Вы тут

Нам і не снілася


Мінімальны «цэннік» здымных катэджаў нерухомасці пачынаецца з тысячы долараў за месяц

Бадай кожны салідны гаспадар у свой час марыў пра ўласную сядзібу ці нават шыкоўны катэдж на беразе цёплага мора. З морам у Беларусі «цяжкавата», ды і купіць-пабудаваць дыхтоўны элітны дом пад Мінскам могуць далёка не ўсе: дорага і складана. Аднак для мабільных людзей з салідным і пастаянным прыбыткам вырашэннем падобнай праблемы можа стаць доўгатэрміновая арэнда катэджаў у прыгараднай зоне сталіцы.

Што цяпер прапануецца на рынку і чаго не хапае? Што карыстаецца попытам і па якіх цэнах? На што варта звярнуць увагу ўласнікам і будучым «кватарантам»? На гэтыя і падобныя пытанні мы паспрабавалі адказаць разам з экспертам рынку арэнды жылля Мінска, намеснікам дырэктара па арэндзе жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Наталляй Радзеняй.

Без хаатычнага попыту

Спачатку пастараемся высветліць апошнія тэндэнцыі, якія назіраюцца ў сферы арэнды загараднага жылля. Як змяніліся попыт і прапанова за апошнія некалькі гадоў? Спецыялісты адзначаюць, што цікавасць да катэджаў на працяглы тэрмін заўсёды ёсць, і даволі стабільная. У адрозненне ад кароткатэрміновай арэнды катэджаў, тут увогуле адсутнічае ўплыў сезоннасці на гэты від здымнага жылля. Але важна разумець, што, як і элітнае жыллё, доўгатэрміновая арэнда катэджаў — дастаткова вузкі сегмент рынку. На іх няма хаатычнага попыту, але пры аб'ектыўнай ацэнцы кошту арэнды катэджа гаспадаром ён заўсёды знойдзе свайго арандатара.

Галоўнай прыкметай доўгатэрміновай і кароткатэрміновай арэнды, вядома ж, выступае яе тэрмін. У нашым выпадку ён, як правіла, складае ад аднаго года. А вось ужо максімальная планка такога тэрміну можа адрознівацца ў залежнасці ад патрабаванняў і «апетытаў» арандатара. Здымнае жыллё такога класа мае свайго спецыфічнага кліента. Калі арандаваць катэдж, напрыклад, на выхадныя, святочныя дні ці на час адпачынку могуць сабе дазволіць многія, то здымаць катэдж на працяглы тэрмін пад сілу не кожнаму. Таму ў якасці патэнцыйных арандатараў катэджаў на працяглы тэрмін, як правіла, выступаюць кіраўнікі дыпламатычных пасольстваў, прадстаўніцтваў замежных фірмаў і айчынная бізнес-эліта: банкіры, топ-менеджары і кіраўніцтва буйных фірмаў.

Галоўнае — якасць, а не «прапіска»

Нашых чытачоў заўсёды цікавіла месцазнаходжанне падобных аб'ектаў. І сапраўды, дзе прапануецца большасць катэджаў у арэнду — непасрэдна ў галоўным горадзе краіны або за межамі МКАД? Ці можна назваць іх прыкладныя суадносіны? Як адрозніваецца іх якасць у залежнасці ад месцазнаходжання?

Спецыялісты канстатуюць, што катэджы ў доўгатэрміновую арэнду прапануюцца як у межах Мінска, так і за МКАД. Па суадносінах нельга адзначыць нават прыкладна, бо іх колькасная і якасная структура залежыць ад прапановы ў канкрэтны перыяд на рынку. Але ў любым выпадку выбар заўсёды ёсць — і па якасці, і па месцазнаходжанні. Яшчэ не было выпадку, каб рыэлтары не змаглі падабраць патрэбны варыянт.

Унутры МКАД прапануюцца катэджы пераважна ў раёне вадасховішча «Дразды», Нацыянальнай бібліятэкі і каля Цнянкі. За межамі кальцавой аўтадарогі можна вылучыць такія населеныя пункты, як Валяр'янава, Тарасава, Драздова, Бараўляны і, вядома ж, Раўбічы. Што тычыцца цэнавай градацыі, то вялікага адрознення паміж аб'ектамі, размешчанымі ў межах Мінска і за МКАД, няма. Кошт шмат у чым залежыць ад мноства фактараў «элітарнасці» падобнага жылля.

Ад 1 да 10 тысяч долараў

У залежнасці ад месячнага кошту арэнды, які ў апошнія некалькі гадоў застаецца нязменным, усю рынкавую прапанову можна падзяліць на чатыры цэнавыя групы.

Амаль пад «бюджэтны» варыянт можна аднесці прыватнае жыллё коштам ад адной да 2,5 тысячы долараў. Тут прапанова на рынку мінімальная, бо пад яе падыходзяць у асноўным дамы малога метражу, дзе ў наяўнасці толькі самае неабходнае з мэблі і бытавой тэхнікі.

У дыяпазоне ад 2,5 да 4 тысяч долараў — прапаноў трохі больш, але ўсё ж попыт працягвае перавышаць прапанову. Дамы здаюцца ў арэнду з усёй неабходнай мэбляй, бытавой тэхнікай і, як правіла, маюць бонусы — більярдную залу, лазню і гараж.

