія альбомы, буклеты, паштоўкі, а я любіла іх разглядаць, міжволі запамінаючы шэдэўры мастацтва. Сапраўднае веданне культуры — гэта веданне, набытае менавіта такім шляхам, літаральна з ранняга дзяцінства, сабранае па крупінках.

Тата любіў мне чытаць дзіцячыя кнігі, якія прывозіў у асноўным з Масквы, купляючы ў «Кнігарні пісьменніка» самыя цікавыя, рэдкія выданні. А колькі падпісак аформіў — уся прыгодніцкая, фантастычная літаратура: «Библиотека приключений», зборы твораў Майна Рыда ў 6 тамах, Купера ў 6 тамах, Стывенсана ў 5 тамах, Жуля Верна ў 12 тамах, Джэка Лондана ў 13 тамах, Вальтэра Скота ў 20 тамах. Я, як і ён, лічу, што любы падлетак павінен прайсці стадыю захаплення такога кшталту літаратурай.

Выдатна памятаю, як адным зімнім вечарам бацька чытаў мне, шасцігадовай, «Новую зямлю» Я. Коласа, урачыста гэта абставіўшы. А падзея ж стала знакавай — студэнткай, дацэнтам, прафесарам я шмат займалася і працягваю займацца творчасцю Я. Коласа, палюбіўшы яе на ўсё жыццё.

Дадам пра кола чытання. Паколькі па службовых справах менавіта Шамякін найчасцей ездзіў у Маскву, то прывозіў ён літаральна чамаданы кніг, не толькі дзіцячых, а і вельмі рэдкіх, якіх у Мінску нават у бібліятэках не было. У выніку ўжо да 1960-х гадоў у нас склалася ўнікальная бібліятэка. Толькі пра яе захаванне бацька не клапаціўся — раздаваў сябрам направа і налева. Ніводнай кнігі ніхто ніколі нам не вярнуў. Цяперашнім часам уздыхну па некаторых, але і сама я заўсёды раздавала кнігі, і мае дзеці.

— Што ў вольны час чытаў сам Іван Пятровіч, каго з калегаў
найбольш любіў? І які ваш любімы твор Івана Шамякіна?

— У розныя гады Шамякін любіў розныя жанры. Усё ж найбольш — рэалістычныя творы. Абавязкова чытаў сваіх калег, а пра многіх з іх такога сказаць не магу — не цікавіліся творчасцю іншых. Магчыма, на ацэнкі Шамякіна ўплывалі яго сяброўскія адносіны з многімі пісьменнікамі. Але, скажам, з Аркадзем Куляшовым яны асаблівымі сябрамі не былі (хутчэй прыяцелямі), а яго паэзію бацька вельмі цаніў. Надзвычай любіў Максіма Танка —
і як асобу, і як паэта. Выключна высока ставіў прозу І. Мележа (а як пра яго цудоўна напісаў!) і Я. Брыля. У пачатку 2000-х гадоў з беларускіх класікаў засталіся фактычна Шамякін і Брыль (Васіль Быкаў заўсёды трымаўся асобна ад сваіх калег), і яны вельмі кранальна, клапатліва ставіліся адзін да аднаго, пра што мала хто ведае.

Мой любімы твор у Івана Шамякіна — «Трывожнае шчасце». І тут са мною салідарныя вельмі многія чытачы.

— Ці пісаў Іван Пятровіч казкі, вершыкі адмыслова для Вас?

— Спецыяльна для мяне — не, не пісаў: нас, дзяцей, было чацвёра. А вось для ўнука Іваначкі-малодшага, сына маёй сястры Алесі, ён, бадай, пісаў спецыяльна — ужо ў канцы жыцця. Склалася кранальная кніга «Промні маленства». Для маленькага Івана гэта стала своеасаблівым стымулам паспрабаваць сябе ў прозе навелістычнага тыпу — друкаваўся ў «Вясёлцы». Я некалі пісала ў «ЛіМе» пра дзіцячую творчасць — вось яшчэ адзін прыклад.

— Шамякін трапіў у войска ў дзевятнаццаць гадоў — акурат у 1940 годзе і прайшоў усю вайну, дэмабілізаваўшыся ў 1946-м. Як у сям’і гаварылася пра вайну — ці не гаварылася?

— Абавязкова гаварылася, але не ў выглядзе разгорнутых аповедаў, а як надарыцца момант —
цікавымі згадкамі, асобнымі дэталямі, напрыклад, я любіла слухаць пра аленя, прыручанага на бацькавай батарэі. Акрамя таго, да нас амаль кожны дзень прыходзілі госці — сябры і калегі Шамякіна. Усе яны былі ветэранамі і любілі ўспамінаць пра ваенныя падзеі. Я рабіла ўрокі ў пакоі праз сценку ад бацькавага кабінета і ўсё чула. І, зноў-такі, нічога ў гэтым жыцці не прападае дарма. Добрае ўяўленне пра бацькавы ваенныя гады спрыяла мне, калі я пісала пасляслоўі да некаторых яго раманаў («Трывожнае шчасце», «Зеніт») для Збору твораў у 23-х тамах, выданне якога заканч-
ваецца ў гэтым годзе.

— Вы абралі навуковы шлях адразу, ці, можа быць, марылі і пра пісьменніцтва, беручы прыклад з бацькі?

