Вы тут

Да пятніцы — цёпла і дождж


А замаразкі і мокры снег сіноптыкі абяцаюць у выхадныя

У аўторак на тэрыторыю нашай краіны па-ранейшаму працягне паступаць вільготная і цёплая паветраная маса з боку паўднёвага захаду Еўропы. Таму ў асобных раёнах пройдуць невялікія дажджы, паведаміла спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава.

Месцамі чакаецца туман, а максімальная тэмпература ўдзень будзе вагацца ад 5 цяпла на ўсходзе да плюс 14 градусаў па паўднёвым захадзе краіны. У сераду і чацвер характар надвор'я істотна не зменіцца, але будзе ўжо не так цёпла. Месцамі чакаюцца невялікі дождж і слабы туман. Тэмпература паветра ўначы ад 0 да 7 цяпла, пры праясненнях на ўсходзе — да мінус 3 градусаў. Удзень 12 і 13 лістапада тэмпература паветра складзе 3–9 цяпла, а ў Брэсцкай вобласці да плюс 10–11 градусаў. І ў пятніцу ў асобных раёнах чакаюцца невялікія дажджы і месцамі туман. Раніцай магчымы слабы галалёд.

Паводле доўгатэрміновых прагнозаў айчынных спецыялістаў, зменіцца характар надвор'я на выхадныя, калі тэрыторыя Беларусі трапіць на ўскраіну халоднага антыцыклону. Тады месцамі чакаюцца кароткачасовыя ападкі (дождж і мокры снег), туман і слабы галалёд. Стане халадней. Уначы будзе ўжо ад мінус 3 да плюс 4 градусаў. Удзень стане ад мінус 2 да плюс 5 градусаў, па Гомельскай вобласці — да 7 цяпла.

***

Спецыялісты Белгідраметцэнтра адзначылі 7 лістапада шэраг новых тэмпературных рэкордаў за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў у гэты дзень. Некалькі рэкордаў у гэты святочны дзень прыпадае на Брэсцкую вобласць (у Драгічыне сіноптыкі зафіксавалі паказанні тэрмометраў на адзнацы 20,5 градуса вышэй за нуль, у Івацэвічах — плюс 19,3, у Пружанах — плюс 18,5).

Новыя тэмпературныя рэкорды дня ўстаноўлены ў Брэсце — плюс 18,3 градуса, а таксама ў Гродне, дзе было 14 градусаў вышэй за нуль, Магілёве — плюс 11,8 і Мінску — плюс 14,6.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.