Самай масавай групай здымных катэджаў будуць аб'екты з цэннікам арэнды ад 4 да 5,5 тысячы долараў. Здымнае жыллё гэтага класа характарызуецца балансам попыту і прапановы, пры гэтым аб'ём прапановы пастаянна павялічваецца. Аб'екты падобнай цэнавай групы з'яўляюцца цяпер найбольш запатрабаванымі на рынку па прычыне іх збалансаванасці па крытэрыях «кошт-якасць». У гэтай групе «ўпакаванасць» катэджа саўнай, басейнам ці трэнажорнай залай ужо нікога не здзіўляе. Апошняй і вельмі вузкай прапановай элітнай нерухомасці будуць здымныя апартаменты коштам ад 5,5 да 10 тысяч долараў. Яны разлічаны выключна на «асаблівых» арандатараў, у якіх павышаныя патрабаванні да камфорту. Але нават і ў гэтым выпадку часам попыт перавышае прапанову. Катэджы гэтай цэнавай групы могуць прыцягнуць арандатара наяўнасцю ўласнага SPA-цэнтра, стылізаваным вінным склепам і нават аўтамыйкай. У дачыненні да такіх аб'ектаў можна смела казаць, што «ўсе ўключана».

11-22

Як плаціць і за што

Нейкіх асаблівых адрозненняў па заключэнні дагавора, аплаце арэндных плацяжоў і г. д. ад арэнды кватэр у катэджаў няма. Пры заключэнні дагавора арэнды новы жыхар плаціць за месяц наперад і пакідае гаспадару нерухомасці ў якасці забеспячальнага плацяжу суму, роўную 1-2 месяцам арэнды. На гэты конт спадарыня Радзеня звярнула ўвагу на тое, што вышэйзгаданая закладная сума не з'яўляецца платай за апошнія некалькі месяцаў арэнды. Яна выступае ў якасці забеспячэння абавязацельстваў па дагаворы. У выпадку скасавання дагавора арэндадаўца абавязуецца вярнуць кліенту забеспячальны плацеж за вылікам запазычанасці па арэндзе (у тым ліку па кампенсацыі шкоды), калі такая ёсць. Існуюць варыянты паквартальнай авансавай аплаты арэнды, а некаторыя арандатары і ўвогуле прапануюць заплаціць за год наперад. Але ў любым выпадку абавязковай умовай пры падпісанні дагавора арэнды застаецца ўнясенне сумы забеспячальнага плацяжу.

Камунальныя плацяжы могуць спаганяцца асобна ці адразу ўключаюцца ў арэндную плату — усё залежыць ад кошту арэнды і таго, на якіх умовах будзе заключаны дагавор арандатарам з гаспадаром нерухомасці. І, вядома ж, афармляюцца перадаткавыя акты на мэблю і ўсё, што знаходзіцца ў катэджы. Інакш без іх арандатару будзе вельмі складана што-небудзь даказаць пры ўзнікненні спрэчных сітуацый.

Вялікая «прастора» сур'ёзна не ацэньваецца

— Наколькі для арандатараў прынцыповы памер зямельнага ўчастка, на якім размяшчаецца катэдж? І які ў гэтым плане ёсць выбар?

— Плошчы ўчасткаў у кожным выпадку розныя. Для катэджаў з мінскай «прапіскай» характэрныя ўчасткі малой плошчы — да 6-10 сотак. За межамі МКАД плошча ўчастка можа даходзіць да 50 сотак, а ў некаторых выпадках і больш, — расказвае наш эксперт. — Але ў любым выпадку, з улікам таго, што ў абсалютнай большасці катэджаў прылеглая тэрыторыя абгароджана і акультурана, абсталявана альтанкамі, зонамі для барбекю, а часам і дзіцячымі пляцоўкамі, то прынцыповага значэння плошча ўчастка для арандатараў не мае. На жаль, і да пладовых дрэў, і да цэлага саду на ўчастку стаўленне ў кліентаў нярэдка вельмі абыякавае.

У суседзяў створаны «даходныя» вёскі

Калі казаць пра такія гарады, як Масква, Санкт-Пецярбург і іх прыгарады, то яшчэ некалькі гадоў таму ў іх актыўна пачаў развівацца новы кірунак па будаўніцтве цэлых арэндных катэджных пасёлкаў, або так званых «даходных» вёсак. Такія пасёлкі запатрабаваны як расійскай бізнес-элітай, так і вялікімі замежнымі карпарацыямі, якія жадаюць там размясціць для пражывання ўвесь свой персанал. І таму ў такіх пасёлках ёсць свае крамы, аб'екты бытавога абслугоўвання, фітнес-цэнтры, аб'екты грамадскага харчавання рознага класа якасці і іншая інфраструктура. Каб арандаваць катэдж у такім пасёлку, трэба прайсці праверку мясцовай службы бяспекі, а часам і пачакаць сваёй чаргі.

Ва Украіне, па меншай меры ў Кіеве і яго наваколлі, падобныя пасёлкі таксама пачыналі зараджацца, але цяпер іх далейшае развіццё спынілася.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.