— Калі я вучылася ў школе, мае сачыненні (а іх тады пісалі ледзь не кожны тыдзень), заўсёды былі лепшымі: іх чыталі ў класе, адпраўлялі на розныя конкурсы. Бацька ў сваім дзённіку «Два месяцы ў Нью-Ёрку» (1964 г.) пісаў, што мае лісты да яго, у параўнанні з лістамі іншых родзічаў, найбольш цікавыя, і выказваў спа-
дзяванні пра мой будучы пісьменніцкі лёс. Адразу скажу, што я ўсё ж не толькі літаратуразнаўца-
навуковец — ёсць вялікая колькасць перакладаў, у тым ліку больш за дзесяць вялікіх твораў Шамякіна, выдадзеных у Расіі. Сабралася ўжо і шматлікая публіцыстыка, эсэ. Найбольш падабаецца пісаць менавіта эсэ, у якіх спалучаюцца і навуковыя звесткі, і мемуарныя сведчанні, і разважанні, і публіцыстычны пафас. Усяго ў мяне больш за 400 прац розных жанраў. Але здольнасці ствараць мастацкія творы няма абсалютна. Затое здзіўляе і захапляе сапраўдны мастацкі талент маёй дачкі Марыі. Прытым ён абсалютна адрозніваецца ад характару таленту дзядулі.

— З якімі замежнымі пісьмен-
нікамі вы маглі б параўнаць свайго бацьку? І што вылучае Івана Пятровіча сярод пісьменнікаў беларускіх?

— Цікавае пытанне. Падумаю... Па лёгкай манеры аповеду і прыхаванай іроніі, мяркую, яго можна параўнаць з Грэмам Грынам, пры гэтым, безумоўна, варта абстрагавацца ад сапраўднай прафесіі і звычак англійскага аўтара — ні шпіёнам, ні распуснікам, як Грын, Шамякін не быў (смяецца). Наадварот, прытрымліваўся выключна кансерватыўных сялянскіх каштоўнасцей. Я думаю, што на ваенныя творы Шамякіна вялікі ўплыў аказаў Канстанцін Сіманаў: усё ж
менавіта сіманаўская трылогія «Жывыя і мёртвыя» вытрымала праверку часам і з’яўляецца лепшай у савецкай літаратуры эпапеяй пра ваенныя падзеі. Шамякін добра ведаў К. Сіманава, які аднойчы быў у нас дома, так што пісьменніка выдатна памятаю і я.

Сярод беларускіх аўтараў Шамякіна вылучае клопат выключна пра свайго чытача, а не пра крытыкаў: што яны пра яго напішуць, якія новыя прыёмы знойдуць. Між іншым піяр і ў савецкі час існаваў, толькі меў іншыя формы. Нельга аспрэчваць, што некаторыя аўтары «раскручваліся» на поўную сілу, а іншых замоўчвалі. Праўда, прадстаўнікі старэйшага, сярэдняга пакалення чытачоў і сёння нязменна называюць сярод любімых пісьменнікаў Івана Шамякіна. Любоў народа нешта ж значыць...

— Які з яго твораў вы лічыце найбольш сучасным, найбольш адпаведным 2010-м гадам?

Па важнасці пастаўленых праблем, па эмацыйным напаўненні, па аўтарскім пафасе на першае месца я паставіла б раман «Вазьму твой боль». Твор пра тое, як савецкія людзі, столькі нядаўна перажыўшыя, пачалі ў добрыя, мірныя часы рабіцца эгаістамі. Няхай бы сучасныя чытачы задумаліся пра тое, да чаго прыводзіць непраціўленне злу — асабліва на фоне сучасных палітычных і ваенных падзей. Нязменна актуальным застаецца і раман «Злая зорка» — фактычна адзіны ў беларускай літаратуры буйны твор пра трагедыю Чарнобыля. Ён тым больш каштоўны, што Шамякін — непасрэдны сведка наступстваў аварыі: неўзабаве пасля катастрофы ён шмат разоў ездзіў на Гомельшчыну — гэта ж яго родныя мясціны, сустракаўся з людзьмі, якія непасрэдна сутыкнуліся з бядой, сам страшна перажываў.

— Як за гэтыя дзесяць гадоў змянілася стаўленне да творчасці Івана Шамякіна і ўласна да асобы пісьменніка?

— Мы, родзічы І. Шамякіна, вельмі ўдзячныя ўладам за ўвагу і павагу да бацькі: яго імем названая вуліца ў Мінску, універсітэт у Мазыры, за кошт дзяржавы пабудаваны помнік на магіле, выдаецца Збор твораў у 23 тамах.
З боку СМІ ўвага, безумоўна, недастатковая. У дзень 10-годдзя з дня смерці яго калегі, пісьменнікі з Саюза пісьменнікаў Беларусі, прыехалі на могілкі, былі таксама і мае кафедральцы. Але ні адно выданне не адгукнулася. Выдатнейшыя словы пра Шамякіна, выказаныя Алесем Бадаком на сустрэчы Прэзідэнта з пісьменнікамі 19 кастрычніка, прывёў толькі адзін канал — СТБ. Прадстаўленне літаратуры на тэлебачанні — вельмі балючая тэма.

Нельга зніжаць маральную планку ў ацэнцы ідэалагічных, мастацкіх з’яў: усе нашыя няшчасці — ад занядбання этычнага імператыву. Нельга рабіць святымі і, адпаведна, рэкламаваць творцаў, якія непрыстойна паводзілі сябе — у адносінах да народа, да ветэранаў, да калег — у «ліхія» 1990-я гады. Усё ж пісьменнік павінен быць маральным узорам для народа. Найперш пісьменнік! Іван Шамякін адпавядае самым высокім маральна-этычным патрабаванням.

Гутарыла Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.